Echo24: У 2006 годзе вы стаялі ля вытокаў незалежнага тэлеканалу Белсат, які вяшчае з Польшчы на тэрыторыю Беларусі і ўяўляе сабой альтэрнатыву беларускім дзяржаўным СМІ. Чаму вы вырашылі прыняць удзел у праекце?
Рамашэўска: Гэта выцякала з майго журналісцкага досьведу. Як замежная карэспандэнтка я працавала ў Расеі, Украіне і Беларусі, дзе я выявіла, што людзі ў памежным рэгіёне глядзяць польскую тэлевізію. Я дзівілася, чаму гэта так, а потым зразумела, што гэтыя людзі маюць патрэбу ў праўдзівай інфармацыі пра тое, што ў іх адбываецца, і я даносіла да іх такую інфармацыю праз польскую тэлевізію. Так мне прыйшла ў галаву думка, што калі яны гатовыя глядзець тэлевізію на польскай мове, яны маглі б таксама мець ахвоту глядзець праграмы на сваёй роднай мове.
У канцы 2005 году мяне дэпартавалі з Беларусі і забаранілі мне ўезд у краіну. І хоць я мела там працу карэспандэнткі, але я сядзела ў Варшаве і нічога не магла рабіць. Потым я сустрэла беларускіх калегаў, якія працавалі ў Празе і Варшаве на Радыё Свабода, і разам зь іншымі людзьмі мы вырашылі стварыць тэлевізійны канал.
Белсат выконвае ролю грамадзкай тэлевізіі, якая ў Беларусі цалкам адсутнічае.
Таму, каб мы маглі ўвогуле пачаць працу, вельмі спрыяла тагачасная палітычная сытуацыя, бо я ведала шмат польскіх палітыкаў яшчэ з часоў іншадумства, і было можа іх пераканаць у патрэбнасьці нашай справы. Я сказала ім, глядзіце, у нас калісьці была «Свабодная Эўропа», давайце зробім для беларусаў нешта падобнае і дапаможам ім.
Акрамя таго, ёьсць тут яшчэ адна цікавая рэч. Беларусы, якія ўдзельнічалі ў праекце, казалі мне, што Лукашэнка гэта, уласна кажучы, такая гаварашчая галава з тэлевізіі, якая яго і стварае, а таму толькі з дапамогай тэлевізіі будзе магчыма нейкім чынам зь ім змагацца.
Echo24: Праграма Белсату разнастайная, яна ўключае ў сябе беларускія і замежныя навіны, а таксама культурныя і эканамічныя праграмы. Хто ваша мэтавая аўдыторыя?
Рамашэўска: Белсат выконвае ролю грамадзкай тэлевізіі, якая ў Беларусі цалкам адсутнічае. Наша мэтавая група — гэта ў асноўным беларуская сярэдняя кляса, але на фармаваньне праграмы ўплывае некалькі фактараў.
Па-першае, гэта рэалістычныя чаканьні. Белсат ня мае ніякіх шанцаў канкураваць з расейскімі СМІ, напрыклад, што да забаўляльных праграмаў. Трэба ўсьведамляць, што Беларусь цалкам пакрытая сыгналам расейскай тэлевізіі, якая там значна больш актыўная, чым любое беларускае вяшчаньне. У гэтым сэнсе мы проста ня можам канкураваць. У чым мы можам канкураваць, дык гэта ў інфармацыі і аб’ектыўных фактах.
Акрамя таго, Беларусь вельмі сур’ёзна пакутуе ад адсутнасьці самаідэнтыфікацыі грамадзян. Мы спрабуем паказаць беларусам, напрыклад, сапраўдную гісторыю іх краіны або народную культуру, таму што нічога гэтага іх дзяржаўная тэлевізія ня робіць.
Белсат, вядома ж, дасягае галоўным чынам да эліты, але ў нашым выпадку мы можам сказаць, што гэта не толькі сталічная эліта, яшчэ больш мы дасягаем да эліты малых гарадоў. У вялікіх гарадах нас цяжка глядзець, мала хто мае спадарожнікавую антэну, людзі пераважна маюць кабэльную тэлевізію. Затое ў меншых гарадах спадарожнікавыя антэны вельмі пашыраныя, таму людзі могуць лёгка нас глядзець.
Выявілася, што нас вельмі часта глядзяць дзяржаўныя чыноўнікі.
Наколькі вялікая важнасьць і абсяг таго, што мы робім, мы пераканаліся, напрыклад, калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію за літаратуру, і мы былі адзінай тэлевізіяй, якая паказвала ў Беларусі ўручэньне прэміі. Аказалася, што шмат жыхароў нават у глухіх вёсках ведалі пра трансьляцыю.
Наша наступная мэтавая група — гэта дробныя прадпрымальнікі, якія надалей маюць у Беларусі вялікія праблемы.
А яшчэ выявілася, што нас вельмі часта глядзяць дзяржаўныя чыноўнікі. Напрыклад, калі мы ў тэлевізіі гаворым, што ў нейкім месцы ёсьць незаконная звалка, дык на працягу двух дзён яны прыяжджаюць і пачынаюць прыбіраць, з чаго выцякае, што нас яны , напэўна, таксама глядзяць (сьмяецца).
Echo24: Рэдакцыя Белсату складаецца пераважна з прадстаўнікоў беларускай эміграцыі і прыхільнікаў апазыцыі, вам самой некалькі гадоў быў забаронены ўезд у краіну. Як вы атрымліваеце інфармацыю зь Беларусі?
Рамашэўска: Гэта няпраўда, што пераважную частку рэдакцыі складаюць беларусы, якія жывуць у эміграцыі. Большую частку нашага кантэнту ствараюць беларусы ў Беларусі, у чым палягае сакрэт нашага посьпеху.
Большую частку нашага кантэнту ствараюць беларусы ў Беларусі.
З кожным годам мы пераносім ўсё больш і больш працы па праграмнай вытворчасьці ў Беларусь. Спачатку мы, вядома, баяліся сутыкнуцца з рэпрэсіямі, таму мы спрабавалі крок за крокам, што ў нас атрымаецца. Але ўжо некалькі гадоў у нас ёсьць карэспандэнты ў шмат якіх беларускіх гарадах — ня толькі ў Менску, але і ў Магілёве, Гомелі, Віцебску або Горадні.
Echo24: Беларускія ўлады дагэтуль адмаўляюцца даць Белсату акрэдытацыю. Ці яны абцяжарваюць вашым рэдактарам працу яшчэ й нейкім іншым чынам?
Улады трымаюцца за нас і згаджаюцца на нашу дзейнасьць, відаць, баючыся расейскага ўплыву.
Рамашэўска: Напрыклад, затрымліваюць нашых журналістаў і караюць іх за тое, што яны ня маюць акрэдытацыі, якую ўлады перад тым самі ім і не далі. Але відавочна, што разам з тым нашу дзейнасьць яны, відаць, да пэўнай ступені цярпяць, таму што пры шырыні нашай дзейнасьці немагчыма, каб яны пра яе ня ведалі. Часам абмяжуюць аднаго, часам нацэляцца на іншага журналіста, але агульнаму функцыянаваньню тэлевізіі яны не перашкаджаюць, не ўжываюцца ніякія масавыя рэпрэсіі.
Я думаю, што яны трымаюцца за нас і згаджаюцца на нашу дзейнасьць, відаць, баючыся расейскага ўплыву. Таму што мы вяшчаем па-беларуску, мы паказваем сапраўдную гісторыю і незалежную культуру, чаго астатнія сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі ня робяць зусім.
Echo24: Ці здаралася, каб вашых журналістаў арыштаваныя або дэпартавалі?
Рамашэўска: За межы пакуль яшчэ нікога не дэпартавалі. У 2010 годзе некалькі нашых журналістаў былі зьняволеныя, на шчасьце, толькі на кароткі час. Хутчэй забаранялі людзям з Польшчы ўезд у Беларусь ідуць, што датычылася ня толькі мяне, але і іншых калегаў.
Echo24: Вяшчаньне станцыі збольшага фінансуецца польскім Міністэрствам замежных справаў і Польскай грамадзкай тэлевізіяй, у структуру якой канал і ўваходзіць. Ці неяк закранулі працу каналу зьмены, якія новая польская ўлада правяла ў сродках масавай інфармацыі?
Рамашэўска: Нас ніякія зьмены не закранулі, бо канал ствараўся ў часы, калі партыя «Права і справядлівасьць», якая кіруе сёньня, была папярэдні раз ва ўладзе, і таму было б нелягічна, каб нас цяпер ліквідавалі, бо мы — праект, на які яны тады пагадзіліся.
Аднак цікава, што разам з тым мы таксама адзін зь нешматлікіх праектаў, прынятых і іншым бокам, які кіраваў ў міжчасе. Грамадзянская плятформа ніякім чынам нам не замінала, давала нам працаваць, што ў польскім кантэксьце фактычна выглядае як выключэньне.
Echo24: Гэта азначае, што гэтыя дзьве палітычныя партыі звычайна зводзяць рахункі праз сродкі масавай інфармацыі?
Рамашэўска: Так, вядома, і ўвесь час перахопліваюць кантроль над сродкамі масавай інфармацыі. Але нас, на шчасьце, усе пакідаюць у спакоі.
Echo24: У траўні на сустрэчы з гледачамі ў Менску вы сказалі, што спонсары Белсату ад Беларусі адварочваюцца, бо яны лічаць, што сытуацыя ў краіне вяртаецца да нармальнай. Чаму яны так думаюць?
Рамашэўска: Перадусім таму, што былі вызвалены палітычныя зьняволеныя, цяпер ужо ніводнага няма. Рэжым цяпер стараецца быць менш рэпрэсіўным. Увосень у Беларусі будуць выбары, і цалкам верагодна, што яны дапусьцяць да ўдзелу ў іх некалькіх людзей з апазыцыі.
Мы плянуем некалі пераехаць у Менск, і ў нас будзе вялікі будынак зь вялізным нэонавым надпісам «Белсат».
Аднак гэтыя крокі ўлады робяць галоўным чынам таму, што баяцца Масквы. Рэч ня ў тым, што Лукашэнка неяк зрабіўся больш дэмакратычны, чым раней, але ён адчувае, што ў яго ёсьць вялікая праблема, і ён мае патрэбу на некага абаперціся, інакш можа здарыцца так, што ён будзе ўжо не прэзыдэнтам, а ўсяго толькі губэрнатарам расейскай губэрні.
Echo24: Ці не разглядаеце вы з улікам сытуацыі ва Ўкраіне магчымасьць стварэньня падобнага тэлевізійнага вяшчаньня таксама і там?
Рамашэўска: Так, мы думаем пра гэта. Трэба сказаць, што падчас Майдану і ў пачатку вайны на ўсходзе Ўкраіны мы зь вялікім зьдзіўленьнем выявілі, што нас глядзяць многія ўкраінцы. Белсат па-ранейшаму даступны, напрыклад, у Крыме, і таму ў нас ёсьць аўдыторыя і там.
Украінцы мелі да нас давер, бо адчувалі, што мы не зьвязаныя ні зь якай партыяй, ні зь якім алігархам. Ва Ўкраіне праблема ў тым, што існуе велізарны тэлевізійны рынак з мноствам тэлеканалаў, і многія зь іх якраз маюць сувязь з рознымі алігархамі. Каб увайсьці на гэты рынак, нам неабходна значная колькасьць грошай, і пытаньне ў тым, ці нехта будзе гатовы даць нам гэтыя грошы. Зь іншага боку я ў Польшчы сутыкнулася з аргумэнтам, нашто там яшчэ адзін канал, калі іх там ужо столькі.
Echo24: У наступным годзе спаўняецца дзесяць гадоў з моманту афіцыйнага запуску Белсату. Якія пляны вашага тэлеканалу на будучыню?
Рамашэўска: Мы плянуем некалі пераехаць у Менск, і ў нас будзе вялікі будынак зь вялізным нэонавым надпісам «Белсат» (сьмяецца). Тады ўжо, напэўна, мы ня зможам быць грамадзкай тэлевізіяй, але калі мы будзем першай прыватнай незалежнай тэлевізійнай станцыяй на беларускім рынку, дык мы маглі б мець таксама добры доступ да рэклямы. Такі ў нас плян на разьвіцьцё. Але тады я ўжо ня буду кіраваць Белсатам, я буду проста засядаць у нейкай радзе.
Журналістка Агнешка Рамашэўска-Гузы — заснавальніца і дырэктар незалежнага тэлевізійнага каналу Белсат, які вяшчае на Беларусь. Нарадзіўся ў 1962 годзе ў Варшаве, скончыла гістарычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. З 90-х гадоў працавала ў розных польскіх СМІ, у тым ліку як замежная карэспандэнтка ў Беларусі і Ўкраіне. У 2007 годзе ўзнагароджаная Рыцарскім крыжам ордэну Polonia restituta. Ужо пяць гадоў займае пасаду віцэ-прэзыдэнткі Асацыяцыі польскіх журналістаў.