Ёсьць мянушкі, якія прыліпаюць да музыкаў на ўсё жыцьцё. Да Рыка Ўэйкмана (Rick Wakeman) прыстала мянушка «keyboard wizard» — чарадзей клявіятуры. Прыліпла ўжо ў 1970-х гадах, калі, паводле меркаваньня многіх, ён дасягнуў сваёй музычнай вяршыні як клявішнік-віртуоз славутага гурту «Yes» і як сольны выканаўца.
Рык Ўэйкман (нар. 1949), які хацеў стаць канцэртным піяністам і вучыўся ў Каралеўскім музычным коледжы ў Лёндане, у 1969 годзе кінуў вучобу і пайшоў у поп- і рок-музыку як сэсійны музыка. У 1971 годзе далучыўся да гурту «Yes», зь якім запісаў пяць клясычных альбомаў «прагрэсіўнага року»: «Fragile» (1971), «Close to the Edge» (1972), «Tales from Topographic Oceans» (1973), «Going for the One» (1977), «Tormato» (1978). У першай палове 1970-х Ўэйкман таксама запісаў тры свае найлепшыя сольныя альбомы: «The Six Wives of Henry VIII» (1973), «Journey to the Centre of the Earth» (1974), «The Myths and Legends of King Arthur and the Knights of the Round Table» (1975).
Сёньня мне захацелася прыгадаць некалькі музычных відэакліпаў з кар’еры Рыка Ўэйкмана, якія цяперашнім маладым пакаленьням мэляманаў могуць падацца запыленай старасьвеччынай з архіву, але ў свой час былі, так сказаць, на вастрыі часу і вызначалі накірункі разьвіцьця рок- і поп-музыкі, якая фліртавала з клясыкай...
Самы вядомы твор «Yes» — сюіту «Close to the Edge» — тут выконвае не «клясычны» склад гурту, а яго частка (пад назвай «Anderson Bruford Wakeman Howe»), паколькі ў 1980-х гурт раскалоўся з прычыны музычных і пэрсанальных непаразуменьняў.
Твор «Джэйн Сэймур», прысьвечаны трэцяй жонцы караля Генрыха VIII Тудара, зь некалі неверагодна папулярнага альбому Ўэйкмана «The Six Wives of Henry VIII».
Гэта фрагмэнт «Journey to the Centre of the Earth» з запісу натхнёнага адной з найбольш папулярных кніг Жуля Вэрна.
А вось кавалак прысьвечаны легендарнаму кельцкаму чараўніку Мэрліну з альбому «The Myths and Legends of King Arthur and the Knights of the Round Table».
І на заканчэньне «беларускі акцэнт» у творчасьці Рыка Уэйкмана — мэлёдыя «Дзеці Чарнобыля» з альбому «No Expense Spared» (1993).