Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога прэзыдэнта Бразыліі абвінавацілі ў карупцыі


Лула да Сілва
Лула да Сілва

Лула да Сілва абвінавачваецца ў арганізацыі сыстэмы карупцыі з мэтай фінансаваньня Партыі працоўных.

У сераду пракуратура Бразыліі абвінаваціла былога прэзыдэнта Лулу да Сілву ў арганізацыі і кіраўніцтве сыстэмай хабарніцтва, у рамках якой шматлікія партыйныя функцыянэры ўзбагачалі сябе і кіроўную Партыю працоўных, дапамагаючы за хабар блізкім ім бізнэсмэнам заключаць дарагія кантракты з дзяржаўнай нафтавай кампаніяй «Пэтрабрас».

На спэцыяльнай прэс-канфэрэнцыі прадстаўнік пракуратуры заявіў аб тым, што да Сілве будуць прад’яўленыя абвінавачваньні ў карупцыі і адмываньні грошай, паколькі, як выказаўся пракурор, «ён быў дырыжорам злачыннага аркестру», у выніку дзейнасьці якога кампанія «Пэтрабрас» страціла каля 12 з паловай мільярдаў даляраў.

Падчас прэзыдэнцтва Лулы да Сілвы з 2003 да 2011 году Бразылія зазнала значны эканамічны рост дзякуючы рэзкаму росту коштаў прыродных рэсурсаў, якія зьяўляюцца галоўным пунктам бразыльскага экспарту. Раптоўнае зьмяненьне каньюнктуры справакавала найглыбейшую за 80 гадоў рэцэсію і прывяло да падзеньня папулярнасьці пераемніцы да Сілвы на пасадзе прэзыдэнта Дзілмы Русэф, якая была падвергнутая імпічмэнту і адхіленая ад пасады прэзыдэнта краіны за незаконнае пераразьмеркаваньне бюджэтных выдаткаў бязь ведама парлямэнту.

Гэта самае сур’ёзнае з прад’яўленых да Сілве абвінавачваньняў. Вясной яго абвінавацілі ў атрыманьні хабараў у памеры больш за мільён даляраў, у тым ліку, кватэры ў курортным горадзе. Ён абвяргае абвінавачваньні.

У выніку маштабнага расьсьледаваньня карупцыі ў шэрагах Партыі працоўных і «Пэтрабрасе», якое пачалося ў 2014 годзе, некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку партыйных функцыянэраў і буйных прадпрымальнікаў, былі асуджаныя і прысуджаныя да турэмнага зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG