Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Беларусь атрымае за скандал з расейскім сьцягам у Рыё?


<p>Навошта беларускія ўлады ўчынілі скандал на Паралімпіядзе? Падняцьце расейскага сьцяга на адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў было сплянаванай акцыяй кіраўніцтва Беларусі. Што Менск хоча атрымаць за гэта ад Масквы?</p>

Каліноўскі: Скандал на Паралімпіядзе ў Рыё, калі чыноўнік Мінспорту Беларусі Фомачкін пранёс на цырымоніі адкрыцьця сьцяг не дапушчанай да гульняў за допінг зборнай Расеі, носіць зусім не спартовы характар.

Гэтая выразна палітычная акцыя — акцыя непавагі да алімпійскіх прынцыпаў і рашэньняў Паралімпійскага камітэту. Ніякіх спартовых мэтаў акцыя ня мела, і выканаў яе не спартовец, а чыноўнік, які зусім не павінен быў быць у Рыё-дэ-Жанэйра, бо ён адказвае за зімовыя віды спорту, а не за летнія. Беларускія чыноўнікі спачатку блыталіся, ці браць на сябе адказнасьць за дэмарш, але ўсё ж прызналі, што гэта была ініцыятыва, падтрыманая асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. Пры гэтым прычына, дзеля якой зборную Расеі адхілілі — допінг, — замоўчваецца. Гавораць пра мужны ўчынак, пра салідарнасьць з Расеяй. З усяго вынікае, што гэта ня быў учынак асобнага чыноўніка, гэта была сплянаваная акцыя.

Беларусы несьлі два сьцягі, адзін арганізатары заўважылі і забралі, другі Фомачкіну ўдалося схаваць на сабе і праскочыць ахову. Пры гэтым кіраўнік беларускага Паралімпійскага камітэту, каб усыпіць пільнасьць арганізатараў, запэўніваў, што расейскі сьцяг будзе толькі на трыбуне. Да дэмаршу ў Рыё Міжнародны паралімпійскі камітэт паставіўся досыць паблажліва — пазбавіў акрэдытацыі толькі самога чыноўніка, хоць мог бы дыскваліфікаваць усю каманду, бо гэта ня быў учынак адзіночкі, а была камандная правакацыя, палітычная акцыя, якая не спрыяе алімпійскаму духу спаборніцтваў.

У Маскве Фомачкіна тут жа назвалі героем, паабяцалі запрасіць у госьці і ўсяляк яму аддзячыць, пазытыўныя ацэнкі прагучалі з МЗС Расеі, адміністрацыі Пуціна. Фомачкіну аддзячаць напэўна. А як аддзячаць чалавеку, які стаяў за ўсім гэтым — а гэта мог быць толькі Аляксандар Лукашэнка? Ці шырэй — Рэспубліцы Беларусь у цэлым, якая разьлічвае на пэўныя прэфэрэнцыі з боку Расеі? Ня выключана, што на гэты скандал была замова з расейскага боку. А калі была замова, то, магчыма, былі і нейкія ўмовы, нейкая «падзяка». Ці ўсё тут было шчыра, проста прагін, без жаданьня нешта атрымаць у адказ? Давайце паразважаем над гэтым, калегі.

Я хачу нагадаць, што ўчора, у той жа дзень, віцэ-прэм’ер ураду Расеі Аркадзь Дварковіч заявіў, што ніякага кампрамісу па газавым пытаньні зь Беларусьсю не было, Беларусь мусіць даплаціць 300 мільёнаў за газ. Натуральна, гаворка не ідзе пра зьніжэньне цаны на расейскі газ. Тут саступка каштуе сотні мільёнаў даляраў, і ня варты столькі пранос 80 мэтраў расейскага сьцяга невядомым беларускім чыноўнікам. Аднак нечага беларускі бок чакаў — і, магчыма, не дачакаецца. Фармат падзеі аказаўся ня той. Ад гэтага скандалу расейскі бок чакаў трошкі большага. Нездарма там адразу зьявіліся зьвесткі, што расейскі сьцяг пранёс беларускі спартсмэн-інвалід. Чыноўнік — гэта ўжо ня тое. Таму і падзяка, якая, безумоўна, прадугледжаная ў гэтым раскладзе, будзе значна меншая, чым разьлічвала Беларусь, а можа, і наагул ня будзе ніякай падзякі.

Беларусь жа ахвяравала на Гульнях ня нейкім вядомым спартоўцам, а нікому не вядомым дробным чыноўнікам зь зімовых відаў спорту, якому ў прынцыпе на гэтых Гульнях няма чаго рабіць і якога, магчыма, толькі дзеля гэтай акцыі і ўзялі ў Рыё. Вядома, значнасьці падзеі дадалі пазьнейшыя камэнтары Аляксандра Лукашэнкі і беларускага МЗС. Але фота абсалютна на выгляд здаровага чалавека, нікому нават у Беларусі невядомага, недзе ззаду беларускай каманды, няхай і з расейскім сьцягам, — гэта, адчуваецца, ня тое, што замаўляла Масква. Таму мы ніколі не даведаемся, якія «плюшкі» паабяцалі расейцы за гэты акт непавагі да Алімпійскіх прынцыпаў. Хутчэй за ўсё, нічога за гэта не абломіцца. Хіба што асабіста Фомачкіну.

Карбалевіч: Варта адзначыць некалькі дзіўных фактаў. Калі дыскваліфікавалі беларускіх весьляроў усьлед за расейскімі лёгкаатлетамі перад Алімпійскімі гульнямі, то рэакцыя Лукашэнкі была вельмі стрыманая. Палітычнае кіраўніцтва краіны яўна не хацела ісьці на канфлікт. Калі дыскваліфікавалі Паралімпійскую зборную РФ, таксама на палітычным узроўні беларускія ўлады ніяк не прарэагавалі. І нават калі кіраўнік Паралімпійскага камітэту Беларусі Шэпель заявіў, што наша дэлегацыя выйдзе з расейскім сьцягам, то потым адкруціў назад, казаў, што яго ня так зразумелі. І вось раптам такая дэманстратыўная правакацыя. Прычым, як адзначыў ужо Валер Каліноўскі, расейскі сьцяг нёс не спартовец, а чыноўнік, начальнік аддзелу зімовых відаў спорту Міністэрства спорту і турызму Беларусі Андрэй Фомачкін. То бок гэта была загадзя сплянаваная акцыя, узгодненая з вышэйшым кіраўніцтвам. І каб усім усё было зразумела, зьявілася заява прэсавага сакратара прэзыдэнта Натальлі Эйсмант — пра тое, што прэзыдэнт падтрымлівае гэтую акцыю, мы «абсалютна родныя, брацкія народы».

Падтрымаў гэтыя дзеяньні і прэсавы сакратар МЗС Мірончык. То бок падзею штучна і сьвядома раздулі. Што здарылася? Думаю, тут беларускія ўлады вырашаюць нейкую іншую палітычную ці эканамічную праблему ў адносінах з Расеяй. А паралімпійцаў выкарысталі дзеля прыклёпу. Выкажу кансьпіралягічную вэрсію, частку якой ужо выказваў у нашай перадачы «Трайны ўдар» Юры Дракахруст. Магчыма, уся гэтая гісторыя зьвязаная з тымі напружанымі перамовамі па цэнах на газ, якія цяпер ідуць паміж урадамі Беларусі і Расеі. Юры Дракахруст зьвярнуў увагу вось на што. Спачатку ў расейскай газэце «Коммерсант» зьявілася інфармацыя, што бакі дамовіліся, Расея гатовая зьменшыць на трэць цэны на газ. Потым нечакана міністар замежных спраў Беларусі Макей едзе ў Кіеў, дорыць украінскаму прэзыдэнту Парашэнку слуцкі пояс, робіць там ня вельмі прыемныя Маскве заявы. І хутка расейскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што па газу не дамовіліся, перамовы працягваюцца. То бок кіраўніцтву Расеі не спадабаўся гэты візыт Макея ў Кіеў, і яны адкруцілі назад. І вось цяпер Менск імкнецца з дапамогай гэтага скандалу з паралімпійцамі залагодзіць Расею, каб атрымаць выгадную дамову па газе.

Вось сп. Каліноўскі кажа, што з гэтага нічога не атрымаецца. А я думаю, што ўсё можа атрымацца. Калі паглядзець, як адрэагавала Масква на гэты скандал, то цалкам рэальна, што беларускія ўлады трапілі ў кропку. Падзеі ў Рыё-дэ-Жанэйра радасна пракамэнтавалі і прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Пяскоў, і начальнік дэпартамэнту інфармацыі МЗС РФ Захарава. Гульня на імпэрскіх комплексах Расеі можа спрацаваць. Лукашэнка — майстра такой гульні. А заява віцэ-прэм’ера Дварковіча зьявілася яшчэ да таго, як гэтая гісторыя ў Рыё стала рэзананснай. І калі цяпер мы пачуем, што бакі дамовіліся наконт газу, то можна казаць, што апэрацыя ўдалася. Праўда, коштам нацыянальнага прыніжэньня.

Глод: Бясспрэчна адно — гэты скандал у Рыё далёка выходзіць за межы спорту. І тут абодва мае калегі маюць рацыю. Але неабходна зразумець: навошта гэтая правакацыя была патрэбная беларускаму кіраўніку? Я думаю, карані гэтай крыклівай акцыі — у складаным эканамічным становішчы ў самой Беларусі і ў традыцыйных дачыненьнях з Расеяй, якія на дадзеным этапе выглядаюць вельмі складанымі. І ўчора, і пазаўчора ў «Трайным удары» мы абмяркоўвалі і сацыяльнае расслаеньне, якое нарастае ў беларускім грамадзтве, і падзеньне прыбыткаў, з-за чаго беларусы пачалі масава несьці ў абменьнікі свае валютныя заначкі.

З ростам беднасьці нарастае і сацыяльная незадаволенасьць. Пазаўчора я купляў на Камароўцы гародніну. Размаўляў з прадавачкай. Пэнсіянэрка. Пэнсія, зь яе словаў, два мільёны. Кажа, што, можа, неяк бы перабілася і бяз працы, асабліва цяпер, калі на лецішчы вырасьлі і бульба, і памідоры, і яблыкі. Але ж нявестку скарацілі з працы. Таму трэба дапамагаць сям’і сына. Кажа, навошта гэты Лукашэнка сабе новы палац пабудаваў? Хай бы лепей гэтыя грошы аддаў пэнсіянэрам, бо так даўно пэнсію не падвышалі. Калі людзі бяднеюць, яны становяцца сьмялейшымі. Я зьвярнуў увагу, што ў некаторых расейскіх мэдыях пачалі пісаць: чаму мы не індэксуем памер пэнсіяў, а робім зьніжкі на газ для Беларусі?

Сапраўды, у Крамля цяпер сваіх праблемаў безьліч, і таму рэсурсаў на падтрымку Беларусі ўсё меней. Заходніх крэдытаў няма. Пра кітайскія ўжо сто раз гаварылася: яны выключна зьвязаныя, жывых грошай там амаль няма. А валюта вельмі патрэбная. Той жа Расеі неабходна вяртаць 300 мільёнаў даляраў за газ. Значыць, тэрмінова неабходна вярнуць добрае стаўленьне да Беларусі. І ня толькі расейскага кіраўніцтва, а ўсіх расейцаў. Так, я думаю, і нарадзілася гэтая выключна выйгрышная для Лукашэнкі піяр-акцыя. Паглядзіце, як на яе імгненна адрэагавалі ў Расеі. Там пішуць, што нарэшце знайшліся сьмелыя людзі, якія падтрымалі «пакрыўджаных» расейцаў. Ну, давялося Лукашэнку прагнуцца перад Крамлём. Але што з гэтага — ня першы ж і не апошні раз. Затое якія дывідэнды! Можна спадзявацца і на новыя крэдыты, і на новыя зьніжкі. І пры гэтым не патраціць на акцыю фактычна ніводнага рубля. Гэта, ведаеце, калегі, таксама вялікае майстэрства.

Будуць расейскія крэдыты — значыць, можна супакоіць, няхай і часова, насельніцтва. Гэта ўсё ж лепей, чым пусьціць некалькі апазыцыянэраў у парлямэнт. Нават тых, хто сёньня выступае выключна за мірныя перамены. Бо хто ведае, пра што яны будуць гаварыць у Авальнай залі праз год-два.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG