Добры вечар! Чаго баяліся, тое, відаць, і наступае. Лукашэнка захацеў стаць «нацыяналістам». Ён выказаў гатоўнасьць арганізаваць Эўрапейскія гульні 2019 у Беларусі і сказаў, што як арганізатар спартовых захадаў ён адчувае сябе «нацыяналістам і патрыётам».
ФЭЛЬЧАРУ ДАЛІ ТРЫ ГАДЫ КАЛЁНІІ ЗА СЬМЕРЦЬ ВЯЗЬНЯ. У Маскоўскім раённым судзе Менску вынесьлі прысуд па справе памерлага на «Валадарцы» вязьня Ігара Пцічкіна. Фэльчар СІЗА № 1 Аляксандр Крылоў, якога прызналі вінаватым ў неналежным выкананьні службовых абавязкаў, што спрычынілася да сьмерці Пцічкіна, асуджаны на тры гады калёніі-пасяленьня. Яму таксама забаранілі пяць гадоў займаць пасады ў мэдычных установах.
СТАТКЕВІЧУ ЗЬНЯСУЦЬ ДОМ. У менскім мікрараёне Лошыца ўлады заплянавалі разбурыць дом, у якім пасьля вызваленьня з турмы жыве Мікола Статкевіч з Марынай Адамовіч. Палітык кажа, што гэта новая форма ціску на яго за актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць. Празь нявыплачаныя штрафы, накладзеныя на палітыка за вулічныя акцыі пратэсту, Міколу Статкевіча пазбавілі правоў на кіраваньне аўтамабілем, заблякавалі нумар мабільнага тэлефону, вылічваюць палову вайсковай пэнсіі. «У гэтай улады лягерная сьвядомасьць — пазбавіць чалавека ўсяго, што ёсьць для яго добрым» – сказаў нам спадар Статкевіч.
ШЧУРУ НЕАХВОТА ВЯРТАЦЦА. Макс Шчур, ляўрэат сёлетняй прэміі Гедройця за раман «Завяршыць гешталт», сказаў нашаму калегу Віталю Цыганкову, што ён наўрад ці вернецца ў Беларусь з эміграцыі, у якой пражывае амаль 20 гадоў. «Калі я назіраю за тым, што адбываецца ў нас, што пішуць людзі, што і як кажуць у інтэрнэце, што абмяркоўваюць — калі я гляджу на ўсё гэта, у мяне досыць мала жаданьня вяртацца ў Беларусь» – адзначыў пісьменьнік.
У СМАЛЯВІЧАХ ВЯРТАЮЦЬ У ЖЫЦЬЦЁ. Адбываюцца гэткія цуды ў хрысьціянскім рэабілітацыйным цэнтры «Вяртаньне», у якім лечаць працай на карысьць грамадзтва наркаманаў, алькаголікаў і людзей з судзімасьцю. ««Чалавек прыходзіць сюды навучыцца жыць па-новаму, а таксама вызваліцца ад звычак, якія кантралююць ягонае жыцьцё. Перадусім чалавек павінен усьвядоміць, што ўсё, да чаго ён дайшоў — да наркотыкаў, алькаголю — гэта наступствы ягонага бязладнага жыцьця» – сказаў нам Аляксандар, які вярнуўся ў жыцьцё ў цэнтры «Вяртаньне» і цяпер ім кіруе.