Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі суд пастанавіў апытаць Міхаіла Гарбачова


Міхаіл Гарбачоў
Міхаіл Гарбачоў

Разглядаючы справу аб трагічных падзеях 13 студзеня 1991 году ў Вільні, Віленскі акруговы суд прыняў рашэньне апытаць у якасьці сьведкі былога прэзыдэнта Савецкага Саюзу Міхаіла Гарбачова.

Гэта пацьвердзіў агенцтву BNS сын загінулага падчас крывавых студзеньскіх падзеяў Апалінараса Павілайціса Робэртас Павілайціс, які ўдзельнічае ў пасяджэньні суду і прызнаны пацярпелым у гэтай справе.

Р. Павілайціс раней спрабаваў пераканаць праваахоўныя органы пачаць асобнае расьсьледаваньне аб ролі М. Гарбачова і надаць яму статус спэцыяльнага сьведкі. Адмаўляючыся пачаць асобнае дасудовае расьсьледаваньне, пракуроры паказалі, што наяўныя дадзеныя не дазваляюць рабіць выснову аб тым, што М. Гарбачову было вядома пра намеры распачаць ваенныя дзеяньні і што ён ня ўжыў захадаў для прадухіленьня гэтых дзеяньняў.

Адказваючы на просьбу Р. Павілайціса, пракуроры таксама адзначылі, што яшчэ з 1992 году рабіліся спробы атрымаць тлумачэньні М. Гарбачова з нагоды студзеньскіх падзеяў 1991 году, аднак яны выніку не далі. Пракурор Даля Скарупскайце паказала, што менавіта таму, што М. Гарбачоў адмаўляецца мець зносіны з Генэральнай пракуратурай Літвы, няма магчымасьці надаць яму статус спэцыяльнага сьведкі і няма іншых сродкаў, якія абавязалі б грамадзяніна замежнай дзяржавы прыехаць у Літву для дачы паказаньняў.

Р. Павілайціс, у сваю чаргу, сьцьвярджаў, што савецкі прэзыдэнт мог ведаць, аднак сьвядома ігнараваў інфармацыю, зь якой было відавочна, што ягоныя падначаленыя маюць намер учыніць і ўчыняюць ваенныя злачынствы, і не распачаў ніякіх дзеяньняў, каб гэта прадухіліць.

Цяпер частка справы 13 студзеня разглядаецца ў Віленскім акруговым судзе.

Сёлета споўнілася 25 гадоў з ночы 13 студзеня, калі ў выніку дзеяньняў савецкіх вайскоўцаў у Вільні каля Дому друку, тэлевежы і будынку Літоўскага радыё і тэлевізіі было забіта 14 цывільных асобаў.

Гэтая справа — адна з найбуйнейшых паводле аб’ёму і колькасьці абвінавачаных справаў у гісторыі судоў незалежнай Літвы. На лаве падсудных — два чалавекі, яшчэ больш за 60 абвінавачаных прыцягнуты да суду завочна. Яны абвінавачваюцца ў ваенных злачынствах і ў злачынствах супраць чалавечнасьці. Пацярпелых у гэтай справе — амаль 500, сьведкаў — каля тысячы. Справа складаецца з 709 тамоў, адзін толькі абвінаваўчы акт — з 13 тамоў.

У 1999 годзе ў справе аб падзеях 13 студзеня за стварэньне антыдзяржаўных арганізацый і іншыя злачынствы шэсьць чалавек атрымалі турэмныя тэрміны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG