Выяўляецца, што сярод маладых эўрапейцаў радыё сёньня больш папулярнае, чым тэлевізія.
Сёньня ў Эўропе працуюць тысячы радыёстанцый. Нягледзячы на разьвіцьцё іншых СМІ, радыё працягвае займаць моцную пазыцыю і хутка адаптавалася да новых часоў. Інтэрнэт даў магчымасьць ствараць новыя радыёстанцыі. Летась ажно 85% маладых эўрапейцаў слухалі радыё прынамсі раз на тыдзень. Сярод маладых людзей ва ўзросьце ад 15 да 24 гадоў радыё слухалі 82%.
Для параўнаньня, тэлевізія карыстаецца большай папулярнасьцю — яе глядзяць 89% жыхароў Эўропы. Аднак сярод маладых людзей яна не такая папулярная, як радыё — тэлевізар глядзіць 75% маладых эўрапейцаў.
За апошнія 5 гадоў сярэдняя працягласьць слуханьня радыё зьменшылася на 13 хвілін і ў 2015 годзе склала 2 гадзіны 29 хвілін. Сярод маладых людзей гэтае падзеньне на адну хвіліну большае. Летась яны ў сярэднім слухалі радыё каля 1,5 гадзіны штодня. Адной з прычын падзеньня можа быць факт, што падлеткі і студэнты ўсё часьцей карыстаюцца сэрвісамі стрымінгу: Spotify, Deezer альбо Tidal.
Найдаўжэй радыё цягам дня слухаюць расейцы — больш за 4 гадзіны 12 хвілін. Далейшыя месцы занялі эстонцы і ірляндцы. Найменш часу з радыё праводзяць нарвэжцы й партугальцы — прыблізна па 1,5 гадзіны.