Добры вечар! Амэрыканцы зьмерылі ўзровень спачувальнасьці розных нацый і выявілі, што найменш спагады для іншых маюць народы Сярэдняй Эўропы, калі глянуць на гэтае пачуцьцё глябальна. Вынік неяк не зьдзіўляе, калі па шчырасьці.
ЗАМЕСТ ОРДЭНУ 5 ГАДОЎ КАЛЁНІІ. Максіму Суботкіну, былому генэральнаму дырэктару хакейнага клюбу «Дынама-Менск», сёньня далі 5 гадоў за крадзеж маёмасьці клюбу праз службовыя злоўжываньні і перавышэньне ўлады. Суботкіну «варта было даваць ордэн» за разьвіцьцё хакею, а не адпраўляць за краты – пракамэнтавала прысуд ягоная жонка.
РАТУЮЦЬ БЮДЖЭТ. Фрунзенскі суд Менску аштрафаваў Паўла Севярынца на 50 базавых (1050 рублёў). Яго зьвінавацілі ў арганізацыі акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў, якая прайшла 12 верасьня ў Менску.
ТОЛЬКІ Б ХУТЧЭЙ ПАМЕРЦІ! «Выжыць мне дапамагаюць добрыя людзі. Бываюць і злыя, якія могуць аблаяць ці штурхануць. Розныя людзі бываюць, але добрых болей. Такія даюць і капейчыну. У баках у асноўным знаходзім хлеб. Начую дзе выпадзе. Так і жывём. Толькі б хутчэй памерці» – сказала нам Натальля, 35-гадовая бамжыха з Магілёву. «Бадзяжніцтва маладзее» называецца наш рэпартаж з ускраін магілёўскага жыцьця.
ПА-ЗА «БЕЛАРУСЬФІЛЬМАМ». Ад фільму «павявае свабодай: нешаблённыя пэрсанажы, нестандартныя сытуацыі, нецэнзурная лексыка (таму што могуць сабе дазволіць), пікантныя сцэны, адсутнасьць комплексаў» – гэтак Ірэна Кацяловіч піша пра найноўшы фільм Андрэя Кудзіненкі «Эрас і Танатас», які пакажуць праз чатыры дні на фэстывалі Bulbamovie. Альтэрнатыўнае беларускае кіно, што называецца. Кудзіненка працаваў і на «Беларусьфільме», таму мае ўяўленьне, якая можа быць альтэрнатыва.
ЗАБЫЛІСЯ ПРА АЎТАРА «МІКОЛКІ-ПАРАВОЗА». Зьміцер Бартосік наведаў Старое Сяло ў Рагачоўскім раёне, куды ў школу ў свой час хадзіў Міхась Лынькоў (1899-1975), народны пісьменьнік Беларусі. Нядаўна ў Рагачове праходзілі Дні беларускай пісьменнасьці, але ніхто Лынькова не згадаў. Жыхары Старога Сяла ня супраць, каб у будынку былой школы зрабіць музэй Лынькова. Але ці знойдуцца грошы і ахвотныя людзі, каб гэта зрабіць?