Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго хоча Абама і ня хочуць Трамп і Клінтан


Чаму ЗША і ЭЗ ня могуць прыйсьці да згоды наконт Трансатлянтычнага гандлёвага партнэрства?

Удзельнічаюць Юры Дракахруст, Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Выступаючы ў Парыжы ў аўторак прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд выказаўся за прыпыненьне перамоваў аб свабодным гандлі паміж ЭЗ і ЗША — да абраньня новага амэрыканскага прэзыдэнта. Да гэтага ж заклікаў сакратар Францыі па зьнешнім гандлі Маціяс Фэкль, адзначыўшы, што абмеркаваньне трансатлянтычнага пакту павінна пачацца на новай аснове. «Палітычнай падтрымкі гэтай дамовы ў Францыі больш няма», — заявіў Фэкль.


У мінулую нядзелю міністар эканомікі Нямеччыны сацыял-дэмакрат Зігмар Габрыэль заявіў, што гандлёвыя перамовы з ЗША праваліліся. «Мы не павінны падпарадкоўвацца амэрыканскім патрабаваньням. У нас у Эўропе свой уласны ўклад жыцьця», — адзначыў ён. Аднак у панядзелак Эўракамісія заявіла пра неабходнасьць працягу перамоваў. Перамовы доўжацца ўжо трэці год, прайшло 14 раундаў сустрэчаў экспэртаў. Варта нагадаць, што летась у кастрычніку было падпісанае пагадненьне аб Трансціхаакіянскім супрацоўніцтве, у якім удзельнічаць ЗША і яшчэ 11 краінаў басэйну Ціхага акіяну.

Падпісаньне ў дадатак да яго і Трансатлянтычнага пагадненьня павінна было стаць хіба не самым галоўным дасягненьнем прэзыдэнцтва Барака Абамы. Два гандлёвых саюзы абʼядноўвалі б дзьве траціны сусьветнай эканомікі. Аднак, як кажуць ангельцы, д’ябал хаваецца ў дробязях. Дарэчы, брытанскі Брэксіт істотна ўскладніў перамовы, бо дадаецца яшчэ адна невядомая — будучыя стасункі Вялікабрытаніі з Эўразьвязам. Але хапае супярэчнасьцяў і з краінамі, якія складаюць ядро ЭЗ.

Найбольшымі апанэнтамі пагадненьня выступаюць эўрапейскія аграрыі. Калі каротка, яны перасьцерагаюцца канкурэнцыі з боку амэрыканскіх калегаў, доступу амэрыканскіх кампаніяў да тэндэраў па дзяржзакупках у ЭЗ, іншых, больш мяккіх, чым у Эўропе, санітарных нормаў якасьці харчаваньня, якія прапануюць ЗША.

Доступ на рынкі дзяржзакупак і на рынкі паслугаў бакоў выклікаюць гарачыя спрэчкі і лабісцкі ціск ня толькі ў аграрным сэктары. Амэрыканцы таксама не гатовыя адкрыць гэтыя рынкі для партнэраў наўсьцяж, але эўрапейцы — у яшчэ большай ступені.

Гэтыя супярэчнасьці істотныя, але яны не зьяўляюцца непераадольнымі. Прыкладна такія ж спрэчкі ішлі і пры заключэньні Трансціхаакіянскага пагадненьня. Пры гэтым бакі як бы гулялі іншыя ролі: там ужо амэрыканцы перасьцерагаліся наплыву танных тавараў з краінаў басэйну Ціхага акіяну. Аднак галоўнай прычынай катэгарычных заяваў Бэрліна і Парыжа стаў, так выглядае, унутрыпалітычны амэрыканскі кантэкст. Дональд Трамп зь яго ідэалёгіяй ізаляцыянізму выступае рашуча супраць абодвух пагадненьняў — і Трансціхаакіянскага, і Трансатлянтычнага. Паводле яго яны крадуць працоўныя месцы ў амэрыканцаў і грошы ў амэрыканскага бізнэсу.

Аднак пад ціскам палітычных настрояў прынамсі супраць Трансціхаакіянскага пагадненьня выступае і Гілары Клінтан. Але аргумэнты, якія яна прыводзіць супраць яго, цалкам пасуюць і да Трансатлянтычнага. У гэтай сытуацыі, калі абодва прэтэндэнты на Белы дом выступаюць супраць прынамсі ідэалёгіі пагадненьня, якое спрабуе заключыць цяперашні гаспадар Белага дому, эўрапейцы палічылі за лепшае ўзяць паўзу да лістапада, калі стане вядомым імя новага прэзыдэнта ЗША.

Прычыны спыненьня перамоваў — ня толькі ў дэталях, але і ў крызісе ідэалёгіі глябалізацыі. Дзесяцігодзьдзямі лічылася, што яна ў рэшце ідзе на карысьць усім, а лідэрам, прынамсі США, асабліва. Але высьветлілася, што дывідэнды разьмяркоўваюцца нераўнамерна і нечакана, да таго ж, выйграюць усе ці большасьць і патроху, а прайграюць можа і нямногія, але шмат і заўважальна.

Рабацягу з заводу ў Дэтройце, які зачыніўся з-за японскай канкурэнцыі, слаба грэе думка, што інвэстбанкір з Уол Стрыт мае новыя бліскучыя магчымасьці інвэставаць у Тайлянд. Калі прэзыдэнтам стане Трамп, то можна чакаць карэннага перагляду Амэрыкай самай ідэалёгіі глябалізацыі і міжнароднага гандлю. Калі Клінтан — напэўна не, цяперашнія яе пярэчаньні наконт Трансціхаакіянскага пагадненьня могуць быць проста выбарчай рыторыкай. Але, ня выключана, што і ёй давядзецца лічыцца са зьменай настрояў у амэрыканскім грамадзтве. А Эўропа пакуль паглядзіць.

Глод: Безумоўна, прэзыдэнцкая кампанія ў Злучаных Штатах Амэрыкі паўплывала на актуальнасьць гэтай праблемы. Бо цяперашняе кіраўніцтва ЗША падкрэсьлівала толькі важнасьці гэтага пагадненьня. А яно сапраўды — супернадзвычайнае. Калі яно будзе падпісанае, то ў сьвеце зьявіцца зона свабоднага гандлю і капіталу коштам прыкладна ў палову ўсяго ўсясьветнага ВУП.

Ініцыятыва аб хутчэйшым пачатку Трансатлянтычнага гандлёвага і інвэстыцыйнага партнэрства сыходзіць з Вашынгтону. ЗША зацікаўленыя, каб адпаведныя дакумэнты падпісалі да канца сёлетняга году. Аднак Брусэль не сьпяшаецца. Там шмат хто баіцца, што асобныя сэктары эканомікі Эўразьвязу не вытрымаюць канкурэнцыі з амэрыканцамі. Хто тут мае рацыю, а хто — не? Пытаньне ня простае. Справа ў тым, што ў рэчаіснасьці ацаніць наступствы і выгады пагадненьня амаль немагчыма — ягоны поўны тэкст застаецца засакрэчаным.

Дракахруст: Кавалак зьліў у сеціва WikiLeaks. Гэта, дарэчы, і падліла алею ў агонь. Ён здолеў скрасьці і апублікаваць кавалак — ня ўвесь, але значны кавалак дамовы.

Глод: Аднак агульныя тэндэнцыі нібыта вядомыя. Паводле нямецкай газэты Süddeutsche Zeitung, ЗША аказваюць моцны ціск на Эўразьвяз. ЭЗ давядзецца значна зьнізіць ровень стандартаў у сацыяльнай, прававой і экалягічнай сфэрах, каб амэрыканскія тавары трапілі на эўрапейскі рынак. Вашынгтон пагражае скараціць экспарт аўтамабіляў з Эўразьвязу ў ЗША, калі Брусэль адмовіцца набываць больш амэрыканскай сельскагаспадарчай прадукцыі.

Акрамя таго, Вашынгтон хоча, каб ЭЗ скасаваў прынцып, згодна зь якім прадукты могуць быць дазволены для продажу, толькі калі даказана, што яны не наносяць шкоды здароўю людзей і навакольнаму асяродзьдзю. Вытворца павінен даказваць няшкоднасьць, а не санітарныя службы — шкоднасьць, як гэта ёсьць у ЗША. У выніку на эўрапейскі рынак могуць патрапіць генэтычна мадыфікаваныя прадукты і расьліны.

Амэрыканскі прэзыдэнт падчас свайго візыту ў Нямеччыну (Гановэр) сёлета ў красавіку пастараўся разьвеяць занепакоенасьць эўрапейскіх партнэраў. Барак Абама заявіў, што пагадненьне дазволіць «прыбраць тарыфы, спрасьціць працэдуры, зьняць адрозьненьні ў рэгуляваньні, спрасьціць гандаль для ўсіх, у тым ліку для малога бізнэсу». І ў канчатковым рахунку рэалізацыя дакумэнту прывядзе да эканамічнага росту і стварэньню новых працоўных месцаў па абодва бакі Атлянтыкі.

Абаму, канечне, можна зразумець. Падпісаньне такога пагадненьня да канца ягонага прэзыдэнцкага тэрміну было б надзвычай моцным завяршэньнем ягонай прэзыдэнцкай кар’еры. Вядома, што раней вялікім прыхільнікам Вашынгтону быў Лёндан. Але цяпер, калі Вялікая Брытанія пакідае Эўразьвяз, яе голас фактычна губляецца. Узьнікае новая сытуацыя. У тым, што Трансатлянтычнае пагадненьне будзе падпісанае, у мяне сумневу няма. Пытаньне толькі ў тым, як хутка гэта адбудзецца.

Цыганкоў: Тое, што перамовы былі прыпыненыя, вельмі лягічна, з улікам таго, што пакуль адзін з кандыдатаў выбарчай кампаніі ЗША выступае катэгарычна супраць гэтага пагадненьня. Навошта рабіць тое, што можа не спатрэбіцца літаральна праз 2 месяцы? Таму лягічней узяць паўзу. Хаця Гілары Клінтан ужо ня раз крытыкавала і сьмяялася з Дональда Трампа з нагоды ягоных выступаў супраць Трансатлянтычнага пагадненьня. Па-першае, яна прыгадала, што ён сам разьмяшчае свае вытворчасьці на аўтсорсінг, у краінах разьвіцьця. Па-другое, сьмяялася наконт таго, што нават ягоная кепка з надпісам «Зробім Амэрыку зноў вялікай» зробленая ў Кітаі.

Гэта такая тактычная перашкода, але ёсьць і вялікія стратэгічныя моманты, якія кажуць пра тое, што падпісаньне і нават у выпадку перамогі Клінтан будзе не вельмі лёгкім. Калі казаць коратка, то ў Эўропе больш сацыялізму, у ЗША больш капіталізму — больш свабоды гандлю. У Эўропе, прынамсі самі эўрапейцы так лічаць, больш строгія правілы абароны спажыўцоў і экалягічныя правілы.

Чаму і абурыла публікацыя з WikiLeaks многіх эўрапейцаў. Справядліва ці не, але яны палічылі, што пагадненьне з ЗША зьменшыць гэтыя самыя экалягічныя і спажывецкія нормы. Напрыклад, ЗША сапраўды шмат у якіх прадуктах дазволеныя ГМА, і амэрыканцы гэта ўспрымаюць дастаткова спакойна. У Эўропе яны пераважна забароненыя. Хоць нядаўна была заява сотняў навукоўцаў, у тым ліку ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, што ГМА бясьпечныя і проста зьяўляюцца новымі тэхналёгіямі ў харчовай вытворчасьці, няма ніякіх прычын іх баяцца. Але ёсьць грамадзкія стэрэатыпы, і пакуль яно не мае цьвёрдай думкі наконт ГМА.

Другі прыклад — адкрытасьць рынку. У Эўропе даволі вялікая дапамога з боку дзяржавы эўрапейскім фэрмэрам, у Амэрыцы не такая практыка. Эўрапейцы, больш за ўсё, французы, проста падтрымліваюць сваіх фэрмэраў з бюджэту. Натуральна, што ў вольнай канкурэнцыі, калі казаць абстрактна, эўрапейскія фэрмэры прайграюць амэрыканскім. Гэта тыя пытаньні, якія паўстануць, калі падпісаньне зноў пачнуць абмяркоўваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG