Відэазапіс быў зроблены 11 гадоў таму. Размова адбывалася ў аўтобусе паміж Трампам і Білі Бушам, вядучым перадачы Access Hollywood. Трамп распавядае Бушу пра тое, як ён беспасьпяхова спрабаваў спакусіць замужнюю жанчыну. Трамп зьвяртаецца да нецэнзурнай лексыкі, апісваючы жанчыну і спробу пераспаць зь ёй. Потым суразмоўцы зьвяртаюць увагу на акторку, якая павінна ўдзельнічаць у відэазапісе праграмы разам з Трампам, і Трамп з бравадай у голасе распавядае, як, будучы зоркай, ён можа сабе дазволіць цалаваць і хапаць любую жанчыну.
«Гэта была мужчынская прыватная размова, — пасьпяшаўся патлумачыць Дональд Трамп. — Я прашу прабачэньня перад тымі, хто адчуў сябе абражаным».
Адразу пасьля поўначы ў суботу на старонцы Трампа ў Facebook зьявіўся відэакліп, у якім кандыдат Трамп прыносіць беспрэцэдэнтныя для яго перадвыбарнай кампаніі прабачэньні. «Я абяцаю, што заўтра я буду лепшым чалавекам... Я ня меў рацыі і я прыношу прабачэньні», — кажа Трамп.
Гэты відэазапіс зьявіўся за два дні да другіх прэзыдэнцкіх дэбатаў, на якіх кандыдату ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі неабходна дамагчыся посьпеху, паколькі пасьля першых дэбатаў рэйтынгі яго суперніцы Гілары Клінтан пайшлі ўверх, і разрыў паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты павялічыўся з двух да чатырох з паловай адсоткаў, паводле апытаньняў грамадзкага меркаваньня.