Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады зьняволеньня запрасіў пракурор для менчука, які адрэзаў галаву сабаку і выкінуў цела пад лесьвіцу


Аляксандар Радкевіч
Аляксандар Радкевіч

Пракурор Раман Дрозд, які папрасіў 2 гады зьняволеньня за забойства сабакі, зьвярнуў увагу суду на тое, што абвінавачаны Аляксандар Радкевіч раней ужо быў судзімы, а таксама, што ён забіваў жывёлу ў нецьвярозым стане. Пракурор лічыць віну Аляксандра Радкевіча паводле абодвух інкрымінаваных яму артыкулаў — 1 частка 339 артыкулу і 1 частка 139 артыкулу — цалкам даказанай. Таксама пракурор папрасіў для Радкевіча прымусовага лячэньня ад алькагалізму.

7 кастрычніка ў працэсе над Аляксандрам Радкевічам, якога абвінавачваюць у жывадзёрстве і хуліганстве, прайшлі судовыя спрэчкі. Аляксандар Радкевіч не карыстаўся паслугамі адваката і ў судзе абараняў сябе сам. Абвінавачаны ня стаў спрачацца з пракурорам і фактычна выступіў з апошнім словам. Радкевіч цалкам прызнаў сябе вінаватым і папрасіў прабачэньня за свой учынак у сваякоў, суседзяў і ўсёй грамадзкасьці.

«Я магу выправіцца і дакажу, што я нармальны», — завяршыў сваю прамову абвінавачаны.

У пачатку паседжаньня выступіў сын Радкевіча Аляксандар, які прызнаны ў справе пацярпелым. Аляксандар Радкевіч-малодшы адмовіўся ад выстаўленьня бацьку матэрыяльнага пазову, пры гэтым пацьвердзіў абставіны справы, якія высьветліла сьледзтва. Сын абвінавачанага распавёў, як знайшоў шчанюка аўчаркі Жорыка, якому было ўсяго 1,5 месяцы, і прынёс яго дамоў. Паводле пацярпелага, бацька не пярэчыў зьяўленьню сабакі. Калі Аляксандар Радкевіч даведаўся са званку маці, што ў доме «ўсё ў крыві», а шчанюка нідзе няма, ён параіў выклікаць міліцыю. Паказальна, што бацька спачатку казаў сыну, нібыта нічога ня ведае пра тое, куды падзеўся Жорык.

Суседка па пад’езьдзе Сьвятлана Лапікава сказала пра абвінавачанага Радкевіча, што ён чалавек, якому «нешта перашкаджае быць нармальным», і распавяла пра рэгулярныя скандалы, якія ўчыняў сусед, калі быў нецьвярозым. Паводле сьведкі, яна ўпершыню убачыла шчанюка Жорыка 25 чэрвеня на руках у абвінавачанага, калі той спаў на лаўцы ў двары дома. «На шыі шчанюка быў блакітны ашыйнік. Яшчэ падумала, што гэтак можа і задушыць шчанюка». Позна ўвечары суседка ўбачыла абезгалоўленае цела шчанюка пад лесьвіцай у пад’езьдзе. Яна як панятая была ў кватэры Радкевічаў, дзе бачыла кроў на падлозе.

Прысуд менчуку Аляксандру Радкевічу агалосяць 10 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG