Зорная галівудзкая пара Брэд Піт і Анджаліна Джалі афіцыйна абвясьцілі пра развод. Гэтая навіна заняла першыя месцы ў сусьветных СМІ і выклікала неверагодны ажыятаж у сацыяльных сетках.
Чаму навіна пра асабістае жыцьцё кіназорак зацьміла важныя навіны са сьвету, якія наўпрост ўплываюць на жыцьцё мільёнаў? Абмяркоўваюць Алег Грузьдзіловіч, Дзьмітры Гурневіч і Віталь Цыганкоў.
Гурневіч: Сьвет стаў глябальнай вёскай яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. І ажыятаж вакол разводу галівудзкай пары — плён новага інфармацыйнага парадку. Беларусь — паўнавартасная частка гэтай глябальнай вёскі, як ЗША ці Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Зоркі жывуць побач з намі, яны штодзённа праз манітор кампутара, тэлевізар — разам з намі. Людзі перажываюць за іх, іх дзяцей, яны жывуць іх жыцьцём. Такая новая мэдыякультура. СМІ патрэбныя клікі, лічбы, вар’яцкі ажыятаж, каб прасьцей прадаць сябе, каб прыцягнуць рэкляму. А што выклікае цікавасьць? Чужое прыватнае жыцьцё, плёткі, чуткі. І нас так прывучаюць жыць жыцьцём іншых.
Я прыгадваю, як недзе ў сярэдзіне 1990-х пабачыў у менскай кнігарні Ядвігу Паплаўскую. Калі я яе заўважыў, то мне падалося, што мы знаёмыя зь ёю 100 гадоў. Хацелася да яе падскочыць і пачаць самую звычайную гутарку як з суседкай.
Дзякуючы каляровым часопісам, сайтам і тэлевізару, людзі ня проста сталі цікавіцца поп-культурай і прыватным жыцьцём зорак, яны сталі жыць імі. І ў гэтым, магчыма, ня было б нічога кепскага, калі б захоўваўся пэўны балянс паміж рэчамі, якія цікавяць чалавека.
навіна пра развод Джалі і Піта перагнала паведамленьні пра малітву папы Францішка разам зь іншымі рэлігійнымі лідэрамі за мір у сьвеце
Праглядаючы ўчора інтэрнэт, я прачытаў цікавы тэкст аднаго з публіцыстаў, які ў сувязі з сэнсацыяй вакол разводу Піта і Джалі паставіў сумны дыягназ: са сьветам адбываецца нешта ня тое. Ён, у прыватнасьці, зьвярнуў увагу на тое, што навіна пра развод Джалі і Піта перагнала паведамленьні пра малітву папы Францішка разам зь іншымі рэлігійнымі лідэрамі за мір у сьвеце. Гэту сустрэчу не аналізавалі так і не расьпісваліся наконт яе, як пра развод Піта і Джалі. Там казалі пра канкрэтныя канфлікты: у Афрыцы, Блізкім Усходзе, Украіне. Казалі пра пакуты дзяцей. Тэкст мне спадабаўся настолькі, што я працытую невялікі фрагмэнт:
«Нешта кепскае адбываецца ў сьвеце, калі падзеньне на біржы выклікае ў нас большы боль сэрца, чым галодныя дзеці. Кепскае адбываецца ў сьвеце, дзе прыбытак ад гандлю зброяй важнейшы за мір, які ратуе самых слабых і бедных ад гвалту і пакутаў. Нешта ня так са сьветам, дзе развод цэлебрыці стаў важнейшай тэмай, чым малітва рэлігійных лідэраў за мір».
Такіх падзей учора было значна больш. Гэта падзеі, якія тлумачаць сьвет. Вядома, кожны мае поўнае права плакаць празь Піта і Джалі больш, чым па сотнях ахвяраў тайфуну недзе на невядомай большасьці высьпе. Тым больш, што ў экс-пары вялікае сэрца, яны ініцыявалі шмат дабрачынных праектаў. У рэшце рэшт, кожны мае права пачынаць і заканчваць дзень чытаньнем пляткарскіх сайтаў. Але мне асабіста хацелася б, каб людзей больш цікавілі падзеі, якія рэальна ўплываюць на іх жыцьцё, а не прыватнае жыцьцё іншых.
Грузьдзіловіч: Дзьмітрый, вы толькі што параўналі, а хутчэй нават супрацьпаставілі малітву папы Францішка ды іншых сьвятароў — і гісторыю пра развод Анджаліны Джалі і Брэда Піта — прынамсі, крыніца, якую вы працытавалі, іх супрацьпаставіла.
Але я б запытаўся: а чаму варта супрацьпастаўляць гэтыя гісторыі? Бо мне падаецца, што яны пра адно.
Сёньня раніцай па канале «Эўраньюз» якраз пачуў пра гэты развод, а раней была навіна пра тое, што папа Францішак ды іншыя сьвятары памаліліся сумесна за мір, за дзяцей. Мне здаецца, што ня варта ўсё ж звальваць усё ў адну кучу ды казаць, што вось тут усё дрэннае, а там — добрае. І што бяз гэтых навінаў пра сьвецкае жыцьцё было б лепш, трэба толькі пра духоўнае і пра праблемы. Так, гэта трэба — клопат пра духоўнасьць, мір і дзяцей — але і гісторыя пра Брэда і Анджаліну вартая сур’ёзнай увагі.
Гэта гісторыя пра дзяцей, пра тое, ці па сілах будзе зоркавай пары вытрымаць такія выпрабаваньні, якія бываюць у звычайных людзей
Мне здаецца, посьпех гэтай гісторыі, нават яе фэномэн, у тым, што яна якраз адрозьнівалася ад гісторыяў іншых сэлебрыці. Гэта не пра тое, як нехта ўжываў наркотыкі, здраджваў, сварыўся, разыходзіўся і зноў сыходзіўся, як тыя Кіркораў з Пугачыхай — не. Гэта гісторыя пра дзяцей, пра тое, ці па сілах будзе зоркавай пары вытрымаць такія выпрабаваньні, якія бываюць у звычайных людзей.
Пачалося з нараджэньня сваіх, але потым узялі на выхаваньне іншых, пачалі дапамагаць іншым дзецям. І тады гэтым захапіліся, уцягнуліся ў гэта мільёны людзей, гэта сапраўды была кранальная гісторыя, адрозная ад іншых.
Плюс да гісторыі зь дзецьмі далучылася творчая дуэль Анджаліны з Брэдам, той фільм пра іх адносіны. Тут, карацей, было шмат плыняў, сапраўды даволі захапляльна. І раптам — бац! — гэтая вестка пра тое, што іхні шлюб заканчваецца, што ідзе крушэньне ідэалаў, казкі, спадзяваньняў.
Вось калі б мне давялося складаць той ліст праграмы навінаў на дзень у «Эўраньюз», дык гісторыю пра развод Піта і Джалі абавязкова б уключыў. Гэтаксама як цікава, што папа Францішак зладзіў маленьне за дзяцей і за мір. Таму я б не лічыў, што гэта дрэнна — такое спалучэньне.
Што да заўвагі, наколькі актыўна беларусы адгукнуліся на гэты развод, дык таксама я б гэта толькі вітаў. Бо атрымліваецца, і гэта добра, што нашы грамадзяне таксама ўцягнутыя ў гэты сусьветны трэнд, яны не жывуць толькі праблемамі ўнутранымі ці расейскімі. Глядзяць ня толькі расейскае ТБ, дзе праз увесь дзень бясконцыя абмеркаваньні бытавых канфліктаў паміж мясцовымі маргіналамі, алькаголікамі і гэтак далей. Хоць нашы людзі, на жаль, вельмі ахвотна і гэта глядзяць. Але тут, аказваецца, можна зацікавіцца ня гэтымі гісторыямі з узаемным зьбіцьцём і падзелам дзяцей, як паказваюць на расейскім ТБ, а драматычнай гісторыяй сям’і Піта і Джалі. Таму я б не засмучаўся, што гэтая навіна ўсіх захапіла — і добра, што захапіла, бо гэта збольшага добрая гісторыя.
Цыганкоў: Часам людзі разважаюць пра тое, якая з антыўтопіяў найбольш «адгадала» сёньняшні час. Часьцей за ўсё называюць «1984» Оруэла, альбо «Новы дзівосны сьвет» Хаксьлі. Але мне падаецца, што найбольш рысаў нейкай антыўтопіі ў нашым жыцьці можна знайсьці ў кнізе Рэя Брэдбэры «451 градус па Фарэнгейту». Там апісанае грамадзтва, дзе спальваюцца кнігі як крыніца «сумневаў» і непатрэбных думак, дзе людзі амаль ня маюць моцнага душэўнага кантакту паміж сабой, а цэлымі днямі глядзяць цэлы экран, дзе ідзе рэаліці-шоў «Сваякі» — сучасны расейскі адпаведнік «Дом-2». Гэта тое прадказаньне, якое амаль цалкам прыйшло ў сёньняшняе жыцьцё.
За апошнія гады з разьвіцьцём сацыяльных сетак тэндэнцыя да таго, што прыватнае жыцьцё становіцца агульным, выносіцца на агульнае абмеркаваньне
Рэаліці-шоў пачаліся ў пачатку стагодзьдзя, калі рок-зорка Озі Озбарн пешым пусьціў тэлекамеру ў сваё звычайнае паўсядзённае сямейнае жыцьцё, і прывучыў гледачоў на новага фармату. За апошнія гады з разьвіцьцём сацыяльных сетак тэндэнцыя да таго, што прыватнае жыцьцё становіцца агульным, выносіцца на агульнае абмеркаваньне.
Мне часам здаецца, што ў Фэйсбуку найбольш папулярнымі становяцца тыя асобы, якія найбольш шчыра і без абмежаваньняў распавядаюць пра сваё прыватнае жыцьцё, праблемы, хваробы, эмоцыі, адносіны зь іншымі людзьмі. І гэта становіцца нейкім новым мэйнстрымам — усё напаказ, усе для агульнага абмеркаваньня.