Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя ЗША абараніць краіны Балтыі?


4 батальёны НАТО ў Балтыі і Польшчы і заявы віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў Рызе. Тэму абмяркоўваюць аналітыкі Радыё Свабода Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: 23 жніўня ў Рызе віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сустрэўся з прэзыдэнтам Латвіі Раймандсам Вэёнісам. Суразмоўцы віталі рашэньні, прынятыя на саміце НАТО, які адбыўся ў мінулым месяцы ў Варшаве. У прыватнасьці, яны падтрымалі рашэньне аб умацаваньні ўсходняй мяжы альянсу.

Віцэ-прэзыдэнт Байдэн падкрэсьліў непахісную прыхільнасьць ЗША 5-му артыкулу Вашынгтонскай дамовы. Байдэн падкрэсьліў прыхільнасьць ЗША сваім абавязаньням як чальца НАТО па абароне краінаў Балтыі ад патэнцыйнай агрэсіі з боку Расеі.

Натуральна, што пашырэньне прысутнасьці НАТО ў рэгіёне — гэта адказ на паводзіны Расеі апошнія два гады. Гэта знак Маскве, што ўсе сябры альянсу знаходзяцца пад абаронай усіх краінаў альянсу. Стратэгія Расеі акурат была разьлічаная на тое, што рэакцыя НАТО ня будзе рашучай. І пасьля ўкраінскіх падзеяў якраз многія крытыкуюць недастатковасьць і слабасьць адказу НАТО.

Аднак Украіна — не ўдзельніца НАТО, у адрозьненьні ад краінаў Балтыі. Таму разьмяшчэньне там і ў Польшчы вайсковых кантынгентаў з ЗША, Вялікабрытаніі і Нямеччыны мае вялікае псыхалягічнае значэньне. Краіны Балтыі, безумоўна, у псыхалягічным сэнсе будуць адчуваць сабе больш абароненымі.

Пашырэньне прысутнасьці НАТО ў рэгіёне — гэта адказ на паводзіны Расеі апошнія два гады.

Калі на іх тэрыторыі будзе знаходзіцца хаця б некалькі сотняў вайскоўцаў з краінаў НАТО — то гэта ўжо будзе мець істотнае маральна-псыхалягічнае значэньне. Бо адна справа, калі нейкія патэнцыйныя «апалчэнцы» ўступяць у сутыкненьні зь літоўскімі ці латыскімі войскамі, і зусім іншае — калі з амэрыканскімі і нямецкімі. Такое магчымае сутыкненьне, безумоўна, паспрыяе больш хуткаму і рашучаму адказу з боку гэтых краінаў. Палякі спадзяюцца, што калі на іх тэрыторыі будуць амэрыканцы, то амэрыканцы тады ня кінуць і палякаў.

Дракахруст: Усё ж такі праблема застаецца. Так, гэтыя чатыры батальёны будуць адыгрываць своеасаблівую ролю маральнага «якара». Калі пры гіпатэтычным расейскім уварваньні пачнуць гінуць салдаты, будуць гінуць і салдаты «грандаў» краінаў НАТО — ЗША, Нямеччыны, Вялікабрытаніі. І ў гэтай сытуацыі сказаць, што гэта ня наша справа, неяк мудрагеліста інтэрпрэтаваць 5-ты артыкул статуту НАТО будзе складаней, чым у іншай сытуацыі, калі б гінулі толькі латыскія, літоўскія і эстонскія салдаты.

Але момант уразьлівасьці балтыйскіх краінаў застаецца. Увогуле гэтую праблему сталі абмяркоўваць ня толькі пасьля адпаведных падзеяў у Крыме і Данбасе, але і пасьля зьяўленьня тэкстаў амэрыканскіх аналітыкаў, якія падлічылі, што Расеі спатрэбіцца літаральна некалькі сутак для таго, каб акупаваць тры балтыйскія краіны.

Расеі спатрэбіцца літаральна некалькі сутак для таго, каб акупаваць тры балтыйскія краіны.

А вось пасьля апошняга рашэньня НАТО пра 4 батальёны, я прачытаў недзе спасылку на словы неназванага расейскага генэрала, які сказаў, што да таго, як гэтыя чатыры батальёны там зьявяцца, Расеі трэба будзе 60 гадзінаў, каб акупаваць балтыйскія краіны, а пасьля іх зьяўленьня — 60 гадзінаў і 30 хвілін.

Так што ваенная праблема для ЗША, для НАТО гучыць так: не абараняць краіны Балтыі ў выпадку чаго, а фактычна вызваляць краіны Балтыі, якія вельмі хутка могуць быць захопленыя расейскімі войскамі. У адрозьненьне ад Польшчы, дзе даволі вялікая глыбіня фронту.

Таму я не выключаю, што наступным крокам краінаў НАТО будзе разьмяшчэньне блізка ад гэтых краінаў значных сілаў хуткага рэагаваньня, якія ў выпадку расейскай атакі на краіны Балтыі могуць як уступіць у бой на працягу гэтых 60 гадзінаў і ўсё ж такі прадухіліць акупацыю, ці стаць сіламі вызваленьня, якія зноў жа хутка падыдуць да тэатру ваенных дзеяньняў.

Не выключаю, што такі наступны крок будзе зроблены, бо пакуль гэтыя чатыры батальёны сапраўды адыгрываюць выключна ролю маральнага «якара».

Карбалевіч: Праблема абароны краінаў Балтыі для НАТО зьяўляецца ці ня самым вострым пытаньнем. Краіны Балтыі з ваенна-стратэгічнага гледзішча знаходзяцца на востраве. І з гэтага гледзішча ў выпадку вайны з Расеяй ім будзе цяжка атрымаць дапамогу з боку НАТО.

Адрэзаць Балтыю ад Эўропы можна толькі праз тэрыторыю Беларусі.

Гэта добра разумеюць усе вайсковыя людзі, таму краіны Балтыі цяпер так зацікаўленыя, каб на іх тэрыторыі стала знаходзіліся хоць невялікія вайсковыя кантынгенты з краінаў НАТО, найперш, з ЗША.

Наколькі ў рэальнасьці вялікія краіны Захаду, найперш ЗША, гатовыя будуць ваяваць, пачынаць вялікую вайну зь ядзернай дзяржавай Расеяй за Балтыю — пытаньне адкрытае.

Для Беларусі гэтае пытаньне важнае ў тым пляне, што адрэзаць Балтыю ад Эўропы можна толькі праз тэрыторыю Беларусі ў кірунку Калінінграду. Я думаю, для гэтага будзе патрэбна некалькі гадзінаў, ня больш за тое.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG