«Чырвоны чалавек» Сьвятланы Алексіевіч – толькі люстэрка, у якім можна пазнаць сябе, можна ўбачыць іншага, а можна, як гэта робіць сама аўтарка, пазнаць сябе, каб убачыць іншага. І сказаць таму ранейшаму сабе – бывай. Я ўжо не такі. Я ўжо не належу да той «цывілізацыі», у якой гадаваўся. Я ўжо не «чырвоны чалавек».
«Мы сагнуліся пад цяжарам свабоды», – піша Алексіевіч у «Занатоўках саўдзельніка». Але як гэта магчыма? Свабода, перш за ўсё, – не турма. Над табой нікога няма, ты і толькі ты прымаеш рашэньні і, натуральна, ты і толькі ты нясеш адказнасьць.
Алексіевіч піша, што тлумачэньні свабоды, якія даюць людзі, што нарадзіліся ў СССР, і тыя, што пасьля, адрозьніваюцца. Але ж і ў першых і ў другіх яны адрозьніваюцца ад таго, што ёсьць свабода ў самым непасрэдным сэнсе, што яна – не няволя. Гавораць пра ўсё – бацькі пра каўбасу, дзеці пра любоў. І ніхто ня кажа пра свабоду ад фальшывых выбараў, ад сваволі чынавенства, ад бясчынства мянтоў. Ад турмы. Хоць жывуць па самыя вушы ў гэтым.
Звычайны чалавек аказваецца «чырвоным», калі спатыкаецца аб свабоду ў яе наўпроставым значэньні.
Алексіевіч піша пра выбар паміж свабодай і дабрабытам, свабодай з пакутамі і шчасцем без свабоды. Але чаму ўсё так ня так? Таму што так у Дастаеўскага сказаў Вялікі інквізытар? Маўляў, вольны ад нараджэньня чалавек («няшчасная істота») увесь час толькі й шукае, каму б перадаць гэты свой дар свабоды, перад кім бы схіліцца…
Але – чаму?
Свабода ў тым і ёсьць, каб не схіляцца. І бяз гэтага ніякага шчасьця ня будзе пры якім заўгодна дабрабыце. «Можна жыць у дупле сухадрэвіны і быць шчасьлівым» (Камю).
Чаму за дырэктыву бяруцца словы Вялікага інквізытара, а не янонага візаві – Хрыста: «Не рабі іншаму чаго не хацеў бы каб рабілі табе»?.. Таму што бог «чырвонага» не Хрыстос, а Сталін? Нават калі сёньня «чырвоны» істава моліцца ў царкве. Бо гэты храм і стаіць на «Лініі Сталіна». Храм Вялікага інквізытара, які некалі загадаў «чырвонаму» распнуць Хрыста. І той распнуў…
У «чырвонага чалавека» няма імені. У тых, каго ён забіў, абрабаваў, на каго данёс, імя ёсьць, а ў яго няма. Чаму КДБ так раўніва сьцеражэ свае архівы? Не таму, што сорамна, а таму, што там імёны даносчыкаў і забойцаў. Сваіх. Хто забіў Ісуса Хрыста? Сказана: воіны. Ніякай канкрэтыкі.
У Алексіевіч таксама без імёнаў. Я забіваў цьвік у левую нагу, бо час быў такі. А я забіваў цьвік у правую – бо верыў у камунізм. А я – каб нашу краіну паважалі ў сьвеце. І… «Гэта наша гісторыя».
Як завуць амонаўца, які ўдарыў па твары Завадзкую? Вася? Грыша? Зборны вобраз. Воіны. Адзін зь іх.
У Алексіевіч цёця Оля піша даносы на сваякоў, а дзядзя Юра расстрэльвае іх на палігоне ў Бутаве. Нармальна. Час быў такі.
Але ж і воіны бываюць розныя.
У знакамітым кліпе на песьню «Воіны сьвятла» рэжысэр выбудаваў лінію вобразаў – Хрыстос, Гагарын, Віктар Цой.
Хто забіў Гагарына? Касманаўт Лявонаў расказаў, як было, але пад умовай – не называць імя! Хто забіў Цоя? Інтэрнэт поўніцца вэрсіямі. Але адказ, як і ў выпадку з усімі рэзананснымі гібелямі, можна знайсьці толькі ў плоскасьці «было за што» ці «было навошта», але ніяк ня ў плоскасьці «хто менавіта». Тут у лепшым выпадку – вэрсіі.
Спрачаюцца: Хрыста забілі не габрэі, яго забіла Рымская імпэрыя.
У нашым кантэксьце «Чырвоны чалавек» – перш за ўсё, расейская зьява. Гэта «рускі чалавек» у значэньні «ну што ты як нярускі». Той «Рускі», якога вычарпальна апісаў Максім Гарэцкі. Ён – галоўная рухальная маса і гарматнае мяса ўсіх закалотаў ХХ і ранейшых стагодзьдзяў. І сёньня ён па-ранейшаму дамінуе ў Расеі.
Ці ёсьць «чырвонаму» супрацьвага?
Сярод маіх знаёмых, якія жывуць у Расеі і зь якімі даводзіцца кантактаваць, я такой супрацьвагі ня бачу. «Белыя» – на мяжы статыстычнай памылкі або стаіліся, або аказаліся «чырвонымі», бяздумна ўхваляюць палітыку Крамля і пры тым чакаюць «вялікіх перамен» – хто з насьцярогаю, хто з захапленьнем («Пусть сильнее грянет буря!»). Будучыня ў Расеі зноў не на сваім месцы, – піша Алексіевіч.
Беларусы, вядома, «тоже русские», але і ня «тоже». Магутныя энэргетычныя сілы – «общинность», адзінавер’е, «русский мир» – у нас усё гэта не працуе, бо мізэрнае, а значыць, нічога і ня значыць. Хіба што яно будзе прыўнесенае з-за ўсходняй мяжы, дый тое – як ты яго прыўнясеш адразу ў мэнтальнасьць, дзе яго няма?
Каб беларусу не спатыкнуцца аб свабоду, ізноў трэба казаць пра мову. Як бы мы гэты фактар не прымяншалі, менавіта ён робіць нас або «белымі», або «чырвонымі».
Беларусы становяцца «чырвонымі» выключна дзякуючы мове тэлевізіі, РПЦ, дзяржаўнай прапаганды. Яны трапляюць у пастку, дзе рэчы называюцца не сваімі імёнамі. Тут, да прыкладу, забойства, гвалт і рабаваньне – дыскусійныя паняткі, часьцяком не злачынства, а – доблесьць.
Чалавек, які міма ўсіх правіл нёс у беларускай камандзе расейскі сьцяг, узнагароджаны за гэта кватэрай у Падмаскоўі. Трапная мэтафара «чырвонага чалавека» ў нашым цяперашнім сьвеце.
Але я пра мову.
У Маякоўскага ёсьць верш, калісьці ён быў праграмным. «Что такое хорошо, что такое плохо». Перачытайце. Баюся, цяпер ён нічому карыснаму ні вас, ні вашых дзяцей не навучыць. Бо «плохо» – гэта аглушанае «благо». А шукаць добрага ў благім і наадварот – можа быць цікава ў літаратуры, у жыцьці рабіць гэта – бессэнсоўна і абсурдна.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.