У інтэрвію ТАСС кіраўнік Беларусі распавёў пра свайго малодшага сына Мікалая.
Ён абурыўся, што ў расейскіх СМІ Мікалая называюць спадчыньнікам.
«Вось усё заклапаціліся: ай-ай-ай, спадчыньнік — вось да чаго я кажу — гэта ж прынц насьледны, гэта ж Лукашэнка яго рыхтуе...»
Лукашэнка назваў гэта «ідыятызмам».
«У нас не раней за 35 гадоў ты можаш стаць прэзыдэнтам. Гэта што, я яшчэ 20 гадоў павінен быць прэзыдэнтам?! Ды я не дажыву да гэтага, пакуль Коля стане прэзыдэнтам...»
Лукашэнка ўдакладніў:
«Я не хачу, каб ён пасьля мяне быў прэзыдэнтам. Гэта ўжо ў краіне павінна нешта надзвычайнае адбыцца, каб пасьля мяне адразу стаў нават старэйшы сын, здольны, разумны хлопец, дасьведчаны ўжо, больш за 40 гадоў, каб ён стаў прэзыдэнтам. У нас няма ў сямʼі гэтага, разумееце, мы не ўладарым, бацька іхні не пануе, ён служыць. А гэта вялікая розьніца. Адна справа — панаваць, а іншая — служыць. Служыць цяжка, і яны бачаць гэтую ношу, якую мне даводзіцца цягнуць. І яны бачаць усе недахопы гэтага. І мой малы, меншы, гэта ж разумее ўсё. Я пытаюся: „Коля, чым будзем займацца, калі вырасьцем?“ — „Толькі не тваёй працай“. Ведаеш, вось так вось, праз губу».
Лукашэнка сказаў, што Мікалаю 12 гадоў, ён ходзіць у шостую клясу, яго рост 172 сантымэтры.