Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць Паліенку. Пракурор просіць 2 гады з адтэрміноўкай. Анлайн

11 кастрычніка пачаўся працэс над анархістам Зьмітром Паліенкам, якога абвінавачваюць у «пагрозе гвалтам альбо гвалтоўных дзеяньнях супраць міліцыянта» за дзеяньні ў час жорсткага затрыманьня ўдзельнікаў акцыі раварыстаў «Крытычная маса».

11 кастрычніка ў Цэнтральным раённым судзе Менску пачаўся працэс над анархістам, былым нацыянал-бальшавіком Зьмітром Паліенкам, якога абвінавачваюць у «пагрозе гвалтам альбо гвалтоўных дзеяньнях супраць міліцыянта» за дзеяньні ў час жорсткага затрыманьня ўдзельнікаў акцыі раварыстаў «Крытычная маса».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў затрыманьне раварыстаў «непрапарцыйна гвалтоўным спыненьнем акцыі». Праз 4 месяцы па затрыманьні Паліенку таксама абвінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі.

15:04 11.10.2016

Пракурор просіць 2 гады з адтэрміноўкай

Пачаліся судовыя спрэчкі. Пракурор лічыць, што віна Паліенкі даказаная цалкам. Супрацоўнікі ДАІ, паводле пракурора, дзейнічалі паводле закону. Парнаграфічнае відэа ў Паліенкі было разьмешчанае каля 3 гадоў таму, і ён яго ня выдаліў. Пракурор папрасіў для Паліенкі 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай у 2 гады. І прызначыць яму прымусовае лячэньне ад алькагалізму.

15:08 11.10.2016

Адвакатка Паліенкі Лішанкова зьвярнула ўвагу суду на разыходжаньні ў паказаньнях пацярпелага Калтунова. На сьледзтве ён казаў, што нібыта Паліенка пры затрыманьні ня толькі парваў яму куртку, але і аказаў фізычнае ўзьдзеяньне. Між тым у судзе пра гвалт з боку Паліенкі пацярпелы не казаў. У дакумэнтах справы гэтага таксама няма. Між тым, паводле адваката, не праведзеная праверка законнасьці ўжываньня сілы да раварыстаў з боку міліцыі. Па эпізодзе аб гвалце адносна міліцыянта адвакат просіць Паліенку апраўдаць.

15:10 11.10.2016

Паводле эпізоду аб нібыта разьмяшчэньні Паліенкам «УКантакце» парнаграфічнага роліка адвакатка заявіла суду, што не даказаная прыналежнасьць старонкі Паліенку. Цяпер у інтэрнэце гэтай старонкі няма, пра што сьведчаць дакумэнты, якія прадставіла суду адвакат. Адвакат папрасіла і па гэтым эпізодзе Паліенку апраўдаць.

15:13 11.10.2016

Паліенка выступае з апошнім словам. Адразу ён падзякаваў усім за падтрымку. (У залі пачаліся аплядысмэнты.) Паводле Паліенкі, яго хочуць ізаляваць з палітычных прычын, бо шмат удзельнічаў у апазыцыйных акцыях, за што яго каралі. Адносна ўдзелу ў роварным заезьдзе «Крытычная маса» ён сказаў, што меў на гэта права, такія прабегі праводзяць ва ўсім сьвеце, але толькі ў Беларусі іх забараняюць.

Зьміцер Паліенка
Зьміцер Паліенка

Крымінальную справу аб парванай куртцы ён назваў недарэчнай.

«Мне не зразумела, адкуль узяўся гэты ролік, але зразумела, што яго выкарыстоўваюць, каб мяне пасадзіць».

15:13 11.10.2016

Пасьля гэтага Паліенка пачаў чытаць верш былога палітвязьня Ігара Аліневіча. Верш супроць дыктатуры, пра любоў да Беларусі і змаганьне за яе свабоду. Пасьля заканчэньня верша прагучалі аплядысмэнты.

Гучыць «Жыве Беларусь!».

15:15 11.10.2016

Прысуд агучаць заўтра а 14-ай гадзіне.

XS
SM
MD
LG