Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падвышэньня пэнсіяў у Беларусі чакаюць ужо 13 месяцаў


Апошні раз пэнсіі павялічылі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў — 1 верасьня 2015 году ўсяго на 5%.

Праект указу прэзыдэнта аб пераразьліку працоўных пэнсіяў падрыхтаваны і знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе, неўзабаве варта чакаць яго падпісаньня. Пра гэта сёньня заявіла міністар працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Марыяна Шчоткіна, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў перад дэпутатамі пятага, «старога» скліканьня:

Марыяна Шчоткіна
Марыяна Шчоткіна

«Над дакумэнтам вядзецца праца. Як толькі яго падпішуць, мы яго пракамэнтуем».

Спадарыня Шчоткіна не сказала, на колькі працэнтаў вырастуць пэнсіі. Яна толькі падкрэсьліла, што памер пэнсіі не павінен быць ніжэй за 40% сярэдняга заробку тых, хто працуе:

«Для нас вельмі важна, каб узровень пэнсіяў ня падаў. Ёсьць мінімальная мяжа — гэта каэфіцыент замяшчэньня ў 40% у адносінах да сярэдняй заработнай платы. Як бы ні разьвівалася сытуацыя, мы павінны з боку дзяржавы гарантаваць гэты ўзровень... У краіне штогод колькасьць занятых у эканоміцы грамадзян зьмяншаецца, а колькасьць пэнсіянэраў расьце».

Сёньняшняя заява міністра Шчоткінай пра тое, што пэнсіі могуць павялічыцца, ужо другая за гэтую восень. Першы раз пра гэта яна афіцыйна казала яшчэ 13 верасьня.

Леў Марголін
Леў Марголін

«Падрыхтаваць такі ўказ з усімі ўзгадненьнямі можна літаральна за пару-тройку дзён, — кажа Свабодзе эканаміст Леў Марголін. — У нас і больш значныя дакумэнты прымаліся за карацейшы тэрмін. Я думаю, уся праблема, якой датай яго падпісаць. Уявіце, што ён атрымаў бы сілу з 1 верасьня. А можна, напрыклад, і з 1 лістапада. Розьніца, здаецца, невялікая — усяго два месяцы. Але ж у нашай краіне Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, зь якога выплачваюць пэнсіі, датацыйны. Таму для ўладаў ёсьць істотная розьніца, зь якога моманту падвысіць пэнсіі, гэта значыць, колькі грошай спатрэбіцца ўзяць зь бюджэту».

21 красавіка Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся з пасланьнем да беларускага народу і парлямэнту, сказаў, што цэны ў краіне растуць і рэальныя даходы пэнсіянэраў зьніжаюцца. «Мы пастараемся ў другім паўгодзьдзі абавязкова павысіць пэнсіі», — сказаў ён.

У наступным жа годзе парлямэнт абяцае двойчы падвысіць працоўныя пэнсіі: на 5–6% кожны раз.

Між тым экспэрты Міжнароднага валютнага фонду прагназуюць істотны рост пэнсійных выдаткаў Беларусі: з 9,6% валавога ўнутранага прадукту ў 2015 годзе да 12,4% у 2030 годзе і да 16,1% у 2050 годзе. Таму МВФ прапануе зрабіць пасьля 2022 году пэнсійны ўзрост для мужчын і жанчын аднолькавым — 65 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG