Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва Reuters даведалася аб датычнасьці Алішэра Ўсманава да кіраўніцтва Ўзбэкістану


Наступны прэзыдэнт Узбэкістану, якім, верагодна, стане Шаўкат Мірзіёеў (як піша сайт Slon.ru са спасылкай на агенцтва Reuters, якое ў сваю чаргу спасылаецца неназваную крыніцу) ня будзе самастойнай фігурай, яму давядзецца ўзгадняць свае рашэньні з двума кіраўнікамі.

Гаворка ідзе пра Рустам Інаятава, кіраўніка Службы нацыянальнай бясьпекі Ўзбэкістану, а таксама прэмʼер-міністра Рустама Азімава, сказалі суразмоўцы Reuters.

Пры гэтым, паводле дадзеных агенцтва, на палітыку ва Ўзбэкістане ўплывае таксама расейскі мільярдэр узбэцкага паходжаньня Алішэр Усманаў. Як піша Reuters са спасылкай на неназванага бізнэсмэна з Узбэкістану, прыватны самалёт Усманава апошнім часам пастаянна бачаць у аэрапорце Ташкенту.

Крыніца Reuters, блізкая да Ўсманава, сказала агенцтву, што мільярдэр досыць блізкі да кіруючых колаў Узбэкістану. Акрамя таго, суразмоўца агенцтва зьвярнуў увагу на блізкасьць Мірзіёева да Расеі.

Reuters піша, што кандыдатура Мірзіёева, які стаў выканаўцам абавязкаў кіраўніка дзяржавы ў пачатку верасьня, узгоднена двума «варагуючымі кланамі» краіны. Нібыта, піша Reuters, прадстаўнікі «кланаў» сустракаліся 28 верасьня і вырашылі, што Мірзіёеў будзе публічным лідэрам Узбэкістану, але ня будзе прымаць самастойных рашэньняў. Агенцтва ўдакладняе, што самалёт Усманава, згодна з Flightradar24, быў у гэты ж дзень у Ташкенце.

Мірзіёеў да таго, як заняў пасаду выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта, быў прэмʼер-міністрам. Раней BBC News пісала, што ў 2009 годзе пляменьнік Усманава ажаніўся зь пляменьніцай Мірзіёева. Крыніцы BBC адзначалі, што гэты факт, нібыта, выклікаў незадаволенасьць Іслама Карымава. Пляменьнік Усманава загінуў у аўтакатастрофе ў 2013 годзе.

Улады Узбэкістана абвясьцілі пра сьмерць Іслама Карымава 2 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG