Пра гэта беларуская ляўрэатка Нобэля распавяла падчас візыту ў галоўную сядзібу Радыё «Свабода» ў Празе.
«Цяпер усе за Муракамі. Я люблю гэтага пісьменьніка, хаця кажуць, што гэта спрошчаная літаратура. Мне падабаецца ўсходняя аранжыроўка падзеяў і іх разуменьня. Мне гэта цікава» — сказала Алексіевіч.
Муракамі ў сьпісе галоўных прэтэндэнтаў на Нобэлеўскую прэмію ўжо ня першы год. Паводле букмэйкераў, сёлета ў яго найбольшыя шанцы атрымаць ўзнагароду. За Муракамі ідуць сырыйскі паэт Адоніс, кенійскі пісьменьнік Нгугі ва Тхіонга і амэрыканец Філіп Рот.
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі за літаратуру будзе абвешчаны на наступным тыдні.