Памятаю, на пачатку беларускай незалежнасьці да мяне ў госьці з Волагды прыехаў бацька. І вельмі азадачыў мяне, абазваўшы Беларусь краінай цеснай. «Я, — казаў, — амаль фізычна адчуваю беларускія цесныя межы. Ну што гэта за краіна, дзе ў цягніку нельга выспацца?»
З тае пары я шмат ежджу па Беларусі. І не перастаю зьдзіўляцца яе вялікасьці. Наадварот, у мяне расьце адчуваньне, што я толькі пачынаю свой шлях. Бо мне беларускі маштаб адкрыўся зусім не ў кілямэтрах. Зрэшты, каб адчуць фізычную беларускую прастору, варта праехацца на цягніку «Віцебск — Берасьце». Які праз Падняпроўе і ўсё Палесьсе ідзе больш за 17 гадзін. За гэты час можна пасьпець ня толькі выспацца, але і сёе-тое зразумець пра Беларусь. Ці жыве яшчэ беларуская мова? Хто з сучасных беларускіх творцаў стаў сапраўды народным сьпеваком? І наколькі наша краіна бясьпечная для жыцьця?
Начальнік цягніка, Фёдар Даўгілаў, грунтоўны ў гаворцы, сівы мужчына, памятае, што даўней гэты цягнік ішоў да нашай заходняй брамы яшчэ даўжэй.
— Мы праяжджаем усё Палесьсе. Напрыканцы 80-х тут было прыпынкаў вельмі шмат. З тэхнічнымі — больш за 80 прыпынкаў. Але цяпер, у сувязі з тым, што менш пасажыраў, зьнікла неабходнасьць у дробных станцыях. Цяпер у вёсках людзей засталося мала.
Нейкі абураны пасажыр, які выйшаў у Воршы, кінуў правадніцам сваё незадаволенае: «Што за чарапаха! Паўтары гадзіны целяпаемся ад Віцебску».
«Затое мы ўсіх падбіраем», — знайшлася што адказаць правадніца.
Таму гэты цягнік можна назваць самым чалавечным цягніком. Самі правадніцы, вясёлыя маладжавыя кабеты, распавялі мне, пакуль мы стаялі ў Воршы, што самі яны называюць яго «рамашкай».
— Памятаеце мульцік пра цягнік «Рамашку»? «Калі мы тут ня спынімся, мы спозьнімся на цэлую вясну». Памятаеце? Так і мы. У Воршы стаялі 43 хвіліны. У Магілёве — дваццаць. У Калінкавічах паўгадзіны. «Рамашка».
— А якія пасажыры найбольш неспакойныя?
— Для нас яны ўсе добрыя.
— Дзяўчаты маладыя ня скардзяцца? Ніхто не прыстае?
— Не. Бывала, што дзяўчаты прыставалі. Вось гэта было. Адна ехала да Жыткавіч. Любіла знаёміцца ў цягніку, каб яе пасьля частавалі.
У цягніку пануе ціхая, амаль сямейная атмасфэра. Едуць віцебскія і магілёўскія студэнты дахаты на Палесьсе. Едуць немаладыя жанчыны адведаць унукаў. Многіх, кажа Фёдар Даўгілаў, ён знае асабіста.
— Я ўжо ўрос у гэты кірунак. Ведаю ўсе прыпынкі, пасажыраў, людзей. Нават дома сустракаю. Ідзе па вуліцы жанчына. «Добры дзень. А вы мяне памятаеце? Я з вамі ехала». А яна, аказваецца, у суседнім доме жыве. І такіх выпадкаў многа. Па горадзе ідзеш і вітаесься.
Я сам з сабою заключыў пары — ці пачую я беларускую мову ў гэтым «Усходнім экспрэсе». Прычым шанцы на тое, што пачую, ацэньваў як адзін да ста. Аказваецца, дарма. У Магілёве ў купэйны вагон села маладжавая пэнсіянэрка Тацяна Анатолеўна. І не пасьпела сесьці, як тут жа дастала сьпіцы і вязаньне. Зрабіўшы купэ яшчэ больш утульным.
— Я ўжо ежджу да дачкі колькі гадоў. Дачка ў Жабінцы. Зараз цёпла. Але неяк ехала, дык так халодна было. Правадніца бедная печачку тапіла цэлую ноч. І дзеткам коўдры давала, і лятала. Праваднікі тут мне вельмі падабаюцца.
Кожны беларускамоўны чалавек валодае незвычайным дарам. У звычайнай жыцьцёвай размове раптам выславіць філязофскую сэнтэнцыю. Гэта мне так шанцуе? Ці родная мова правакуе на пазытыўнае мысьленьне? Паслухайце спадарыню Тацяну.
— Вы робіце ўражаньне вельмі добрага чалавека.
— Я ўстаю ўраньні... Я дзевяць гадоў як удава. І калі ўвесь час шкадаваць сябе, то нічога ня будзе. Трэба сябе настройваць. Прачнуўся і гаворыш: «Усе людзі як людзі. А я такая прыгожая!» У люстэрка сказала і пайшла.
Я згодны з пані Тацянай. Душэўнасьць беларускіх правадніц стала фірмовым знакам беларускай чыгункі. І ніколі не здагадаесься, наколькі цяжкая можа быць іхная праца. Вось мілавідная і ўсьмешлівая Алена Жыгадла. Нядаўна выйшла з дэкрэтнага адпачынку. Ёй можна даверыць жыцьцё. Пяць гадоў таму Алена выратавала пасажырку ад узброенага нажом рабаўніка.
— Гэта было ў дзясятым годзе. У Сасноўцы сеў мужчына гадоў сарака. Побач зь ім сядзела дзяўчына. Уся ў золаце, уся прыгожая такая. Я зьвярнула ўвагу, што ў дзяўчыны страх у вачах. І мы ўбачылі, што ён прыткнуў ёй у бок нож. Мы яго адштурхнулі. Начальнік цягніка скруціў яму рукі разам з электрамэханікам.
— Гэта быў Фёдар Іванавіч?
— Так. Выклікалі міліцыю на станцыі. І яны ўжо зрабілі ўсё астатняе. Дзяўчына, вядома, напалохалася. Але мы адпаілі яе чаем, супакоілі.
— А вы які ўдзел прымалі?
— Я яго ўзяла, шматанула. І адкінула ў ягонае купэ.
— Ня страшна было шматануць чалавека з нажом?
— Я тады пра гэта і ня думала.
У вагонах самага доўгага беларускага цягніка пануе ціша. Ніхто ня п’е гарэлкі. Ніхто не сьпявае пад гітару. І колішні жанр вагоннай размовы пакрысе памірае пад ціскам інфармацыйнай эпохі. Бо і ў купэ, і ў пляцкарце сёньня пануюць ноўтбук і пляншэт. Кажа Фёдар Даўгілаў.
— Зараз зьявіліся ноўтбукі, пляншэты, смартфоны. Таму стала спакайней. П’янак няма. Раней усякае бывала. А цяпер, гляджу, і студэнты культурныя сталі. Многім краінам культуры ў нас варта павучыцца.
— Інфармацыйная эпоха перамагла гарэлку?
— Атрымліваецца, так.
У нашым цягніку з пасажырамі праблемаў няма. Бо лепшага і таньнейшага спосабу дабрацца з Рагачова ў Лунінец ці з Магілёва ў Жабінку не прыдумаць. Таму і з напаўняльнасьцю няма праблемаў. У пятніцу ў асноўным цягнік напоўнены студэнтамі. Вось дзьве прыгожыя навучэнкі Віцебскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту. Даша марыць стаць нарколягам, яе сяброўка Караліна — будучы стаматоляг.
— Калі гэта тваё, калі табе цікава, то на зарплаты не глядзіш. Людзі даюць рады, і мы дамо.
Караліна самастойна выйграла стыпэндыю па моўнай практыцы ў Нямеччыне. І найбольшыя ўражаньні ад той паездкі — не архітэктура гарадоў.
— Я гэтым летам была ў Германіі, вывучала мову. Бо на пятым курсе хачу паехаць туды паступіць на мэдыцынскі факультэт. Больш за ўсё там мне спадабаўся падыход да навучаньня. На занятках мы ня проста штосьці чыталі ці вучылі. Мы ў нешта гулялі, глядзелі фільмы, слухалі відэа. Пасьля абмяркоўвалі. Гэта не падобна да таго, як выкладаюць мову ў нас.
Вось яшчэ адна прыкмета нашага часу. Дзяўчаты абсалютна спакойна, без ажыятажу рэагавалі на маю беларускую мову. Бо сярод іх знаёмых ёсьць беларускамоўныя. Прычым гэта не абавязкова жыхары сталіцы. І не абавязкова філёлягі і гісторыкі.
Беларушчына нарэшце стала абавязковай часткай штодзённасьці. Пакуль не такой шырокай, як хацелася б, але заўважнай.
Даша, якая лічыць сябе далёкай ад беларускай культуры і музыкі, якая ня ведае сучасных айчынных сьпевакоў, назвала адну песьню, якая даўно ўваходзіць у абавязковы набор студэнцкіх песень пад гітару. Гэтую песьню пяюць і ў паходах ля вогнішча, і на студэнцкіх пасядзелках у інтэрнаце. Гэта «Тры чарапахі».
Прычым імя Вольскага Дашы нічога ня кажа. З чым Лявона можна павіншаваць. Бо калі імя аўтара невядомае, а песьня жыве самастойным жыцьцём, значыць, песьня стала народнай.
У жніўні ўсіх агаломшыла навіна, што Беларуская чыгунка зьбіраецца адмовіцца ад купэйных і пляцкартных вагонаў. Я ўявіў шлях ад Віцебску да Берасьця ў сядзячай электрычцы, і мне стала не па сабе. Бо я аднойчы праехаў у нечым падобным ад Гданьску да Беластоку. І пасьля той пякельнай паездкі напоўніцу адчуў, якой перавагаю валодаюць беларускія пасажыры. Яны могуць нармальна спаць! Ноччу вы прамяняеце самую модную электрычку на самую звычайную пляцкарту. Фёдар Даўгілаў мяне супакоіў. Начным беларускім цягнікам будучая вагонная рэформа не пагражае. І ад такіх доўгіх цягнікоў нікуды не падзецца. Бо краіна ў нас вялікая.
— Гэтыя цягнікі плянуюць пусьціць на невялікія адлегласьці. А дальнія цягнікі застаюцца. Адлегласьці вялікія. Людзям трэба пасьцель узяць, паспаць, адпачыць.
— Беларусь — маленькая краіна?
— Я б не сказаў. Даволі вялікая.
На разьвітаньне, на сонечным берасьцейскім пэроне, Фёдар Даўгілаў, капітан самага дальняга беларускага чыгуначнага плаваньня, распавёў, што забываюць беларусы ў цягніках.
— Забываюць часам рэчы. Ня кожны рэйс. У асноўным летам, пры масавых перавозках. Пасьля здаём у камэру забытых рэчаў. Аднойчы нават меч забыліся. Трэніровачны. Вялікі двухручны меч. А так у асноўным грошы, сумачкі. Відэакамэру неяк забыліся. Але ў асноўным тэлефоны.
— Што пажадаць вам? Зялёнай дарогі?
— І добрых пасажыраў.