Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская журналістка-фрылансэр зьвярнулася ў камітэт ААН па правах чалавека


Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

Гомельская журналістка-фрылансэр, намесьніца старшыні мясцовай філіі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Ларыса Шчыракова накіравала скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека — з прычыны парушэньня яе права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі.

«У Беларусі для мяне ўжо няма абароны па так званых „белсатаўскіх справах“. Нават калі мае відэасюжэты з сацыяльных сетак і не зьяўляюцца на тэлеканале „Белсат“, мяне ўсё адно праз суд штрафуюць. Днямі атрымала ліст на наглядную скаргу ад намесьніка генэральнага пракурора Беларусі Аляксандара Лашына. Ён піша, што мае „неправамерныя дзеяньні паводле ч.2, артыкула 22.9 КаАП кваліфікаваныя правільна“. Таму й зьвярнулася ў Камітэт па правах чалавека».

Сёлета ў студзені судзьдзя Гомельскага раёну Аляксандар Лісоўскі аштрафаваў Шчыракову на 462 рублі за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі — за відэасюжэт пад назвай «Падтрымка дзяцей-сірот на іх шляху да дарослага жыцьця», зьняты ў пасёлку Ўрыцкае.

15 красавіка судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Аляксандар Піскуноў пакараў Шчыракову буйным штрафам за рэпартаж пра ўцекачоў, зьняты ў рэгіянальным аддзяленьні Чырвонага Крыжа. Абскарджваньне штрафаў у вышэйшых судовых інстанцыях вынікаў ня мела.

Гомельскі праваабаронца й пазаштатны юрыст ГА «БАЖ» Леанід Судаленка, які дапамагае ахвярам парушэньняў зьвяртацца ў міжнародныя структуры, адзначае: адміністрацыйныя справы супраць журналісткі-фрылансэра Ларысы Шчыраковай, і ня толькі яе, выявілі шэраг супярэчнасьцяў паміж нацыянальным заканадаўствам і «Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах», які падпісала Беларусь.

«Міжнародны пакт, як і Канстытуцыя Беларусі, гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Зь іншага боку, нацыянальны закон аб СМІ празьмерна абмяжоўвае саму сутнасьць гэтага права. Упэўнены, што ў справе Ларысы Шчыраковай будуць устаноўленыя названыя парушэньні правоў журналістаў», — лічыць юрыст Судаленка.

Апрача Шчыраковай, сёлета на Гомельшчыне суды ня раз штрафавалі й іншых фрылансэраў, у прыватнасьці Кастуся Жукоўскага і Аляксея Атрошчанку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG