Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Твары шостай Палаты: сьпявачка, амбасадар, па 20 вэртыкальшчыкаў і гаспадарнікаў, 8 мэдыкаў, 2 спартоўцы


Дом ураду, плошча Незалежнасьці
Дом ураду, плошча Незалежнасьці

11 кастрычніка пачынае працу Палата прадстаўнікоў шостага скліканьня. Хто прыйдзе ў Авальную залю і будзе вырашаць лёс краіны на працягу бліжэйшых чатырох гадоў? Людзі якіх прафэсіяў, сацыяльных слаёў, узростаў прадстаўленыя ў новым парлямэнце, высьвятляла Свабода.

Яшчэ задоўга да выбараў, калі былі зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, недзяржаўныя СМІ, а таксама шматлікія экспэрты склалі свае прагнозы, свае сьпісы, хто стане дэпутатам. Прагноз «Нашай Нівы» аказаўся найбліжэйшы да рэальнасьці: калегі «не адгадалі» толькі 4 дэпутатаў са 110. «Эўрарадыё» склала свой сьпіс, «карыстаючыся пачуцьцём прафэсійнай інтуіцыі», і «не адгадала» 9 дэпутатаў са 110. Tut.by рабіў прагноз толькі па Менску і не адгадаў 3 з 20.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Бадай, самымі нечаканымі і непрадказальнымі сталі вынікі выбараў у 97-й Кастрычніцкай акрузе сталіцы. Перамогу прадказвалі начальніку станцыі «Менск-Пасажырскі» Аляксандру Дрожжу, якога лічылі кандыдатам ад улады. Там жа балятавалася і кандыдатка на прэзыдэнта на выбарах-2015 Тацяна Караткевіч з кампаніі «Гавары праўду». А насуперак усім прагнозам пераможцай стала кандыдатка ад АГП Ганна Канапацкая.

Алена Анісім
Алена Анісім

Акрамя Ганны Канапацкай, апазыцыйнай дэпутаткай лічаць і Алену Анісім, намесьніцу старшыні Таварыства беларускай мовы.

Што да партыйнага прадстаўніцтва, акрамя АГП, у новым парлямэнце будзе 1 дэпутат ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі, 3 — ад Беларускай партыі працы і справядлівасьці, 8 — ад праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі.

Прадстаўніцтва жанчын у новай Палаце ўзмоцнена. Іх удзельная вага дасягнула 34% — 38 асобаў, на 9 больш, чым у парлямэнце пятага скліканьня.

Мікалай Улаховіч
Мікалай Улаховіч

Найстарэйшыя — старажыл Палаты Ўладзімер Андрэйчанка, які застаецца на трэці тэрмін — 1949 году нараджэньня, старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, «казак» Мікалай Улаховіч (нарадзіўся ў 1951 годзе) і генэрал Валер Гайдукевіч (нарадзіўся ў 1953-м).

Дарэчы, больш за 25 парлямэнтароў дасягнулі ўзросту 56 гадоў або яго перакрочылі, то бок пасьля дэпутацтва адразу могуць разьлічваць на добрую пэнсію (70% ад дэпутацкага заробку).

Ірына Дарафеева
Ірына Дарафеева

Самыя маладыя — знакаміты вясьляр Аляксандар Багдановіч, якому 34 гады (1982 году нараджэньня), дырэктар рысорнага заводу МАЗа Валер Курсевіч, дырэктарка Салігорскага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Юлія Мурына (абое нарадзіліся ў 1979 годзе). Няма 40 гадоў начальніку зборачнага цэху «Белшыны» Віталю Ўласевічу (1978), а таксама спартоўцу Вадзіму Дзевятоўскаму і сьпявачцы Ірыне Дарафеевай (абое 1977 году нараджэньня).

Валер Варанецкі
Валер Варанецкі

З высокапастаўленых прадстаўнікоў улады ў парлямэнт абраныя амбасадар Беларусі ў Аўстрыі і Харватыі (па сумяшчальніцтве) Валер Варанецкі, намесьніца міністра сельскай гаспадаркі Людміла Ніжэвіч.

Паводле прафэсійнай прыналежнасьці больш за ўсё ў новай Палаце чыноўнікаў выканаўчай улады і гаспадарнікаў (прыкладна па 20 чалавек).

Старшыні райвыканкамаў: Івацэвіцкага — Анатоль Ткачук, Дубровенскага — Анатоль Лукашоў, Мазырскага — Яўген Адаменка, Ельскага — Леанід Пісанік, Астравецкага — Адам Кавалько, Лагойскага — Пётар Вабішчэвіч, Крычаўскага — Тацяна Марачкава; намесьнікі старшыняў Берасьцейскага і Гомельскага аблвыканкамаў — адпаведна Леанід Цупрык і Баляслаў Пірштук.

Ігар Кананчук
Ігар Кананчук

Дырэктарскі корпус таксама прадстаўлены даволі шырока. Дэпутатамі сталі гендырэктары «Берасьцейскага пекара» Леанід Брыч і «Бабушкінай крынкі» Ігар Кананчук, дырэктар рысорнага заводу МАЗа Валер Курсевіч, намесьнікі дырэктараў «Камунаркі», Віцебскай бройлернай фабрыкі, «Беларуськалія» ды іншых прадпрыемстваў.

Традыцыйна ў парлямэнце даволі шмат мэдыкаў, прычым кіраўнікоў, а не шарагоўцаў: галоўны лекар Берасьцейскай радзільні Анатоль Дашко; галоўны лекар Лунінецкай райбальніцы Ігар Невар; загадчык катэдры акушэрства і гінэкалёгіі Віцебскага мэдунівэрсытэту Сяргей Занько; галоўны лекар Гарадзенскага абласнога кардыялягічнага цэнтру Тамара Даўгашэй; загадчыца кардыялягічнага аддзяленьня 2-га гарадзкога клінічнага шпіталя сталіцы Валянціна Курсевіч; галоўны ўрач Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Аляксандар Старавойтаў; дырэктарка Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру отарыналярынгалёгіі Людміла Макарына-Кібак; галоўны лекар сталічнага хосьпісу Вольга Мычко.

Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Шараговых настаўнікаў у сьпісе дэпутатаў Свабода не знайшла. Затое шырока прадстаўленыя ў Палаце рэктары, прарэктары, загадчыкі катэдраў, выкладчыкі ВНУ, дырэктары школ і гімназій — паўтара дзясятка кіраўнікоў навучальных устаноў. Зь верхняй палаты — Савету Рэспублікі — у ніжнюю, Палату прадстаўнікоў, «спусьціўся» навуковец, гісторык, археоляг Ігар Марзалюк.

Ёсьць вайскоўцы і сілавікі: начальнік Інстытуту нацыянальнай бясьпекі Іван Корж; ваенкам Віцебскай вобласьці Ігар Мартынаў; камандзір вайсковай часьці 2044 Аляксандар Маркевіч; першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Валянцін Міхневіч; намесьнік начальніка ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі па Менску і Менскай вобласьці Пётар Атрошчанка; начальнік Вайсковай акадэміі Сяргей Бобрыкаў.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала новы парлямэнт «абсалютна адэкватным і адпаведным складу грамадзтва».

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG