Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ згас, беспрацоўныя зьніклі, стыпэндыі скончыліся


Добры вечар! Нікога не зьдзівілі сьледчыя ў Нідэрляндах сваёй заявай, што ў ліпені 2014 году малайзійскі Боінг быў зьбіты ракетай з расейскага зэнітна-ракетнага комплексу «Бук» з тэрыторыі на Данбасе, якая кантралявалася сэпаратыстамі. Сьледчыя, аднак, не адказалі, калі закончаць сваё сьледзтва і што далей – будзе суд ці не?

УКАЗ БЫЎ – І СПЛЫЎ. Было шмат шуму вакол гэтак званага ўказу №222, які спрабаваў узяць «няўлічаны» гандаль на беларускіх рынках пад строгі дзяржаўны кантроль. Шум абціх, а строгі кантроль, як здаецца, так і не зьявіўся. У кожным разе, не зьявіўся ў Горадні на рынку «Цэнтральны», дзе прадаўцы кажуць: «Падаткавікі сюды ня ходзяць. Бо калі яны прыйдуць, то 80% людзей, якія сёньня яшчэ гандлююць, адразу разьбягуцца, бо ня маюць адпаведных дакумэнтаў».

СХАВАЛІСЯ Ў БУЛЬБУ? Загадка беларускай афіцыйнай статыстыкі: сёлета звольнілі на 92 тысячы больш, чым прынялі на працу, а беспрацоўе афіцыйна ўпала. На канец жніўня 2016 году зарэгістраваных беспрацоўных было 42,6 тысячы чалавек (меней за 1% эканамічна актыўнага насельніцтва, на 686 беспрацоўных менш, чым у леташнім жніўні). Паводле працаўладкаваньня сваіх грамадзян – Беларусь абсалютны лідэр у Эўропе. Нават у Ліхтэнштайне, дзе грамадзянаў колькі кот наплакаў, беспрацоўе два разы большае, чым у Сінявокай. Яны там у Альпах, відаць, яшчэ не дадумаліся прыняць закон аб дармаедах.

ПРАГРАМА КАЛІНОЎСКАГА МЯНЯЕ ФАРМАТ. Польская стыпэндыяльная праграма імя Кастуся Каліноўскага перастала прымаць студэнтаў зь Беларусі і цяпер прапануе стажыроўкі ў польскіх унівэрсытэтах. «Калі раптам пачнуцца новыя рэпрэсіі, мы вернем ёй ранейшы фармат» – сказаў пра праграму яе кіраўнік Ян Маліцкі. Ён дадаў, што за 10 гадоў дзеяньня праграмы было прынята 900 студэнтаў зь Беларусі – 300 зь іх здолелі атрымаць польскія ўнівэрсытэцкія дыплёмы. Вось жа каб яшчэ ведаць, колькі зь іх вярнулася ў Беларусь, з дыплёмамі альбо і бязь іх.

ЯШЧЭ ТРОХІ ПРА ЭМБРЫЁНЫ. Ня варта чакаць часу, калі ўсе дзеці, якія нараджаюцца, будуць плянаванымі і жаданымі. Такога ніколі ня будзе – піша наша блогерка Алена Германовіч. І падае кучу прыкладаў, якія сьведчаць, што распараджаемся нашым целам ня толькі мы, але і іншыя ды іншае, стаматолягаў і чарвякоў не выключаючы. Must read, як кажуць людзі, азнаёмленыя з ангельскай мовай.

Падпісацца праз электронную пошту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG