Ірэна Кацяловіч
У сучасным беларускім кінэматографе работы менавіта незалежных аўтараў, калі параўнаць іх з прафінансаванымі зь бюджэту праектамі, адрозьніваюцца актуальнасьцю. Чарговым доказам стала сацыяльная драма пра інвалідаў «Душы мёртвыя» Віктара Красоўскага. Яе з'яўленьне стала добрай навіной зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, незалежнае кіно на сацыяльна значныя тэмы — шчырае, бо ствараецца без дыктоўкі дзяржзаказу. Па-другое, карціна стала шырэйшай за свой жанр — аўтары не спэкулююць на тэме, а наадварот — выводзяць яе з будзённасьці на размову пра мэтафізыку быцьця. Стаўленьне да інвалідаў стала падставай казаць пра хрысьціянства, дабрадзейнасьць, душу, адплату — пра чалавечае жыцьцё ў кантэксьце жыцьця безьцялеснага, якое залежыць ад нашых рашэньняў у жыцьці рэальным. Хутка кароткамэтражку можна будзе ўбачыць на вялікім экране, магчыма — у праграме Нацыянальнага конкурсу кінафэстывалю «Лістапад».
Для беларускага кінэматографу сымбалічна, што чарговы фільм, пра які можна казаць сур’ёзна — незалежны і нізкабюджэтны (грошы на постпрадакшн каманда зьбірала на краўдфандынгавай плятформе «Ulej»).
Танальнасьць фільму рэжысэр выбраў беспамылкова — гэтая невідавочная трывожнасьць, ужо знаёмая нам з папярэдняй карціны Віктара Красоўскага «Вартаўнік» (атрымала гран-пры Варшаўскага кінафэстывалю беларускага кіно «Бульбамуві», была паказаная на форуме «Лістапад», унесеная ў каталёг праграмы Short Film Corner Канскага кінафэстывалю). Старанна прапрацаваны гукавы рад, падкрэсьлена безжыцьцёвы халодны антураж, нябачная прысутнасьць за сюжэтам чагосьці большага — адтуль жа. Абедзьве карціны адрозьніваюцца падрабязна прадуманай драматургіяй — пры стварэньні кіно якасьці Віктара Красоўскага як тэатральнага драматурга прыходзяцца дарэчы і выяўляюцца ў шматслаёвай канве апавяданьня са шматлікімі адсылкамі, рэмінісцэнцыямі, адгалоскамі. Гэтым разам галоўным матывам, зразумела, сталі Гогалевы «Мёртвыя душы». Фільм адным мантажным плянам, гэта значыць бяз склеек (як у оскараносным «Бэрдмэне» Алехандра Іньярыту або нямецкай карціне «Вікторыя» Сэбастыяна Шыпэра), паказвае паўгадзіны з працоўнага часу цэху, дзе працуюць людзі з абмежаванымі магчымасьцямі. Дарэчы, саміх сябе тут сыгралі людзі з асаблівасьцямі разьвіцьця. Камэра падарожнічае па памяшканьнях, як Чычыкаў па маёнтках, пераходзіць ад аднаго героя да іншага, нібы галоўны пэрсанаж «Мёртвых душ» прыяжджае ў чарговы пункт свайго маршруту. Тут каля трыццаці герояў, сярод якіх сваёй чырвонай курткай ва ўтылітарным інтэр’еры будынку выдзяляецца ўласны Чычыкаў у выкананьні Паўла Харланчука — кіраўнік прадпрыемства.
Хоць і не клясычны, але мантаж у карціне ўсё ж прысутнічае — мантаж па пэрсанажах, што зьмяняюцца перад бесьперапыннай камэрай (апэратарам стаў Аляксандр Алейнікаў). Рух пачынаецца з вахцёркі ля галоўнага ўваходу: трое супрацоўнікаў вывучаюць выявы камэраў назіраньня, задаюць амаль да канца фільму лятэнтны матыў разьмежаваньня, падзелу, «рознаўзроўневасьці».
Зрэшты, усе сэнсавыя ніці пачынаюцца з паўтонаў — пакуль гледачу здаецца, што нічога значнага не адбываецца, фінал надзяляе сэнсам увесь фільм. «Душы мёртвыя» — той выпадак, калі заключная нота вырашае ўсё. Паўгадзіны мы ідзем за валявым перамяшчэньнем камэры — бачым суровага Генадзя Астапыча (Генадзь Фамін), што пільна сочыць за дысцыплінай на вытворчасьці^; адносіны, што толькі зараджаюцца^; гістэрыку хворай на дыябэт дзяўчыны^; сварку Генадзя Астапыча з кіраўніком^; работнікаў з абмежаванымі магчымасьцямі, адзін зь якіх вучыць верш. А гучыць тут Велімір Хлебнікаў: «Я для вас Звезда. Горе моряку, взявшему неверный угол своей ладьи...», «...Вы разобьетесь о камни, и камни будут надсмехаться над Вами, как вы надсмехались надо мной».
Фільм «Душы мёртвыя» ўзяў на сябе ролю альбо другога тома Гогалевай паэмы (на што прэтэндаваць даволі сьмела), альбо сьведчаньня: мы ў гэтым томе жывем. Пасьля зьнішчэньня той здабыў, магчыма, большую сымбалічнасьць, чым калі б мы маглі яго прачытаць. Яго прысутнасьць у фільме надае значэньні нябачнага вока, пасквіля, нават прысуду, адсылае да цыклічнасьці і нязьменнасьці. Згадваньне Гогалевай кнігі ў «Душах мёртвых» далучае нас да «бясконцасьці, заключанай у канечным», калі сказаць словамі Бадлера. Да бясконцасьці хібаў грамадзтва.
Карціна, дзе існуе свой другі том, які зноў згарае, пацьвярджае актуальнасьць гогалеўскай іроніі і запазычвае матыў мёртвых душ у літаральным сэнсе: кіраўнік прадпрыемства просіць свайго падначаленага (у выкананьні Ягора Лёгкіна) скласьці плян, як пазбавіцца ад інвалідаў такім чынам, каб і прадукцыйнасьць павысіць, і льготы па падатках захаваць. Каб купіць мёртвыя душы. Чуецца: «Чаму рыба гніе з галавы?»
Паэма Гогаля — вечная, на што намякаюць тэхнічная безмантажнасьць, сюжэтная закальцаванасьць (фільм пачынаецца і заканчваецца на вуліцы з тым самым пэрсанажам, камэра робіць некалькі колаў па будынку, праходзячы праз галоўны ўваход), рыба, што ў якасьці гасьцінца перадаецца ад аднаго да другога (а рыба, дарэчы, — сымбаль хрысьціянства).
Сацыяльнай драмай «Душы мёртвыя» можна назваць толькі намінальна. Сюжэт паўсядзённасьці з дапамогай шэрагу адсылак і намёкаў, што выдатна карэлююць зь візуальнымі сродкамі перадачы атмасфэры, зьвяртаецца да катэгорый мэтафізычных. Усплываюць хрысьціянскі пастулят «любі бліжняга, як самога сябе», кругі пекла Дантэ, базавыя каштоўнасьці. Рэальнае кажа пра ірэальнае, а такога эфэкту ў кіно паспрабуй дамагчыся.
Нягледзячы на тое, што ў фільме шмат сымбаляў праз выкарыстаньне адсылак да культурнай спадчыны («Мёртвыя душы», Біблія, «Боская камэдыя» Дантэ, Хлебнікаў, шмат прымавак), то бок аўтар сцэнару карыстаецца тым, што ўжо створана, сам фільм атрымлівае ўнікальны выгляд. Як добра, што беларуская сацыяльная драма аказалася менавіта такой.