Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Драздоў: Дэвіз «пагонічаў» — Бог, нацыя, асоба


Генадзь Драздоў
Генадзь Драздоў

Днямі выходзіць у сьвет альбом-каталёг «Пагоні» — вынік 25-гадовай дзейнасьці сяброў аб’яднаньня. Як ставіцца да яго афіцыйны Саюз мастакоў, і чаму «пагонічы» адмовіліся ад дзяржаўных ўзнагародаў? Госьцем перадачы — старшыня суполкі Генадзь Драздоў.

— Спадар Генадзь, з дваццаці пяці гадоў, што існуе «Пагоня», шэсьць гадоў суполку ўзначальваеце вы. Што за гэты час вы лічыце найбольш значным?

— Гэта найперш дзьве выставы, прысьвечаныя 500-м угодкам Бітвы пад Воршай і 175-м угодкам з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага. Гэта плэнэр у Бычках, прысьвечаны Васілю Быкаву, дзе сабралася практычна ўся нацыянальная эліта. Гэта і ўдзел у палітычных акцыях, бо гісторыя суполкі «Пагоня» непадзельна зьнітавана з гісторыяй станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці. З апошніх падзеяў згадаю юбілейную выставу- падсумаваньне нашых вынікаў за чвэрць стагодзьдзя. 25 гадоў для любога творчага аб’яднаньня — вялікі ўзрост. Мы ведаем, што мастацкія гурты рэдка дажываюць да такога ўзросту. Мы ж працягваем існаваць як суполка і надзвычай плённа працуем. Гэта сьведчыць пра тое, што запатрабаванасьць у мастаках, якія цьвёрда стаяць на пазыцыі захаваньня нацыянальных каштоўнасьцяў, вялікая. І яна будзе існаваць да той пары, пакуль будуць існаваць дзяржава Беларусь і этнас беларусаў-ліцьвінаў. Калі б у нас была нармальная дзяржава, то і «Пагоня» была б больш знакамітая і паважаная ў краіне.

— Сябры «Пагоні» заўжды апынаюцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Угодкі Аршанскай бітвы на Крапівенскім полі ладзяцца — там «Пагоня». Звон Свабоды трэба зрабіць — і там «Пагоня». 25 Сакавіка адзначыць — і тут без «пагонічаў» не абыходзіцца. З гэтага гледзішча «Пагоню» можна назваць своеасаблівай «хуткай дапамогай» беларушчыны.

— У гэтым сэнсе так, нашы сябры надзвычай мабільныя. Калі ёсьць магчымасьць у нейкай імпрэзе паўдзельнічаць і дапамагчы, яны сапраўды — як «хуткая дапамога». Хоць усе нашы выезды, плэнэры ці выданьні каталёгаў — усё робіцца на грамадзкіх пачатках, ніхто нам ніколі ня даў ні рубля. Гэта ахвярная праца. Я старшынюю ў «Пагоні» ўжо шосты год і скажу, што напруга калясальная. Кожны дзень я пачынаю з грамадзкіх справаў — туды трэба пайсьці, з тым сустрэцца... Але мы разумеем, што нашу працу за нас ніхто ня зробіць.

— А колькі ў Саюзе мастакоў сяброў, якія сёньня з гонарам могуць сказаць: «Я — «пагоніч»?

— Сёньня ў суполцы 53 чалавекі. У каталёгу прадстаўленыя 104 творцы. Шмат хто ўжо адышоў у лепшы сьвет — Віктар Маркавец, Уладзімер Сулкоўскі, Георгі Скрыпнічэнка, Сяржук Цімохаў, Алег Маціевіч... Былі і такія, што выйшлі з «Пагоні». За час майго старшыняваньня з прычыны ўласных амбіцый выйшаў, напрыклад, Рыгор Сітніца.

Віктар Маркавец расьпісвае царкву ў Заслаўі
Віктар Маркавец расьпісвае царкву ў Заслаўі

— Дык ён жа старшыня ўсяго Саюзу мастакоў. Да ўсіх фракцый і суполак ён мусіць ставіцца нэўтральна, таму, відаць, і выйшаў.

— Магчыма, і так. Некаторыя змушаныя былі пакінуць «Пагоню», каб знайсьці працу. Бо там, дзе яны хацелі ўладкавацца, ім адкрытым тэкстам казалі: «Вы выходзіце з „Пагоні“, і тады мы вас бяром».

— Сябры суполкі неаднойчы арыштоўваліся на розных мастацкіх акцыях — тут можна згадаць Аляксея Марачкіна, Алеся Пушкіна, Алеся Цыркунова, ды і вы траплялі ў пастарунак. Аднойчы моцна зьбіты быў Рыгор Данчанка. А як вы ставіцеся да тых мастакоў, якіх тая самая ўлада ня б’е, ня кідае за краты, а ўзнагароджвае і дае выгодныя дзяржзаказы?

Мы на сходзе «Пагоні» прынялі рашэньне не ўдзельнічаць у разьмеркаваньні дзяржаўных узнагародаў, якія ідуць на Саюз мастакоў.

— Вельмі проста стаўлюся. Мы на сходзе «Пагоні» прынялі рашэньне не ўдзельнічаць у разьмеркаваньні дзяржаўных узнагародаў, якія ідуць на Саюз мастакоў. Чаму? Таму што нідзе ў сьвеце мастакам не даюць узнагародаў за ляяльнасьць да дзяржавы.

— Ну, дзяржава калі ўзнагароджвае, то не абвяшчае «за ляяльнасьць», а — «за выдатныя творчыя дасягненьні».

— Калі даецца Дзяржаўная прэмія ці прэмія Міністэрства культуры — гэта так. Але ёсьць яшчэ шмат розных мэдалёў і граматаў, якія даюцца выключна за ляяльнасьць да дзяржавы. І калі ты не выступаеш супраць улады, ціхенька сядзіш, малюеш ці лепіш, тады ты маеш больш шанцаў быць узнагароджаным уладай, атрымаеш і заказ. Магу прывесьці такі прыклад. Калі быў апошні буйны заказ — аздабленьне новай рэзыдэнцыі (гэтак званы Палац Незалежнасьці), я пра яго нават ня ведаў. Хоць як старшыня сэкцыі павінен быў ведаць. На нашу сэкцыю не перапала ніводнага заказу, хоць ледзь ня ўвесь астатні саюз карміўся там. У першую чаргу кіраўніцтва саюзу — Рыгор Сітніца, Уладзімер Савіч, Леанід Хобатаў, Віталь Герасімаў, Уладзімер Вішнеўскі і шмат хто яшчэ. Гэты дзяржаўны заказ быў вельмі добра аплочаны.

Пэрформанс Алеся Пушкіна на прыступках Мастацкага музэя
Пэрформанс Алеся Пушкіна на прыступках Мастацкага музэя

— Але ж і працы там было шмат. Прычым, працы, пагадзіцеся, не халтурнай. І нацыянальны калярыт там прысутнічае. На плошчы перад палацам нават барэльеф з Пагоняй навідавоку.

— Я там ня быў, аздабленьня таго ня бачыў, таму не магу даць мастацкую адзнаку. А тое, што бачыў на фотаздымках... З архітэктурнага гледзішча гэта хутчэй традыцыі ўсходу, вельмі нагадвае палацы эгіпецкіх фараонаў. Беларускага там нічога няма. Што тычыцца ўнутранага аздабленьня, то я бачыў эскізы росьпісаў — яны настолькі слабыя, што проста сьмешна. Самае цікавае, што выканаўцы таго заказу пасьля самі сябе вылучылі на прэмію «саюзнай дзяржавы».

— Дарэчы, яе гады два таму павялічылі, і на сёньня прэмія складае 5 мільёнаў расейскіх рублёў — гэта каля 76 000 даляраў.

— Таму шмат хто і спакушаецца. На жаль, эканамічная сытуацыя ў Беларусі далёка не найлепшая, таму і мастацтва ў нас у заняпадзе. Сёньня «купіць» мастака можна вельмі танна.

— Уявім сабе такую сытуацыю. Вам тэлефануюць зь Міністэрства культуры і кажуць: вы Драздоў, а ў Драздах аздабляецца новая рэзыдэнцыя, мы хочам набыць для яе вашу карціну. Драздоў у Драздах — такая фішка. Вы згадзіліся б?

Вісець у рэзыдэнцыі ў Драздах — для мяне не паказчык прэстыжу.

— Фішка цікавая. Але вісець у рэзыдэнцыі ў Драздах — для мяне не паказчык прэстыжу. Хутчэй за ўсё, калі б я даведаўся, што начальнік дзяржавы хоча набыць мой твор, я б яму адмовіў і такім чынам выказаў сваё стаўленьне да гэтай асобы. Мяне немагчыма купіць, калі я ўпруся, немагчыма. Кошты не маюць значэньня. Хай сабе і мільён даляраў — не істотна.

— Вы такі непадкупны?

— Калі я прыму рашэньне — так.

— Усе сябры «Пагоні» ўваходзяць у афіцыйны Саюз мастакоў. Ці маеце вы падтрымку ад самай шматлікай (больш за 1200 чальцоў) творчай арганізацыі Беларусі?

— Як структурнае падразьдзяленьне Саюзу мастакоў мы маем права на выставачную дзейнасьць. Саюзныя выставачныя пляцоўкі — гэта Палац мастацтва, галерэі «Бел-арт» і «Мастацтва», і мы маем права там выстаўляцца. Праўда, у «Мастацтва» я хаджу ўжо пяць гадоў і ніяк не магу дамагчыся, каб зладзіць там сваю пэрсанальную выставу. Але некаторыя нашы выставы (да ўгодкаў Аршанскай бітвы, да юбілею «Пагоні») аплочваліся Саюзам мастакоў. Проста немагчыма з боку саюзу іх не аплочваць, бо «Пагоня» мае такія ж самыя правы на фінансаваньне, на выставачную дзейнасьць, як і ўсе астатнія сэкцыі. Таму калі нас будуць ігнараваць і прыціскаць, гэта прывядзе да юрыдычных разьбіральніцтваў.

— А з выданьнем альбому-каталёгу саюз вам дапамог?

У каталёгу 240 шырокафарматных старонак, там прадстаўленыя 140 мастакоў, добрай якасьці друк.

— Не. Мы яго выдаем выключна на складкі сяброў «Пагоні». І гэта немалыя затраты. У каталёгу 240 шырокафарматных старонак, там прадстаўленыя 140 мастакоў, добрай якасьці друк. Каталёг ужо надрукаваны цалкам, акрамя вокладкі. Саюз нам не дапамог ні рублём, хоць іншым сэкцыям у аналягічных выпадках дапамагаў. Атрымліваецца — саюз няроўна дзеліць, і гэта ня толькі маральна-этычнае, але і юрыдычнае пытаньне. Мы маем такое ж права на частку даходу Саюзу мастакоў, як і ўсе астатнія чальцы. І калі адным даецца, а другім — не, то гэта адкрыты крадзёж, і я думаю, з гэтым мы яшчэ разьбярэмся.

— У альбоме-каталёгу зьмешчана безьліч выдатных твораў. Я прыгадаю толькі адзін — вашу карціну «Пакінуты беларускі дом». Панішчаная хата, па страсе лазяць мядзьведзі, а на сьцяне вісіць стрэльба. Дамінантны вобраз — мядзьведзі ці стрэльба?

Генадзь Драздоў. Пакінуты беларускі дом
Генадзь Драздоў. Пакінуты беларускі дом

— Ня стрэльба і не мядзьведзі, а — калыска і тое, што ў ёй. Калі добра прыгледзецца, то там відна беларуская вёска, засьнежаная царква. Надзея на гэтую вёску, якую захаваў Бог, якая з часам адродзіцца. А стрэльба — гэта мэтафара нескарыстанай беларусамі магчымасьці займець сапраўдную незалежнасьць. Ці стрэліць яна калі-небудзь — пытаньне адкрытае. Я спадзяюся, што калі ўзьнікне неабходнасьць, у нас знойдуцца мужныя людзі, такія, як Кастусь Каліноўскі, і стрэльба тая яшчэ спатрэбіцца. На жаль, бываюць сытуацыі (як прыклад — Украіна), калі бяз зброі немагчыма абысьціся.

— Вы «пагоніч» са стажам, два тэрміны кіруеце суполкай. Ці можаце коратка сфармуляваць дэвіз, пад якім маглі б падпісацца вашы калегі?

— Я б сказаў так: «Бог, нацыя, асоба». Бяз Божай падтрымкі мы ніколі нічога не даможамся. Бяз нацыі мы як творцы ня зможам самарэалізавацца. А без асобы не бывае рухаў і зьдзяйсьненьняў. У нас ёсьць рух і зьдзяйсьненьні, бо ўсе сябры «Пагоні» — таленавітыя і адметныя асобы.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG