Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначаная дата суду за сьпяваньне гімну «Магутны Божа» ў Віцебску


Пікет правацэнтрысцкай кааліцыі ў Віцебску
Пікет правацэнтрысцкай кааліцыі ў Віцебску

Позвы ў Кастрычніцкі райсуд атрымалі Алена Шабуня, Тацяна Севярынец і Георгі Станкевіч, якіх вінавацяць у несанкцыянаваным пікетаваньні.

Яны ўтраіх, зьбіраючы подпісы за сваё вылучэньне на кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прасьпявалі гімн «Магутны Божа» на вуліцы Леніна ў Віцебску.

На думку актывістаў, яны дзейнічалі ў межах выбарчага заканадаўства, якое не рэглямэнтуе відаў дзейнасьці падчас пікетаў па зборы подпісаў. Аднак палкоўнік Ігар Скарыновіч, намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віцебскага аблвыканкаму, вырашыў, што парушанае адміністрацыйнае заканадаўства.

Пікет па зборы подпісаў Алена Шабуня, Тацяна Севярынец і Георгі Станкевіч праводзілі 27 ліпеня, а таму яны віншавалі мінакоў з гадавінай прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Апрача гімну «Магутны Божа», «бард Свабоды» Георгі Станкевіч выканаў і ўласную песьню «Сьцяг».

Палкоўнік міліцыі Ігар Скарыновіч, які назіраў за падзеямі, але не зрабіў пікетоўцам ніводнай заўвагі, як патрабуе «Закон аб міліцыі», склаў рапарт аб адміністрацыйным правапарушэньні. З актывістаў узялі тлумачэньні ў Кастрычніцкім РАУС, і неўзабаве пасьля гэтага справу закрылі. Аднак пасьля таго, як у абласным упраўленьні міліцыі атрымалі скаргі на дзеяньні спадара Скарыновіча, адміністрацыйныя справы супроць усіх траіх былі ўзноўленыя.

Суд над актывістамі прызначаны на 16.00 22-га верасьня. Міліцыя імкнецца ўкласьціся ў тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам, паводле якога суд за адміністрацыйнае правапарушэньне мае распачацца не пазьней як на працягу двух месяцаў пасьля здарэньня. Галоўны аргумэнт міліцыі палягае ў тым, што Алена Шабуня, Тацяна Севярынец і Георгі Станкевіч падчас сьпяваньня не зьбіралі подпісаў ды яшчэ зьвярталіся да мінакоў. А таму, маўляў, дзеяньне выбарчага заканадаўства на іх у той момант не распаўсюджвалася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG