Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што засьведчылі акцыі апазыцыі да Дня вайсковай славы?


Адметнасьць сёлетняга адзначэньня Дня бітвы пад Воршай — у тым, што яно адбываецца ва ўмовах паўзучай расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, фактычнай вайны, разгортваньня новых расейскіх вайсковых частак ужо і пад межамі Беларусі.

Карбалевіч: Нацыянальна-дэмакратычныя сілы кожны год 8 верасьня адзначаюць Дзень беларускай вайсковай славы. У гэты дзень войскі Вялікага Княства Літоўскага здабылі перамогу над Масквой у бітве пад Воршай у 1514 годзе.

Партыя БНФ правяла сьвяточны мітынг перад Опэрным тэатрам. Актывісты з «Маладога фронту» правялі пікет каля расейскай амбасады ў Менску.

Спачатку пра першую акцыю. Мітынг Партыі БНФ выйшаў зусім нешматлікі. Менавіта гэтая нешматлікасьць выклікала зьдзеклівыя камэнтары на форумах і ў сацыяльных сетках. Партыя не змагла мабілізаваць нават сваіх сябраў зь менскай арганізацыі. Мусіць, не разьлічыла сілы. Нават Статкевіч на свае акцыі зьбірае больш, хоць і ня мае такіх структураў, як БНФ. Калі ўлічыць, што цяпер у Менску шмат замежных назіральнікаў і журналістаў, то гэтая падзея, мякка кажучы, зусім ня ў плюс апазыцыі.

Што тычыцца пікету «Маладога фронту» каля расейскай амбасады. Да пачатку акцыі быў затрыманы лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, на падыходзе да амбасады схапілі актывістку Вольгу Мікалайчык. Таксама затрыманыя былі Ўладзь Яроменак і Сяргей Пальчэўскі.

Акцыю правялі фактычна два чалавекі, актывісты Сяржук Стрыбульскі і Павал Пракаповіч. Яны разгарнулі расьцяжку «Акупанты — вон», скандавалі лёзунгі ў падтрымку Ўкраіны.

Тут зьвяртаюць на сябе ўвагу вось якраз затрыманьні апазыцыйных актывістаў. Бо ўжо амаль год прадстаўнікоў апазыцыі фактычна не затрымлівалі падчас вулічных акцыяў. Іх толькі штрафавалі праз суд. Гэта была праява палітычнай лібэралізацыі, якую ўлады спрабуюць дэманстраваць Захаду.

І вось цяпер — затрыманьні. Прычым у выпадку з Дашкевічам гэта адбылося, як і раней, брутальна, было задзейнічана больш за дзясятак прадстаўнікоў сілавых структураў. Праўда, затрыманых хутка адпусьцілі. Прычым гэта адбываецца ў момант, калі ў краіне праходзіць выбарчая кампанія, прысутнічаюць замежныя назіральнікі і журналісты.

Думаю, улады пайшлі на гэта, бо, па-першае, гэтыя акцыі апазыцыі і затрыманьні праходзілі фармальна па-за выбарчай кампаніяй.

Па-другое, гэта была спроба прагнуцца перад Расеяй. Бо хацелі не дапусьціць пікету каля расейскай амбасады. Мяркую, што гэтыя затрыманьні і скандал з расейскім сьцягам у беларускіх паралімпійцаў — гэта дзеяньні з аднаго шэрагу. Менск хоча нешта атрымаць ад Расеі.

Каліноўскі: Канечне, тыя акцыі да Дня беларускай вайсковай славы, якія прайшлі ўчора, нельга параўнаць з маштабнымі сьвяткаваньнямі, канцэртамі на Крапівенскім полі і прысягамі ў цэнтры Менску, якія ладзіліся ў 1990-х гадах. Маштаб ня той, бо няма нацыянальнага ўздыму. Дваццаць гадоў усё нацыянальнае ў Беларусі ўціскаецца, навязваецца няроўнае сяброўства з Расеяй. Цяпер, калі выявілася нейкая лібэралізацыя перад выбарамі, то дэмакратычныя сілы вырашылі скарыстаць яе і дзеля таго, каб нагадаць пра гэтую слаўную дату перамогі продкаў беларусаў над маскоўцамі ў Аршанскай бітве 1514 году.

Улады ж перастрахаваліся. У Менску міліцыя прэвэнтыўна затрымала арганізатараў акцыі ля расейскай амбасады Зьмітра Дашкевіча і Вольгу Мікалайчык.

Адметнасьць сёлетняга адзначэньня Дня бітвы пад Воршай — у тым, што яно адбываецца ва ўмовах паўзучай расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, фактычнай вайны, разгортваньня новых расейскіх вайсковых частак ужо і пад межамі Беларусі — у Смаленскай і Бранскай абласьцях. Гэта непасрэдная пагроза Беларусі, пагроза так званай гібрыднай вайны. І гэта адчувае ня толькі «Малады фронт», які зладзіў акцыю рыцьця акопаў ля Веткі, гэта адчуваюць і ўлады Беларусі, Аляксандар Лукашэнка, гэтая пагроза адлюстраваная ў новай вайсковай дактрыне Беларусі. Розьніца толькі ў тым, што «Малады фронт» можа казаць пра расейскую пагрозу, а Лукашэнка дыпляматычна хавае гэта.

Таму нагадваць пра слаўнае мінулае, пра шмагадовыя войны і паўстаньні нашых продкаў супраць агрэсіі з Усходу трэба.

Глод: Канечне, можна папракаць арганізатараў гэтых акцыяў, што не было масавасьці, не было шматлікасьці. Супраць гэтага цяжка нешта сказаць, бо відаць жа, колькі людзей там было.

Але ёсьць і грамадзкая значнасьць акцыі, ёсьць яе сымбалічнасьць. Сьвяткаваньне гадавіны Аршанскай бітвы разбурае міт, які навязвалі ў Савецкай Беларусі ўсім — нібыта на расейскіх землях жылі нашы браты, якія несьлі нам спакой і вечна вызвалялі беларусаў ад некага. Такія міты, няхай не адразу, аднак патрэбна разбураць, у тым ліку і гэткімі акцыямі. Інакш мы ніколі не пазбавімся комплексу непаўнавартасьці.

Валер Каліноўскі слушна казаў, што сёлета гэтая акцыя набыла асаблівае значэньне. Таму я хачу згадаць пра падзеі 6 верасьня каля Веткі. Там актывісты «Маладога фронту» капалі ў лесе акопы. І гэта новая старонка ў сьвяткаваньні, старонка надзвычай актуальная. Бо сваёй акцыяй яе ўдзельнікі прадэманстравалі — межы Беларусі трэба абараняць у першую чаргу з усходу.

Падзеі ва Ўкраіне выразна насьцярожылі і паказалі: тое, што там адбылося ўчора, можа заўтра адбыцца і ў Беларусі. Таму акцыі, няхай і нешматлюдныя, паказваюць — менавіта з Масквы існуе пагроза сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі. Нельга сказаць, што яе не было раней. Але вось у такіх вострых формах, калі расейцы фактычна падвялі сваё войска ўшчыльную да нашай мяжы, яна праявілася ўпершыню.

Ну і, канечне, можна зразумець і беларускае кіраўніцтва. Ні заходнія краіны, ні Міжнародны валютны фонд крэдытаў Беларусі пакуль не даюць. Таму цяпер неабходна неяк залагодзіць Крэмль. І можна адрапартаваць: мы вас падтрымалі на Паралімпіядзе ў Рыё, а ў Менску прыціснулі тых, хто выступае супраць нашых старэйшых братоў. Таму чакаем удзячнасьці ў адказ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG