Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палюбіла за цьвёрды характар і добрае сэрца, — Аляксандра Герасіменя пра Генадзя Бураўкіна


Аляксандра Герасіменя ў гасьцях у Генадзя і Юліі Бураўкіных. ФОТА Сяргей Шчурко
Аляксандра Герасіменя ў гасьцях у Генадзя і Юліі Бураўкіных. ФОТА Сяргей Шчурко

28 жніўня 80 гадоў споўнілася б Генадзю Бураўкіну — выдатнаму паэту, дыплямату, грамадзяніну. Яго ня стала 30 траўня 2014-га ў выніку разьвіцьця анкалягічнай хворобы.

Бадай, ці не самай маладой сяброўкай сям’і Бураўкіных у апошнія гады была славутая беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя — прызэрка Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка сьвету і Эўропы.

На просьбу Радыё Свабода Аляксандра згадала, як адбылося знаёмства з Генадзем Мікалаевічам і па якіх крытэрах яна вызначыла, што гэта чалавек, сапраўды блізкі ёй па духу:

«З Генадзем Мікалаевічам і ягонай жонкай Юліяй Якаўлеўнай мяне пазнаёміў Сяргей Шчурко (журналіст газэты „Прессбол“ і мэнэджэр спартоўкі — РС), — удакладняе Аляксандра Герасіменя. — Адным прахалодным дажджлівым вечарам, у чарадзе абавязковых спраў, мы зайшлі ў госьці да сям’і Бураўкіных. Шчыра кажучы, дагэтуль зьвесткі пра гаспадара дому былі даволі павярхоўныя: практычна ўсё, што ведала, — паэт, пісьменьнік, карацей, чалавек ад літаратуры».

Ва ўсіх аповедах Бураўкіна адчуваўся талент пісьменьніцкага слова

Аляксандра прызнаецца: тады не магла нават уявіць, што кантакты з Бураўкінымі стануць рэгулярнымі, але дзякуе лёсу, што першыя ўражаньні аказаліся падманлівымі:

«Спачатку мне падалося, што я патрапіла ў мінулае, як на машыне часу — высачэнныя столі ў кватэры, старэнькі сэрвіз, вялізны гадзіньнік зь зязюляй, мноства кніг і чорна-белых фотаздымкаў. Але першыя хвіліны размовы ўсё паставілі на свае месцы — было абсалютна відавочна, што ў гэтай сям’і ўладараць ўзаемапавага і душэўная цеплыня. Гэта быў чароўны вечар, які я ніколі не забуду. Тады ж атрымала ў падарунак кнігу вершаў за подпісам аўтара....».

Сяргей Шчурко
Сяргей Шчурко

«Падабалася нам у Бураўкіных, — далучаецца да ўспамінаў Сяргей Шчурко. — Усё роўна як дома, вельмі цёпла і ўтульна. І сям’я сапраўдная —і пагаварыць было пра што, і кніг рэдкіх шмат, і самых розных гісторый. І Юлія Якаўлеўна гатавала вельмі смачна. Паўсюльл карціны, цікавыя фотаздымкі. У гэтым доме — уся гісторыя краіны: і новай, і той, якая засталася ў СССР...».

Аляксандра кажа, што тыя кантактаваньні можна параўнаць з іспытамі па беларускай мове і гісторыі Беларусі: спачатку перабудавацца было нялёгка, але паступова ўцягнулася і атрымала ня толькі выдатную моўную практыку, але і бонусам — гістарычні экскурс у мінулае. Прызнаецца, што ў працэсе такіх размоваў не аднойчы лавіла сябе на думцы, як на самой справе мала ведаюць беларусы пра свае карані:

«У стылі аповедаў, у неверагодных гісторыях, якія Генадзь Мікалаевіч расказваў, адразу адчуваўся талент пісьменьніцкага слова. Таму ад сустрэчаў з такімі асобамі пранізваесься любоўю да гісторыі роднай зямлі, да людзей, якія тут жылі і здабывалі ёй славу».

Дзякуючы Генадзю Бураўкіну, адбываўся літаратурны лікбез. Ён шмат цытаваў свайго блізкага сябра Рыгора Барадуліна, а ў адну з апошніх сустрэч Аляксандра Герасіменя сама папрасіла томік са збору твораў Васіля Быкава. Праўда, вярнуць кніжку так і не пасьпела, і яна засталася як памяць пра неардынарнага чалавека, знаёмства зь якім нечакана падараваў лёс:

«Напрыклад, зь яго аповедаў я больш даведалася пра нашага літаратурнага клясыка Васіля Быкава — прычым, ня толькі аб яго творчасьці, але і аб чалавеку, аб грамадзяніне. Наогул прыемна ўсьведамляць, што Бураўкін і Быкаў былі добрымі сябрамі. Напэўна, таму ў мяне ўзьнікла жаданьне пазнаёміцца з працамі Васіля Ўладзімеравіча бліжэй — апроч праграмных твораў, якія некалі вывучала ў школе».

Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў
Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў

Аляксандра неаднаразова падкрэсьлівала, што Генадзь Бураўкін — «надзіва сумленны і добры чалавек, зносіны з якім даюць вельмі многае, літаральна закахаў мяне ў Васіля Быкава»: «Ягоная ваенная аповесьць „Абэліск“ — вельмі сучасная і актуальная: пра выбар, пра перамогу абавязку і гонару над уласным страхам, пра тое, што чалавечая сутнасьць у любы час застаецца аднолькавай. Аўтар заўсёды ставіць сваіх герояў у экстрэмальныя абставіны і, чытаючы яго, раз-пораз запытваеш у сябе: як ты паступіў бы на іх месцы?», — задаецца яна рытарычным пытаньнем.

Уражвала, наколькі Бураўкін любіў сваю сям’ю, жонку Юленьку

Ужо ў працэсе знаёмства Аляксандра зрабіла яшчэ адно адкрыцьцё — пра аўтарства знакамітай «Калыханкі», якую ў «дакампутарны век» ведала кожнае беларускае дзіця, засынаючы пад яе гукі: «Насамрэч вельмі зьдзівілася, калі даведалася, што словы да песьні ўсім вядомай „Калыханкі“, якую штовечар паказвалі па тэлебачаньні, напісаў Генадзь Бураўкін. Тым больш прыемна асэнсоўваць, што сябравала з такім чалавекам», — гаворыць спартоўка.

Аляксандра Герасіменя гаворыць, што Генадзь Бураўкін назаўжды застанецца для яе ня толькі прыкладам прынцыповасьці, але і чалавечай прыстойнасьці:

«У Генадзя Мікалаевіча быў адказ на любое пытаньне, ён заўсёды меў уласнае меркаваньне, якое быў гатовы адстойваць да канца. І ў той жа час заставаўся ўзорам прыстойнасьці, высакароднасьці. Мяне да глыбіні душы расчульвала, наколькі ён любіў сваю сям’ю, асабліва жонку Юленьку — толькі так пяшчотна яе называў і дзеля яе быў гатовы на ўсё. За гэта, напэўна, я і палюбіла Генадзя Бураўкіна — за цьвёрды характар і добрае сэрца».

Нягледзячы на ранейшыя заслугі, апошнія гады жыцьця Генадзь Бураўкін быў абдзелены дзяржаўнай увагай. На яго пахаванне сабраліся найперш калегі, дзеячы культуры, мастацтва. Ад усяго беларускага спорту разьвітацца са старэйшым сябрам і ідэйным настаўнікам прыйшла толькі Аляксандра Герасіменя.

У 2014-м, праз некалькі месяцаў пасьля таго, як пакінуў гэты сьвет Генадзь Бураўкін, Аляксандра Герасіменя стала адной зь ініцыятарак і «фронтмэнкай» Першага нацыянальнага спартовага фэстывалю «Мова Cup», які не меў і дагэтуль ня мае аналягаў — «зоркі» і аматары спорту спаборнічалі на адной пляцоўцы і камунікавалі на роднай мове. Гэтаксама займаецца дабрачыннымі праектамі: разам з калегамі-спартоўцамі наведвае дзяцей-інвалідаў, дазваляючы ім адчуць уласную датычнасьць да вялікага спорту.

Аляксандра Герасіменя падчаc Mova cup тлумачыць умовы спаборніцтваў па-беларуску
Аляксандра Герасіменя падчаc Mova cup тлумачыць умовы спаборніцтваў па-беларуску

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 году ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёну на Віцебшчыне. Скончыў аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсытэту. Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», на Беларускім радыё, у газэце «Літаратура і мастацтва», карэспандэнтам газэты «Правда» па БССР, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосьць». У 1978-1990 гадах — старшыня Дзяржаўнага камітэту БССР па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні. У 1990-1994 гадах Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН. Па вяртаньні на радзіму — намесьнік міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь. Апошнія гады быў у апазыцыі да дзейных уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG