Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская глеба» — першая кавярня беларускай кухні ў Прыбайкальлі


Этна-кавярня «Беларуская глеба» ў Іркуцку
Этна-кавярня «Беларуская глеба» ў Іркуцку

Беларускі антураж з ручнікамі і аўтэнтычнымі прадметамі побыту, афіцыянты ў нацыянальных строях і посуд ад вядомых ганчароў, народныя песьні і рок-гіты ў музычным афармленьні: беларусы Сыбіру атрымалі культурніцкую пляцоўку з кулінарным ухілам — этна-кавярню «Беларуская глеба».

Ініцыятарам адкрыцьця першай установы беларускай кухні ў Іркуцку стаў мясцовы прадпрымальнік Сяргей Глебец (адсюль і гульня словаў у назьве). Ягоныя карані, як і шмат у каго ў гэтым рэгіёне, — зь Беларусі. На пачатку ХХ стагодзьдзя, калі распачалася аграрная рэформа тагачаснага прэм’ер-міністра Расейскай імпэрыі Пятра Сталыпіна, толькі ў Прыбайкальле выправіліся блізу 300 тысяч беларусаў.

Кулінарны дэсант: дранікі, мачанка, «пханыя» каўбасы

Увесну Беларусь упершыню наведала жонка і бізнэс-партнэр Сяргея Глебца Марына. Яна ўжо мае досьвед арганізацыі ў Іркуцку кітайскіх рэстаранаў, але на сямейнай нарадзе было вырашана асвойваць прынцыпова іншы кірунак. Дзякуючы кантактам з заснавальнікам Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, сябрам моладзевага клюбу «Крывічы» Алегам Рудаковым, беларуская ідэя набыла характар «навязьлівай». Мала таго, акунуўшыся ў беларускую тэму, спадар Глебец сам далучыўся да «Крывічоў».

Застольле зь відам на цэнтральную вуліцу
Застольле зь відам на цэнтральную вуліцу

У кампаніі з Алегам Рудаковым Марына Глебец наведала практычна ўсе знакавыя ўстановы нацыянальнай кухні ў сталіцы, асабіста дэгуставала галоўныя стравы і «рэкрутавала» вопытных і маладых кухараў. Апроч таго, замовіла вялікую партыю глінянага посуду і льняных вырабаў. Зробленаму ў Беларусі — бясспрэчны прыярытэт. Так з прывіднай ідэі паступова акрэсьліўся аб’ект, які ўжо за першы месяц працы набыў папулярнасьць і ў мясцовых жыхароў, і ў турыстаў. Усё ж беларуская прысутнасьць у любым выглядзе за мяжой — па-ранейшаму рэдкасьць.

«Што тычыцца прыезду Марыны Сьцяпанаўны ў Беларусь, безумоўна, яна шмат чаго для сябе адкрыла і ўзяла, як кажуць, „на аловак“, — кажа спадар Рудакоў. — Самае галоўнае, што мы хутка знайшлі чатырох кухараў, якія кінулі ўсё, нават сваю працу, і паехалі на цэлы год у Іркуцк. Зь імі падпісаная дамова, яны атрымліваюць годны заробак — як па беларускіх мерках, то вельмі добры. Больш за тое, яны ня плацяць за жыльлё, ня плацяць за харчаваньне, бо могуць харчавацца ў кавярні. Таксама спадарыня Марына стараецца, каб беларусы пабачылі цудоўныя мясьціны Сыбіру — звазіла іх у Ліствянку на Байкал, у бурацкі пасёлак Аршан ля падножжа Саянскіх гор. Хай ня так часта, але культурную праграму таксама забясьпечвае».

Алег Рудакоў (зьлева) і Сяргей Глебец
Алег Рудакоў (зьлева) і Сяргей Глебец

Адзін з самых апантаных прапагандыстаў беларушчыны за межамі мэтраполіі, Алег Рудакоў небеспадстаўна разьлічвае: этна-кавярня «Беларуская глеба» дапаможа згуртаваць беларусаў Сыбіру:

«Дзеля справядлівасьці, у Іркуцку беларуская пляцоўка існуе не адна. Тая ж самая „Беларуская хата“, якая дзейнічае ад самага пачатку фармаваньня беларускай супольнасьці ў Прыбайкальлі. Яна працуе і сёньня: гэта ня толькі майстэрня, мы там ладзім рэпэтыцыі нашага гурту „Крывічы“, зьбіраемся двойчы на тыдзень. Але тое, што ў цэнтры гораду, на асноўнай вуліцы Карла Маркса, 26, па якой ідуць усе турысты, адчыніла дзьверы этна-кавярня „Беларуская глеба“, — ужо іншы ўзровень арганізацыі. І ня можа ня цешыць, што яна паступова становіцца сапраўдным брэндам. Шмат хто з нашых беларусаў туды заходзіць, мясцовыя з задавальненьнем каштуюць беларускія стравы. Выдатная магчымасьць для папулярызацыі беларушчыны».

Антураж «глебы»: 100-гадовая ступа і саламяны павук

Алег Рудакоў кажа, што ў афармленьні інтэр’еру «Беларускай глебы» скарысталі і аўтэнтычныя прадметы, знойдзеныя ў этнаграфічных вандроўках па вёсках, 100 гадоў таму закладзеных у тайзе беларусамі:

Марына Глебец і ганчар Дзям’ян Каптур
Марына Глебец і ганчар Дзям’ян Каптур

«Атмасфэра сапраўды беларуская, афармленьне ў стылістыцы, як і раілі. Перадалі шмат этнаграфічных экспанатаў. Так, ёсьць ступа, у 1909 годзе прывезеная беларускімі перасяленцамі ў вёску Тургенеўка Баяндаеўскага раёну. Перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне, потым трапіла да нас, а мы прывезьлі сюды, каб быў антураж менавіта этна-кавярні. Ступа адметная тым, што зроблена з дуба. Як вядома, дуб у Іркуцкай вобласьці не расьце, і гэта найлепшы доказ яе паходжаньня. У мэню назвы страў — па-беларуску, толькі з „расшыфроўкай“ па-расейску. Розныя людзі прыходзяць, не разумеюць, што такое мачанка. Вось для іх тлумачэньне, якія складнікі той стравы. То бок асноўная назва — на беларускай мове, а ўжо ў дужках па-расейску — што за інгрэдыенты туды ўваходзяць».

Іркуцкія «крывічанкі»
Іркуцкія «крывічанкі»

З парога наведнікаў сустракаюць афіцыянты і бармэны ў нацыянальных беларускіх строях. На сталах — традыцыйныя абрусы, пад стольлю — саламяныя павукі ды птушкі шчасьця. Усё — плён працы майстрыні, кіраўніцы клюбу «Крывічы» Волі Галанавай. Яе продкі апынуліся ў Сыбіры як рэпрэсаваныя «ворагі народу». Да беларускасьці дзяўчына прыйшла сьвядома і цяпер прасоўвае беларускую справу разам з Алегам Рудаковым:

Каманда беларускіх кухараў
Каманда беларускіх кухараў

«Для пэрсаналу пашыла два мужчынскія строі і чатыры жаночыя, — кажа Воля Галанава. — Наагул, ніякага штучнага тэкстылю ў афармленьні кавярні няма, усё толькі натуральнае — перадусім лён. Драўляныя сталы пакрытыя льнянымі абрусамі, таксама маёй работы. Як і сурвэткі зь беларускім арнамэнтам: калі страва падаецца, напрыклад, у гаршчэчку, афіцыянт яго трымае такой сурвэткай. Дарэчы, усё сэрвіруецца толькі ў гліняным посудзе. Талерачкі, жбанкі, імбрычкі зроблены ў Беларусі ганчаром Дзям’янам Каптурам. Пры гэтым увесь час посуд замаўляецца дадаткова, Дзям’ян яго робіць і дасылае. Шмат зрабіла саламяных вырабаў — званочкі, птушачкі, павучок. У мяне ёсьць вопыт, а ў іх зьявілася такая патрэба, усё добра сышлося...»

«Беларуская глеба» — рэдкае ў Расеі месца, дзе вушы наведнікаў уратаваныя ад прыблатнёнага шансону ды безгустоўнай эстрады. Цалкам беларускамоўны фармат — вынік прынцыповай пазыцыі Алега Рудакова:

Майстар-кляс: гатуем дранікі
Майстар-кляс: гатуем дранікі

«Там пастаянна гучаць беларускія песьні. Фармат цалкам вытрымліваецца, за што, безумоўна, трэба ім падзякаваць. Мы пра гэта дамовіліся, і гаспадары пагадзіліся, што ў „Беларускай глебе“ павінна быць беларуская музыка. Я асабіста прынёс шмат запісаў, гэта ня проста гурты беларускага паходжаньня, а менавіта беларускамоўныя. „Песьняры“, „Сябры“ таксама сьпяваюць, але беларускамоўныя песьні. То бок ня ўсё спрэс, а тое, што падкрэсьлівае і адлюстроўвае беларускасьць. Наогул, прадстаўлены ўвесь зрэз, самыя розныя музычныя кірункі: тыя ж „Крама“, „Палац“, N.R.M., Litvintroll. Гурты і выканаўцы, якія толькі існуюць у Беларусі, так ці інакш тут прадстаўленыя, радуюць наведнікаў кавярні».

Вогненная «Ойра» ў «Беларускай глебе»
Вогненная «Ойра» ў «Беларускай глебе»

Птушка шчасьця: амэрыканскія студэнты і беларуская салома

Новая этна-кавярня ўжо стала пляцоўкай для практычных заняткаў. Тут беларускія актывісты правялі некалькі майстар-клясаў, апошні — для амэрыканскіх студэнтаў, якія прыехалі па абмене ў Іркуцкі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. Алег Рудакоў «ставіў» народныя танцы, Воля Галанава паказвала кляс у саломапляценьні. Цікаўлюся ў Волі, ці засвоілі заакіянскія госьці мудрагелістасьць беларускіх традыцыяў:

Іркуцкая майстрыня Воля Галанава
Іркуцкая майстрыня Воля Галанава

«Насамрэч амэрыканскія студэнты аказаліся досыць цікаўнымі людзьмі, арыентаванымі на тое, каб нешта даведацца, зразумець. Спачатку распавяла ім, што такое для беларусаў салома, якія вырабы робяцца, збольшага традыцыйныя. Паказала павука, птушак, расказала, дзеля чаго яны, а потым паспрабавалі нешта зрабіць. Вядома, цяжкавата ўсё давалася. І ня тое каб не складалася ў галаве, проста ў руках няма спрыту. Хоць ім гэта цікава, вераць у магічны сьвет абярэгаў, асабліва ўзрушыла, што павер’і існуюць дагэтуль, што гэтыя рэчы ёсьць у побыце. Але, скажам, птушка шчасьця аказалася задачай. Давялося дапамагаць кожнаму, урэшце зрабілі сабе па птушцы і з задавальненьнем узялі на памяць. Таму вельмі прыемна, што ёсьць магчымасьць прыйсьці ў этна-кавярню, трапіць у беларускае асяродзьдзе і наладзіць майстар-кляс па традыцыйных промыслах».

Алег Рудакоў кажа, што «Беларускую глебу» заўважылі ня толькі ў Іркуцку. За апошні час ён атрымаў цэлы стос лістоў з прапановай пашырыць культурніцка-кулінарны сымбіёз на іншыя рэгіёны Расеі, дзе кампактна жывуць этнічныя беларусы:

Дырэктар менскай "Камяніцы" Сяргей Чагрынец і Марына Глебец
Дырэктар менскай "Камяніцы" Сяргей Чагрынец і Марына Глебец

«Мне прыходзяць на электронную пошту лісты зь іншых месцаў Расеі — з сыбірскіх гарадоў, з уральскага рэгіёну. Дык вось людзі ў сваіх допісах цікавяцца: як бы, уласна кажучы, нам здабыць, купіць франшызу на этна-кавярню? Маўляў, гатовыя паспрабаваць, бо беларусаў у нас таксама багата, а падобнай кавярні, падобнага месца няма. А гэта азначае, што „Беларуская глеба“ раскруцілася і ўжо вядомая па-за межамі Іркуцкай вобласьці. Хутчэй за ўсё, зацікавіла сама ідэя, бо ў аснову закладаўся менавіта беларускі падмурак. Іншымі словамі, усё павінна быць на беларускай мове: і музыка, якая фонам ідзе, і мэню, і афіцыянты — хай сабе пакуль на ўзроўні вітаньня. Адным словам, уся абстаноўка. Заходзіць чалавек — і бачыць, што гэта беларуская хата. Дзякуючы Глебцам, дзякуючы нашаму ўдзелу гэта ўсё вытрымана, гэта ўсё зроблена».

У адным са сваіх дасьледаваньняў Алег Рудакоў паспрабаваў сыстэматызаваць асноўныя хвалі перасяленьня беларусаў у Прыбайкальле. Паводле архіўных зьвестак, выхадцы зь беларускіх земляў былі ў складзе яшчэ першых экспэдыцыяў казакоў. У XVII стагодзьдзі маскоўскія баяры адпраўлялі палонных у Сыбір не як катаржнікаў, а як першапраходцаў. Неўзабаве зьяўляюцца цэлыя вёскі беларусаў зь Вялікага Княства Літоўскага. Так, з дакумэнтаў 1680 году вядомае паселішча Літвінцава паблізу Ілімскага астрогу, якое праіснавала да 1940-х гадоў.

Алег Рудакоў у студыі Свабоды
Алег Рудакоў у студыі Свабоды

Другая хваля зьвязаная з паўстаньнямі 1830-га і 1863-га гадоў. Пасьля здушэньня «бунтаў» беларусаў высылалі ў Сыбір цэлымі вёскамі. Але паколькі ў масе сваёй гэта былі каталікі, часьцяком іх называлі палякамі.

Трэцяя хваля, самая масавая, зьвязаная з рэформамі Пятра Сталыпіна. Ад 1902 году ў Іркуцкую губэрню пацягнуліся перасяленцы, якія засноўвалі свае паселішчы, захоўвалі свой уклад і нават манеру будаваць дамы. Паводле архіўных дадзеных, да 1912 году сюды пераехалі блізу 300 тысяч беларусаў.

Чацьвёртая хваля — 1930-я гады. Калектывізацыя прымусіла пераяжджаць у Сыбір многіх сялян, якія не жадалі ісьці ў калгасы. Ім паабяцалі, што ў Сыбіры яны будуць жыць аднаасобна. Праўда, у 1939-м калектывізацыя дайшла і туды.

Беларуская вёска Тургенеўка, Іркуцкая вобласьць
Беларуская вёска Тургенеўка, Іркуцкая вобласьць

Пятая хваля зьвязаная з камсамольскімі будоўлямі: Брацкая ГЭС, Усць-Ілімская ГЭС былі ўзьведзеныя ў тым ліку беларускімі будаўнікамі, якія так і засталіся жыць у Іркуцкай вобласьці. Асабліва вядомы пасёлак Улькан на БАМе, які будавалі беларускія камсамольскія атрады.

Нарэшце, да апошняй масавай хвалі перасяленцаў спрычынілася Чарнобыльская катастрофа і вывад ракетных войскаў зь Беларусі ў рэгіёны Сыбіру і Далёкага Ўсходу.

Паводле самых сьціплых падлікаў, сёньня ў Іркуцкай вобласьці жыве ня менш за 50 тысяч чалавек, якія ідэнтыфікавалі сябе як беларусаў. Хоць дасьледаваньні спадара Рудакова паказваюць, што ці ня ў кожнага трэцяга жыхара Іркуцкай вобласьці ёсьць беларускія карані.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG