Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жодзінскае СІЗА — не турма, а лягер сьмерці», — маці памерлага Ігара Барбашынскага патрабуе ратаваць малодшага сына


Турма ў Жодзіна, ілюстрацыйнае фота
Турма ў Жодзіна, ілюстрацыйнае фота

Маці памерлага ў жодзінскай турме Ігара Барбашынскага патрабуе пакараць вінаватых у яго сьмерці і гарантаваць бясьпеку і жыцьцё малодшага сына Івана, які знаходзіцца ў тым жа СІЗА.

Галіна Шаравар, маці случаніна Ігара Барбашынскага, накіравала звароты на адрас Аляксандра Лукашэнкі, міністра ўнутраных спраў, генэральнага пракурора, Дэпартаменту выкананьня пакараньняў, Сьледчага камітэту Жодзіна, да начальніка жодзінскай турмы № 8. У сваіх лістах жанчына патрабуе гарантаваць жыцьцё яе малодшаму сыну Івану, які застаецца ў турме, і высьветліць, хто вінаваты ў сьмерці за кратамі яе старэйшага сына Ігара.

«Падазраю, што гэта забойства», — маці памерлага вязьня Ігара Барбашынскага

— Ніколі ня думала, што з маёй сям’ёй можа здарыцца такое і я буду закідваць лістамі ўсе праваахоўныя ўстановы, а таксама мець патрэбу ва асабістым удзеле ў маім жыцьці прэзыдэнта, — гаворыць Галіна Паўлаўна. — Калі маіх сыноў гвалтоўна пасадзілі ў турму, я была ў вялікім шоку ад таго, што іх зрабілі зэкамі. Нават саромелася перад сваякамі. Я перажывала за іх далейшы лёс пасьля турэмнага зьняволеньня, але не за жыцьцё. Я думала, што ў дзяржаўнай закрытай установе мае сыны знаходзяцца ў акружэньні кантралёраў, мэдыкаў, іншых людзей, і зь імі не павінна здарыцца нічога дрэннага.

Ігар Барбашынскі
Ігар Барбашынскі

Сумненьні ў наяўнасьці належнай мэдыцынскай дапамогі ў турме зьявіліся ў Галіны Шаравар пасьля таго, як старэйшы сын папрасіў перадаць што-небудзь, каб суцішыць зубны боль.

Пахаваўшы Ігара, жанчына так і ня мае адказу, што зь ім здарылася: экспэртыза яшчэ ня скончылася. Апрача гэтага, жанчына перажывае яшчэ і за здароўе і жыцьцё малодшага сына Івана, які застаецца ў той жа турме. Маці асабліва стала турбавацца пра бясьпеку малодшага сына, калі даведалася, што выпадак сьмерці яе сына Ігара ў жодзінскай турме не адзінкавы:

«Фактычна гэта ўжо не турма, а нейкі лягер сьмерці, — плача Галіна Паўлаўна. — Вось і напісала да ўсіх, да каго змагла. Нават самому прэзыдэнту. Расказваю і пра абставіны справы, як мне расказвалі мае сыны. А я веру ім, паколькі яны мне ніколі не хлусілі.

Вось і прашу прэзыдэнта — як кіраўніка краіны і як бацьку трох сыноў — абараніць жыцьцё майго апошняга і ўжо адзінага сына. Пішу і прэзыдэнту, і міністру Шуневічу, і сьледчым, што адсутнічаюць якія-небудзь факты альбо доказы, што мае сыны, знаходзячыся ў грамадзкім месцы, парушылі правы альбо законныя інтарэсы грамадзян нават па адміністрацыйнай справе. Ні ў начной кавярні, ні на пустой цёмнай вуліцы ніхто з грамадзян прэтэнзій ім не прад’яўляў».

Галіна Шаравар патрабуе, каб і ў Сьледчым камітэце, і Генэральны пракурор узялі справу пад асабісты кантроль:

«Цяпер для мяне кожны дзень — выпрабаваньне, на першае месца выступіла захаваньне жыцьця майго малодшага сына, і я ня сплю начамі, думаючы пра яго».

19 сакавіка Ігар разам з 32-гадовым братам Іванам пасьля наведваньня начной кавярні былі затрыманыя міліцыянтамі па дарозе дадому. Іх абвінавацілі ў тым, што яны былі нецьвярозымі ў грамадзкім месцы. Мужчын даставілі ў мэдвыцьвярэзьнік.

На наступны дзень, 20 сакавіка, да мэдвыцьвярэзьніка была выкліканая хуткая мэдыцынская дапамога, якая адвезла братоў у паліклініку. Рэнтгенаўскія здымкі паказалі ў абодвух пераломы рабрын, таксама былі зафіксаваныя шматлікія гематомы. Пасьля таго, як случчане напісалі заяву ў Слуцкі РАУС пра зьбіцьцё іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх распачатая крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі. Праз два месяцы, у чэрвені 2016 году, Барбашынскія былі затрыманыя і да суда зьмешчаныя ў Жодзінскі сьледчы ізалятар.

У жніўні адбыліся тры судовыя пасяджэньні, але судовы разгляд справы да гэтага часу ня скончаны, бо абвінавачаныя запрасілі дадатковыя экспэртызы, якія, на іх думку, маглі б даказаць адсутнасьць гвалтоўных дзеяньняў зь іх боку супраць супрацоўнікаў РАУС.

20 верасьня адзін з братоў не дачакаўся судовага выраку і памёр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG