Гурневіч: Адкажу адназначна: так, абсалютна. У беларусаў выхоўваюць непаўнавартаснасьць, маўляў, яны не гатовыя то да жанчыны-прэзыдэнта, то да дэмакратыі, то да патрабаваньняў МВФ.
Калі паглядзець на нашых суседзяў, то чамусьці ва ўсіх суседзяў гэта атрымліваецца. У Эстоніі жанчына прэзыдэнт, упершыню ў гісторыі. У Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга ўжо была прэзыдэнткаю. У Літве прэзыдэнтка Даля Грыбаўскайце. Ва Ўкраіне была Юлія Цімашэнка прэм’ер-міністрам, у Польшчы цяпер жанчына прэм’ер-міністар. А Беларусь, паводле Аляксандра Лукашэнкі, усё яшчэ не гатовая. Не гатовая таму, што ён не гатовы сысьці.
Калі б у краіне былі дэмакратычныя выбары, без праблем жанчына магла б. Нават калі не перамагчы, то набраць вельмі шмат. Таму што людзям пасьля 20 гадоў аднаго твару на пасадзе кіраўніка краіны хочацца чагосьці больш людзкага, і з гэтым зьвязана папулярнасьць Тацяны Караткевіч падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі. У беларускай правінцыі людзі казалі, што ідуць за яе галасаваць, не хаваліся, не баяліся, таму што яна ім сымпатычная, жанчына, зусім іншы сьвет! Калі ў тэлевізарах, па радыё і ў газэтах адна і тая ж асоба 20 гадоў. І твар, які мала усьміхаецца, твар нават злобны, людзям хочацца іншага. Іншае пытаньне: галасаваць толькі таму, што кандыдат — жанчына? У гэтым, канечне, ёсьць сумненьні. Самае важнае — тое, што кандыдат прапануе.
у жанчын ёсьць высокія кампэтэнцыі ў тых галінах, у якіх мужчыны слабейшыя. Гэта лепшая камунікацыя, гнуткасьць і здольнасьць працаваць зь іншымі тэмамі, зь якімі працаваць у мужчын не заўсёды добра атрымліваецца
Хаця, трэба сказаць, што ў жанчын ёсьць высокія кампэтэнцыі ў тых галінах, у якіх мужчыны слабейшыя. Гэта лепшая камунікацыя, гнуткасьць і здольнасьць працаваць зь іншымі тэмамі, зь якімі працаваць у мужчын не заўсёды добра атрымліваецца. Гэта сацыяльная палітыка, адукацыя, перамовы. Жанчыны, на маю думку, адчуваюць гэта лепш за мужчын. Гэта мы назіраем у сем’ях. Хоць кажуць, што ў Беларусі патрыярхат, я з гэтым ня згодны. У Нямеччыне канцлерка Ангела Мэркель колькі ўжо кіруе. Цяпер спала папулярнасьць, але гэта вонкавыя чыньнікі больш вінаватыя. Людзі называюць яе «mutti» — мамачка. Гэта сьведчыць пра давер.
Шмат у якіх краінах жанчынам, якія прыходзілі да ўлады, удавалася вельмі шмат. Пытаньне яшчэ ў тым, што жанчыны доўгі час былі па-за палітычным мэйнстрымам, і калі яны выходзяць на сцэну, то стараюцца даказаць, што яны могуць. У іх моцная матывацыя. Таму яны стараюцца гэта рабіць лепш, і больш эфэктыўна, чым многія мужчыны.
Але канешне больш важнае тое, што чалавек мае ў галаве, як гэта прэзэнтуе, напрыклад, падчас прэзыдэнцкіх дэбатаў ці публічных выступаў і ўвогуле жыцьцёвым досьведам. А беларусы ўжо хоць цяпер могуць абраць жанчыну прэзыдэнтам, калі яна трапіць у іх патрабаваньні, пакажа, на што яна здольная. І гэты прымітыўны аргумэнт Лукашэнкі, што людзі не гатовыя, гэта, натуральна, гульня пад сябе.
Ракіцкі: Цалкам згодны, што грамадзтва, электарат усё ж гатовыя абраць прэзыдэнтам жанчыну. А вось мужчыны, якія кіруюць краінай, ня захочуць ім аддаць уладу.
Беларусь, як і іншыя эўрапейскія краіны, прайшла апошнімі гадамі шлях да гендэрнай роўнасьці. Жанчыны даказалі, што яны маюць і тыя ж здольнасьці, што і мужчыны, і інтэлект, і характар. І асабіста я ня бачу нейкіх гендэрных забабонаў, хіба што на побытавым, на ўзроўні анэкдотаў.
У Эўропе шмат жанчынаў і ва ўладзе, і ў палітыцы. Яны пераканаўчыя ў сваіх дзеяньнях і выклікаюць давер людзей. Зрэшты, і ў Беларусі ёсьць пані-міністаркі і нават віцэ-прэм’ер. Але, як і пры камуністах, у высокія крэслы жанчыны трапляюць, так бы мовіць, па разнарадцы. Сёньня яны прызначаюцца прэзыдэнтам, напэўна ж, існуюць і квоты для жанчынаў-дэпутатак. Зрэшты, і эстонская прэзыдэнтка абраная ў парлямэнце, а не на прамых усеагульных выбарах. І тым ня меней, мне здаецца, што пры роўных праграмах, пры роўных інтэлектуальных якасьцях кандыдатаў — жанчыны і мужчыны, людзі сёньня аддадуць перавагу жанчыне. Да яе большы давер — як да маці, жонкі, хатняй гаспадыні. Сучасная жанчына даказала, што можа браць адказнасьць і за сям’ю, і за невялікі калектыў, і за вялікую установу. А значыць, можа ўзяць адказнасьць і за краіну. Тым болей, што за доўгія часы, за ўсю гісторыю цывілізацыі, калі ва ўладзе былі мужчыны, яны істотна дыскрэдытавалі сябе — забойствамі, карупцыяй, увогуле жорсткасьцю і абыякавасьцю. Сучасны сьвет імкнецца да гуманізму, чалавечнай улады, і на жанчыну могуць быць надзеі.
Грамадзтва і ў Беларусі гатовае абраць жанчыну прэзыдэнтам, але мужчыны, якія знаходзяцца ва ўладзе, не гатовыя аддаць яе. І двудушна аргумэнтуюць тым, што, маўляў, грамадзтва да жанчыны-прэзыдэнта не гатовае
Грамадзтва і ў Беларусі гатовае абраць жанчыну прэзыдэнтам, але мужчыны, якія знаходзяцца ва ўладзе, не гатовыя аддаць яе. І двудушна аргумэнтуюць тым, што, маўляў, грамадзтва да жанчыны-прэзыдэнта не гатовае. Мы ж гэта зусім нядаўна чулі і ад Лукашэнкі, які заявіў, што і Амэрыка, і Беларусь не гатовая абраць жанчыну прэзыдэнтам. Наша грамадзтва, паводле Лукашэнкі, не гатовая абраць жанчыну прэзыдэнтам з прычыны паўнамоцтваў прэзыдэнта. Калі б яе функцыі былі толькі прадстаўнічыя, тады — калі ласка. Вось і ўся праблема.
Карбалевіч: Хачу нават і паспрачацца. Нядаўна ў Бразыліі прэзыдэнта адправілі ў адстаўку, цікава, што прэзыдэнтам была жанчына, імпічмэнт быў аб’яўлены за карупцыю. Аляксандар Лукашэнка падчас выбараў прэзыдэнта, знаходзячыся на выбарчым участку, заявіў, што Беларусь не сасьпела да прэзыдэнта ў спадніцы. А падчас парлямэнцкіх выбараў скептычна ацаніў пэрспэктывы выбраньня прэзыдэнтам ЗША Гілары Клінтан зноў жа па гендэрнай прычыне.
Сёньня перад Беларусьсю іншая праблема. Беларусь не гатовая ўвогуле да зьмены прэзыдэнта, да таго, каб памяняць Лукашэнку
Сёньня перад Беларусьсю іншая праблема. Беларусь не гатовая ўвогуле да зьмены прэзыдэнта, да таго, каб памяняць Лукашэнку. Нават цяпер, падчас крызысу, рэйтынг Лукашэнкі, паводле чэрвеньскага апытаньня НІСЭПД, каля 30%.
Наконт жанчыны-прэзыдэнта. Сытуацыя супярэчлівая. З аднаго боку, большасьць насельніцтва хацела б бачыць прэзыдэнтам мужчыну. Бо для гэтай большасьць прэзыдэнт — гэта ня толькі вышэйшы чыноўнік. Гэта «бацька нацыі». А як жанчына можа быць «бацькам»? Але зь іншага боку, не сказаць, што Беларусь патрыярхальная краіна ў сэнсе стаўленьня да жанчыны. Нагадаю, што Беларусь займае адно з самых высокіх месцаў у сьвеце па колькасьці разводаў, распаду шлюбаў. Гэта прыкмета не патрыярхальнай краіны. Вось я знайшоў такія лічбы ў адным дасьледаваньні. У Беларусі доля жанчын сярод уласьнікаў кампаній — 44%, сярод мажарытарных уласьнікаў 22%. Гэта нямала. І працэнт прагаласаваўшых за Тацяну Караткевіч мінулым годам — 15-25% — не малы. Таму ва ўмовах рэальнай дэмакратыі жанчыны маглі б скласьці рэальную канкурэнцыю мужчынам. Але для гэтага патрэбныя публічная палітыка і рэальная дэмакратыя.