Лінкі ўнівэрсальнага доступу

500 мэтраў бел-чырвона-белай стужкі разабралі за паўгадзіны — акцыя на праспэкце Незалежнасьці


У Менску адбылася вулічная акцыя, прысьвечаная 25-годзьдзю прыняцьця нацыянальнай сымболікі: бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня». На мерапрыемства сабраліся каля сотні чалавек.

У 19:00 на Кастрычніцкай плошчы залуналі першыя сьцягі — некалькі актывістаў сталі ўздоўж праежджай часткі. У хуткім часе да іх далучыліся дзясяткі ўдзельнікаў. Было шмат моладзі: хлопцы і дзяўчаты выходзілі з мэтро, адразу загарнуўшыся ў бел-чырвона-белыя сьцягі.

Сярод прысутных на акцыі — Павал Севярынец, Павал Вінаградаў, Вольга Мікалайчык, Максім Вінярскі ды іншыя. Мерапрыемства таксама наведаў паэт і колішні кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў.

«Сёньня большасьць беларусаў баяцца выходзіць на Плошчу, бо трымаюцца за свой хісткі дабрабыт, баяцца яго згубіць. А ўлада баіцца рэформаў, таму што ведае: варта пачаць нешта рэфармаваць, як усё абрынецца. Перабудова напрыканцы 80-х— выдатны гістарычны прыклад такой сытуацыі. Нягледзячы на гэты ўзаемны страх, усе разумеюць і адчуваюць: зьмены адбудуцца ўжо вельмі хутка», — сказаў спадар Някляеў.

Удзельнікі расьцягнуліся па праспэкце на адлегласьці ад нулявога кілямэтру да Плошчы Незалежнасьці. Па словах Паўла Севярынца, першапачаткова яны мусілі рушыць да самога Дому ўраду, але пасьля павярнулі назад да Кастрычніцкай.

Мінакі зьдзіўлена, але зацікаўлена паглядалі на падзею. Хлопец, які чакаў аўтобус на прыпынку падзяліўся з карэспандэнтам Свабоды сваім уражаньнем:

«Гэта ж сьцяг БНФ, калі я не памыляюся? Шчыра кажучы, ня ведаю, з якой нагоды тут сабраліся людзі. Адзінае, што чытаў пра бел-чырвона-белы сьцяг — што ён быў дзяржаўным яшчэ да савецкіх часоў. Трохі сорамна, але пра далейшую яго гісторыю я нічога ня чуў», — сказаў юнак.

Яшчэ двое маладзёнаў падышлі да актывісткі Натальлі Гарачка-Басалыгі і спрабавалі абвінаваціць яе ў «русафобіі», але пасьля сышлі.

Натальля Гарачка-Басалыга
Натальля Гарачка-Басалыга

Арганізатар акцыі лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч выступіў з прамовай і заклікаў распачаць збор подпісаў за ўключэньне нацыянальнага сьцягу ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцей Беларусі. Пры дастатковай колькасьці падпісантаў, пэтыцыя будзе перададзеная ў Міністэрства культуры.

Каардынатар «Арт-сядзібы» Павал Белавус разам з паплечнікамі зладзіў раздачу стужак з нацыянальным арнамэнтам:

«Вядома, цікаўнасьць у народа ёсьць, і значная — за амаль паўгадзіны мы раздалі 500 мэтраў стужкі. Нават ня ўдзельнікі, а звычайныя мінакі падыходзілі і бралі сувэнір для сябе і сяброў».

Акцыя завяршылася ў 20:15 без затрыманьняў і без складаньня пратаколаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG