Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сэпаратысты» пад Лепелем, Бартосік на Палесьсі, «Сувораў» у Кобрыні


Добры вечар! Беларуская армія нарэшце пачала вучыцца, на палігоне пад Лепелем, як зачышчаць тэрыторыю ад сэпаратыстаў. Даўно было трэба.

АКАЗАЛАСЯ, «РОССИЮ 24» НЕЛЬГА ТРАНСЬЛЯВАЦЬ. Пры нагодзе змаганьня журналіста Глеба Лабадзенкі з аўтазапраўкай кампаніі United Company высьветлілася, што ня толькі запраўкі гэтай кампаніі, а і ўсе іншыя ў Беларусі ня маюць права трансьляваць тэлеканал «Россия 24». Што больш, «Россия 24» не ўваходзіць у лік 209 замежных каналаў, на распаўсюд якіх можна атрымаць дазвол у Беларусі.

НОВЫ ЭЎРАПЕЙСКІ ДЫСКУРС. Амбасадарка Францыі ў Беларусі Дамінік Газюі сказала, што сёньня супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЭЗ «ужо разьвіваецца значна больш дынамічна, чым некалькі гадоў таму». Спадарыня Газюі дадала, што «Эўразьвяз гатовы аказваць экспэртную, тэхнічную і, па магчымасьці, фінансавую дапамогу вашай краіне».

ПАЭТКА І РАМАН. «Быў у яе раман. Але бацька не дазволіў. Таму што патрэбны чалавек дужы, моцны духам. Каб усё жыцьцё даглядаць. Бацька сказаў «не». Была драма. Малады чалавек быў украінец. Ён прасіў рукі. Тады, я памятаю, было — ой, страшна глядзець было на ўсё гэта. Праплакала яна, бедненькая, але бацьку паслухалася» – гэткі ўспамін пра паэтку Ніну Мацяш запісаў наш няўрымсьлівы падарожнік Зьміцер Бартосік ад сястры паэткі, Алены, калі наведаўся ў родавы дом Мацяшоў у вёсцы Нівы на Палесьсі.

СУВОРАВА Ў КОБРЫНІ НЕ ПАМЕНЕЕ. Помнік расейскаму генэралісімусу Аляксандру Сувораву ў Кобрыні, які 17 верасьня выпадкова зьнёс кіроўца мясакамбінату, адрамантуюць і вернуць на ранейшае месца. Alas, poor Suvorick! – мог бы ўсклікнуць Гамлет над разьбітым пастамэнтам. Аднак ня ўсклікне. У Кобрыні ёсьць два іншыя помнікі Сувораву, а яшчэ вуліца імя Суворава, аднайменны парк, дом-музэй Суворава і гатэль «Сувораў». Alas, poor Kobrуn!

«КРОЎ ЛІСТАПАДА» МОЖНА ПРАЛІЦЬ УЖО Ў КАСТРЫЧНІКУ. Распрацоўшчыкі беларускамоўнай відэагульні «Айзэнвальд: Кроў лістапада» абяцаюць, што яе лічбавыя копіі пачнуць распаўсюджвацца ўжо ў кастрычніку 2016 году. Матывацыя для заканчэньня працы моцная: праз інтэрнэт яны сабралі ад аматараў відэагульняў па-беларуску больш за 12 тысяч даляраў.

Падпісацца праз электронную пошту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG