Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дні, якія стварылі краіну


24 жніўня 1991 г. Пачатак Сэсіі Незалежнасьці. Гаворыць Зянон Пазьняк. Побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч. (Кінакадар)
24 жніўня 1991 г. Пачатак Сэсіі Незалежнасьці. Гаворыць Зянон Пазьняк. Побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч. (Кінакадар)

Пра падзеі жніўня 1991-га — фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая выходзіць другім выданьнем у «Бібліятэцы Свабоды. ХXI стагодзьдзе».



«Не скарыстаем шанец — потым сабе не даруем»


22 жніўня пад націскам дэпутатаў Апазыцыі БНФ (нас падтрымалі яшчэ некалькі дзясяткаў дэпутатаў) Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету быў вымушаны прызначыць нечарговую сэсію на 24 жніўня.


Парадак дня, які прапанаваў Прэзыдыюм, складаўся з двух пунктаў. Першы — «Аб бягучым моманце». Другі — «Пра Саюзны дагавор». І больш — нічога.

Колькі разоў члены Прэзыдыюму адкідвалі нашыя, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, законапраекты на той падставе, што яны, нібыта, не былі дакладна сфармуляваныя альбо былі юрыдычна некарэктныя — і тут самі высоўваюць расплывістую фармулёўку пра «бягучы момант»... І, вядома, зноў — Саюзны дагавор. А пра незалежнасьць — ні слова.

Зянон Пазьняк падаў Дземянцею нашыя прапановы з абсалютна канкрэтнымі фармулёўкамі ў парадак дня нечарговай сэсіі:

«— Аб дзеяньнях членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР і службовых асобаў рэспублікі ў часе перавароту.
— Аб дзеяньнях грамадзка-палітычных арганізацый у часе спробы дзяржаўнага перавароту.
— Аб наданьні канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.
— Аб зьменах у артыкуле Канстытуцыі БССР.
— Аб Саюзным дагаворы.
— Аб асноўных пытаньнях парадку дня пятай сэсіі Вярхоўнага Савету БССР».

Але трэба было падрыхтаваць тэксты законапраектаў — і на гэта мы мелі крыху больш за суткі.


Гэтыя суткі мы правялі ў нашым 363-м пакоі Дому ўраду. Разьмеркаваліся па групах: адны рыхтуюць пакет пад канстытуцыйнасьць Дэклярацыі, другія — пастановы пра адстаўкі старшыні і Прэзыдыюму, трэція — рашэньні пра забарону дзейнасьці КПБ-КПСС і нацыяналізацыю партыйнай маёмасьці, чацьвертыя — аб перападпарадкаваньні войска, КДБ, МУС і пракуратуры.

Фрагмэнт фільму "Дэпутаты"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:50 0:00

Пазьней мне так і не ўдалося знайсьці фатаздымкаў нашай працы тых дзён у памяшканьні апазыцыі — я перакананы, што апрача здымачнай групы фільму «Дэпутаты», які рабілі Аляксандр Лукашук і Юры Гарулёў, там ніхто і не здымаў (ва ўсялякім разе, пры мне не здымалі дакладна). У фільме ёсьць некалькі сэкундаў — і гэта ўсё, што засталося для гісторыі.

І тое вельмі лёгка патлумачыць. Нават дэмакратычна арыентаваныя журналісты ў тыя дні засяродзілі ўвагу не на Менску, а на Маскве, дзе, як лічылася, адбываюцца галоўныя падзеі: ідуць арышты ўдзельнікаў ГКЧП, нехта з путчыстаў страляецца, нехта з чыноўнікаў выкідваецца з акна, Гарбачоў прыяжджае да расейскіх дэпутатаў, Ельцын падпісвае ўказ аб забароне дзейнасьці КПСС...

Дый нічога радыкальнага, рэвалюцыйнага ад пракамуністычнага Вярхоўнага Савету БССР журналісты не чакалі. Тады і прагучала па Радыё Свабода меркаваньне, што максымум, на што можа пайсьці дэпутацкая большасьць — гэта дэпартызацыя (вывад камуністычных камітэтаў з прадпрыемстваў, дзяржаўных установаў і войскаў). І нават гэта здавалася маларэальным.

Увогуле, у той дзень, калі мы раніцай сабраліся ў нашым пакоі ў Доме ўраду, Пазьняк сказаў: у нас ёсьць некалькі дзён, магчыма, нават менш за тыдзень. І калі мы за гэтыя дні не скарыстаем шанец — потым сабе не даруем. Бо можа здарыцца, што больш такой магчымасьці і такіх умоў у нас ня будзе.

Сапраўды, тыя дні былі адметныя: уздым і надзвычайная палітычная актыўнасьць народу і — страх камуністычных кіраўнікоў. Але мы разумелі, што і радасьць, і страх — гэта пачуцьці, а ўсялякія эмоцыі — недаўгавечныя, хай бы нават яны і ахоплівалі вялікую частку людзей. Але пакуль такія эмоцыі існуюць — іх трэба скарыстаць. Зьявіўся рэальны шанец, змарнаваць які было недаравальна.
Тры «путчаўскія» дні ўзялі багата нэрваў і фізычных сілаў, а распрацоўка дакумэнтаў вымагала максымальнай засяроджанасьці.

Мы ўсьведамлялі, вядома, якога кшталту дакумэнты рыхтуем — магчыма, самыя важныя для лёсу Беларусі. Таму юрыдычныя фармулёўкі мусілі быць дасканалымі як ніколі.

На шчасьце, у нас ужо была практыка стварэньня заканадаўчых дакумэнтаў — хай нашыя прапановы часьцей за ўсё не праходзілі, а адкідаліся пракамуністычным Вярхоўным Саветам, але досьведу мы назапасілі дастаткова, каб у падрыхтоўцы да сэсіі адчуваць сябе ўпэўнена.

Нічога не магу прыгадаць з той дзённай ды начной працы акрамя вялікага напружаньня і шкадаваньня, што ня можаш падзяліцца на два, тры, чатыры чалавекі: у памяшканьні апазыцыі мы пісалі законапраекты, а побач няспынна званіў тэлефон — зь Менску, з розных гарадоў Беларусі людзі паведамлялі, хто зь мясцовага начальства і якім чынам падтрымаў пераварот, пыталіся, што трэба рабіць...

БНФ тады ня меў свайго памяшканьня, і некалькі чалавек з Сойму сядзелі ў нашым пакоі «на тэлефонах». Але часта людзі, якія званілі, прасілі падысьці да тэлефонаў менавіта дэпутатаў — бо ў дзяржаўных установах на дэпутацкія запыты рэагавалі шпарчэй.

А з пошты нам прыносілі сотні тэлеграмаў з патрабаваньнямі адстаўкі Дземянцея і забароны КПБ-КПСС. Шмат дзе праводзіліся сходы, і цэлыя калектывы прымалі рэзалюцыі — адно такое рашэньне нам перадаў галоўны рэдактар выдавецтва «Беларусь» Аляксандар Лукашук, і яно выразна адлюстроўвае настроі тых дзён.

З акна нашага пакою ў Доме ўраду плошча бачыла бел-чырвона-белы сьцяг — яго прымацаваў Аляксандар Шут.

Дыскусія. Выступае Аляксандар Шут. У пэрспэктыве ля мікрафона Мікалай Крыжаноўскі
Дыскусія. Выступае Аляксандар Шут. У пэрспэктыве ля мікрафона Мікалай Крыжаноўскі

Увечары 23 жніўня мы перадалі ў сакратарыят Вярхоўнага Савету два дзясяткі законапраектаў — пастановы пра наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнай сілы, пра забарону дзейнасьці КПБ-КПСС і нацыяналізацыі маёмасьці, а таксама аб дэпартызацыі, аб падпарадкаваньні МУС, КДБ і пракуратуры Вярхоўнаму Савету і Саўміну Беларусі — усяго 22 аркушы.

І адразу пасьля гэтага мы — Зянон Пазьняк, Уладзімер Заблоцкі, Валянцін Голубеў і я — паехалі ў тэлецэнтар на Макаёнка на прамы эфір.
Гэты эфір мы запатрабавалі яшчэ на пасяджэньні Прэзыдыюму, запатрабавалі катэгарычна і менавіта ў прайм-тайм. Гэта, здаецца, быў адзіны выпадак, калі кіраўнік Дзяржтэлерадыё Сталяроў даў нам яго адразу (і раней, і пазьней перамовы зь ім забіралі ў мяне не адзін дзень, хоць выхад на тэлебачаньне нібыта і быў нам гарантаваны Законам аб статусе дэпутата).

У студыі працавалі прамыя тэлефоны, і на нас абрынулася інфармацыя з розных куткоў Беларусі пра падтрымку ГКЧП мясцовым начальствам. Мы патлумачылі, чаго будзем дамагацца ад дэпутацкай большасьці на нечарговай сэсіі — галоўнымі пытаньнямі былі адстаўка Дземянцея і Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, спыненьне дзейнасьці КПБ-КПСС і незалежнасьць.

Гаворыць Пётра Садоўскі
Гаворыць Пётра Садоўскі

Мы заклікалі людзей прыйсьці на плошчу перад Домам ураду з самага пачатку сэсіі, каб падтрымаць дэпутатаў БНФ. Мы ведалі, што парлямэнцкая «большасьць» не ператварылася ў «меншасьць». У тыя дні аўтарытэт кіраўніцтва БССР быў на нулі — але мы ўжо мелі досьвед стасункаў з камуністычнымі дэпутатамі, ведалі, што яны здольныя галасаваць насуперак здароваму сэнсу і нават інстынкту самазахаваньня. А тысячы людзей на плошчы прымусілі б камуністаў больш уважліва паставіцца да нашых патрабаваньняў.

Ня ведаю, ці рабіў хто-небудзь відэазапіс таго эфіру — у архіве Ўладзімера Кармілкіна захавалася некалькі фотакадраў з тэлевізара.
Дэталяў нашых выступаў ня памятаю, узгадваецца толькі, што пад тэлевізійнымі сафітамі было вельмі горача, дый эфір быў даволі працяглы, гадзіны паўтары. Здаецца, першы і апошні раз нам не абмяжоўвалі час.

эпутаты Апазыцыі БНФ у ВС БССР Сяргей Навумчык і Юры Беленьскі на плошчы. Жнівень 1991 г. Фота Уладзімера Кармілкіна.
эпутаты Апазыцыі БНФ у ВС БССР Сяргей Навумчык і Юры Беленьскі на плошчы. Жнівень 1991 г. Фота Уладзімера Кармілкіна.

Перамагчы арытмэтыку

Дні путчу ў Менску былі халодныя, як для жніўня, а вось раніца 24-га прыгадваецца цёплай. Першае пасяджэньне кожнай сэсіі Вярхоўнага Савету звычайна пачыналася а 10-й гадзіне, але гэтым разам было прызначанае на 12-ю. На плошчы ўжо сабралася даволі шмат людзей — яны павесілі на міліцэйскія загароджы плякаты з патрабаваньнямі адстаўкі Дземянцея і забароны КПБ-КПСС.


Перад самым пачаткам сэсіі мяне папрасілі выступіць перад людзьмі: на плошчу таксама выйшлі Алег Трусаў і Яўген Глушкевіч. Гучалі заклікі ісьці да ЦК і вынесьці адтуль камуністаў «уперад нагамі». Увогуле, людзі мелі рашучы настрой. Мы заклікалі да цывілізаваных спосабаў — дзейнасьць КПБ-КПСС мусіць быць прыпыненая, але легітымным шляхам.

На пачатку сэсіі Галіна Сямдзянава ўнесла ў Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг, замацавала яго за трыбунай разам з Валянцінам Голубевым, а Зянон Пазьняк зрабіў прапанову, каб нацыянальны сьцяг заставаўся ў залі. Дземянцей паставіў на галасаваньне (а мог бы і проста сказаць «Добра»). За — толькі 107 дэпутатаў. Пазьняк прамовіў: «Мы пачакаем», і Валянцін Голубеў прыбраў сьцяг са сцэны і паставіў яго ў «менскім сэктары» — усю сэсію сьцяг быў з намі ў залі.
(Потым невядома адкуль узьнік міт, што нібыта першым сьцяг у Авальную залю ўнёс Лукашэнка. Насамрэч, на другі дзень, вяртаючыся пасьля абеду ў гатэлі на сэсію, дэпутат касманаўт Уладзімер Кавалёнак падышоў да людзей на плошчы, узяў сьцяг і прынёс яго ў залю — раптам зь ім выпадкова ўвайшлі ў залю Аляксандар Лукашэнка з Інэсай Драбышэўскай (будучы міністар аховы здароўя).

Што да самога Лукашэнкі, дык у пачатку сэсіі ён толькі адзін раз прагаласаваў супраць парадку дня, а потым заявіў, што ня хоча ўдзельнічаць у працы сэсіі, каб браць на сябе адказнасьць, паставіў пад сумнеў неабходнасьць сувэрэнітэту і не рэгістраваўся).

Вынік галасаваньня пра сьцяг паказваў, што нашыя засьцярогі наконт неразуменьня сытуацыі значнай часткай дэпутатаў-камуністаў аказаліся слушнымі. Калі ўявіць, што прапанаваныя намі на парадак дня сэсіі пытаньні зьбяруць такую самую колькасьць прыхільнікаў, дык для прыняцьця рашэньняў пра адстаўку Дземянцея і Прэзыдыюму ВС, дэпартызацыі і спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС нам ня хопіць амаль 70 галасоў. А для абвяшчэньня незалежнасьці — тут ужо патрабавалася канстытуцыйная большасьць — не хапала амаль 130 галасоў.

Звычайна, каб перацягнуць на свой бок 15-20 дэпутатаў, нам даводзілася прыкладаць вялізныя намаганьні — весьці кулюарныя перамовы, шукаць дадатковую аргумэнтацыю, што займала ня дзень і ня два. Але пераканаць пару дзясяткаў дэпутатаў зьмяніць пазыцыю было рэальна, калі ж не хапала 130 галасоў — ня памятаю, каб мы настойвалі на хуткім перагаласаваньні. У такой сытуацыі было зразумела, што пытаньне давядзецца адкласьці на доўгі час. Але цяпер гэта было немагчыма: сэсію, як мы ведалі, кіраўніцтва Вярхоўнага Савету плянавала правесьці за адзін дзень.

Пасяджэньне дэпутацкай апазыцыі БНФ. Фота С. Навумчыка
Пасяджэньне дэпутацкай апазыцыі БНФ. Фота С. Навумчыка

Таму 130 дэпутатаў, галасоў якіх нам не хапала — гэта ў тых умовах была вялізная, амаль недасягальная лічба — усе папярэднія сэсіі паказвалі ўсёмагутнасьць арытмэтыкі. Стала зразумела, што лёгкага посьпеху на хвалі перамогі над ГКЧП не атрымаецца. Цяпер усё залежала ад нашых дзеяньняў у Авальнай залі. А таксама — ад людзей на плошчы.

Увогуле, гэтая сэсія — прыклад удалага спалучэньня стратэгіі і дакладна пралічанай тактыкі.

Стратэгія палягала ў тым, каб прымусіць парлямэнцкую большасьць прыняць нашыя прапановы, абвясьціць незалежнасьць і забараніць КПБ-КПСС.

Адзіная тактыка, якая падавалася пэрспэктыўнай — спалучэньне націску і пераконваньня. У душах камуністаў панавалі страх і неакрэсьленасьць уласнай будучыні. Што да ціску, дык тут нам вельмі дапамагалі людзі на плошчы: голас народу праходзіў праз вокны ў фае Дому ўраду і празь дзьверы — у Авальную залю. У самой залі пасяджэньняў мы пастаянна ціснулі на дэпутатаў — ва ўсялякім разе, мая роля вымалёўвалася пераважна менавіта такой. Я то зачытваў пратакол пасяджэньня Прэзыдыюму, большасьць членаў якога фактычна падтрымалі ГКЧП, то цытаваў гнеўныя тэлеграмы «зь месцаў», то маляваў пэрспэктывы ў тым выпадку, калі б народ з плошчы прарваўся ў Авальную залю.

Тое самае рабіў і Яўген Глушкевіч — зразумела, што папярэджаньні з вуснаў былога камуністычнага сакратара для дзейных партыйных сакратароў гучалі пераканаўча.

Дыскусія. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у чарзе да мікрафона. Справа налева – Лявонці Зданевіч, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў. (Кінакадр)
Дыскусія. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у чарзе да мікрафона. Справа налева – Лявонці Зданевіч, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў. (Кінакадр)

У Валянціна Голубева ці Зянона Пазьняка мэта была крыху іншая. Валянцін агучваў нашыя прапановы ў парадак дня, праўда, і тут ён таксама выявіў свой бліскучы прамоўніцкі талент, надаў эмоцый — але ў меру. Пазьняк рабіў палітычны даклад, тут усё было выверана і ўзважана, але ацэнкі камуністам Пазьняк даваў зьнішчальныя. У канцы сэсіі ён нечакана для парлямэнцкай большасьці згуляе на кантрасьце — зьвернецца да іх з просьбай, якая кардынальна памяняе сытуацыю.
Пазыцыю Прэзыдыюму (разгледзець два пытаньні — пра бягучы момант і пра саюзную дамову — і скончыць сэсію за адзін дзень — прадстаўляў ад імя Прэзыдыюму Станіслаў Шушкевіч.

Мы з такой прапановай былі катэгарычна ня згодныя, бо вырашаўся лёс Беларусі, і дэпутаты павінны былі правесьці ў Авальнай залі столькі часу, колькі спатрэбіцца.

Належнай колькасьці галасоў не набрала ні прапанова Прэзыдыюму, ні прапанова Апазыцыі.

Градус напружанасьці павялічваўся.

Віктар Ганчар заклікаў Прэзыдыюм зьняць сваю прапанову, аднак Шушкевіч заявіў, што «не магу зьняць тое, што прапанавана Прэзыдыюмам».

Да мікрафона падыходзіць Пазьняк: «Шаноўны Станіслаў Станіслававіч, галасаваньне паказала ўсю беспэрспэктыўнасьць вашай прапановы, таму што за прапанову Прэзыдыюму не хапіла галасоў і за прапанову Апазыцыі не хапіла галасоў. Так што выхад з гэтага тупіку ёсьць толькі адзін. Гэта тое, што прапанаваў калега Ганчар. Трэба, каб Прэзыдыюм зьняў сваю прапанову...»

Свой варыянт прапануе Ігар Гермянчук (канкрэтызаваць першы пункт прапановамі апазыцыі і дэпутатаў), нарэшце, Пётра Садоўскі як член Прэзыдыюму прапануе зрабіць перапынак і ўсім членам Прэзыдыюму сабрацца, каб перагледзець сваё стаўленьне да парадку дня. Дземянцей абвяшчае перапынак.

Пасьля перапынку Шушкевіч ізноў агучвае прапанову Прэзыдыюму, гэтым разам у новай форме, там ужо ёсьць пытаньне дэпартызацыі, але ўзьнікае новае: «Аб дзяржаўным забесьпячэньні КПБ». Гэта значыць, ні многа ні мала, узяць кампартыю на дзяржаўнае забесьпячэньне!
Дземянцей хоча ставіць прапанову на галасаваньне, але да мікрафона падыходзіць Валянцін Голубеў:

«Паважаны Станіслаў Станіслававіч! Тое размазваньне, пра якое я гаварыў на пачатку, працягваецца. Пытаньне аб дзеяньнях старшыні Вярхоўнага Савету падчас путчу вы, Прэзыдыюм, зьнялі поўнасьцю. Пытаньне, якое ставіла Апазыцыя, аб дзеяньнях членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, усяго Прэзыдыюму, вы зьнялі поўнасьцю. Пытаньне аб дзеяньнях службовых асобаў вы зьнялі поўнасьцю... Пяройдзем далей да кампартыі Беларусі. Ці ня лічыце вы, што зараз трэба забараніць ці прыпыніць дзейнасьць гэтай злачыннай арганізацыі? Гэтага няма. Дзе пытаньне аб нацыяналізацыі маёмасьці кампартыі Беларусі?.. Паважаны дэпутат Шушкевіч! Дзе падзелася пытаньне аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце? Што, мы зноў уцяклі, ізноў баімся сказаць, што мы беларусы і Вярхоўны Савет Беларусі павінен ахоўваць сваю рэспубліку? Тут шэраг пытаньняў. Прапала пытаньне аб пракуроры. Зьніклі іншыя пытаньні, і мы, Апазыцыя, Дэмакратычны клюб і іншыя дэмакратычныя дэпутаты, настойваем, каб парадак дня прымаўся так, як ён быў пастаўлены Апазыцыяй, як ён быў пастаўлены народам».

На плошчы зьявіўся плякат: «Шушкевіч! Памяркоўнасьць і маразм — не адно і тое ж!»

Вядома, для нас найважнейшым пытаньнем была незалежнасьць, але тут мы не адчулі падтрымкі Станіслава Шушкевіча; наадварот, ён пасьлядоўна даказваў немэтазгоднасьць уключэньня пытаньня пра наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу.
У нейкі момант Дземянцей, як заўсёды, пачаў блытацца, і тады Шушкевіч папрасіў яго даць яму весьці дыскусію — а фактычна, весьці сэсію. Шушкевіч упарта адстойваў пазыцыю Прэзыдыюму (разгледзець толькі два пытаньні, у якіх нідзе не было месца незалежнасьці). Паўтаралася сытуацыя, што ўзьнікла на травеньскай сэсіі, калі Шушкевіч рабіў усё, каб не ўключыць у парадак дня прапанаваныя Апазыцыяй БНФ і падтрыманыя страйкавым рухам пытаньні пра дэпартызацыю і канстытуцыйны статус Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. Толькі цяпер такая пазыцыя Шушкевіча магла значна даражэй каштаваць грамадзтву, паколькі мог быць змарнаваны ўнікальны шанец.

Дыскусія ў залі. Зьлева Сяргей Навумчык, справа Яўген Глушкевіч
Дыскусія ў залі. Зьлева Сяргей Навумчык, справа Яўген Глушкевіч

Не перабольшу, калі скажу, што ад пачатку сэсіі нам, дэпутатам Апазыцыі БНФ, давялося змагацца на два фронты: з камуністамі і з Шушкевічам. Пазыцыя Шушкевіча адносна незалежнасьці даўно не была для нас сакрэтам — ён жа яшчэ ў траўні ў інтэрвію «Навінам БНФ» заявіў, што незалежнасьць — гэта «жарт». Аднак цяпер, калі патрабаваньні канстытуцыйнага статусу для Дэклярацыі сталі тэмай сходаў на заводах і ўстановах, калі сотні тэлеграм на адрас сэсіі пачыналіся са словаў пра незалежнасьць — такое стаўленьне выглядала проста, далікатна кажучы, дзіўным.

Станіслаў Шушкевіч: «Паважаны Валянцін Фёдаравіч! Вы мне прабачце, я рэдка ўжываю слова „нонсэнс“, а часьцей ужываю беларускае слова „бязглузьдзіца“. Дык вы, прабачце, на грані бязглузьдзіцы. Наданьне канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі БССР — гэта пярэчыць самой Дэклярацыі».

Пазьняк кажа, што калі Вярхоўны Савет няздольны прыняць патрэбныя рашэньні, яго трэба распускаць, Шушкевіч у адказ прапануе Пазьняку самому скласьці дэпутацкія паўнамоцтвы.

Нарэшце галасуем. За варыянт Прэзыдыюму — 210 дэпутатаў.

Дземянцей ставіць на галасаваньне «пытаньне, якое ўносіў дэпутат Пазьняк — «Аб наданьні канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».

Вынікі: «за» — 161, а трэба — 174.

Пытаньне не праходзіць.

Пасьля гэтага ў эфіры «Радыё Свабода» карэспандэнтка Каміла Малевіч скажа, што па самых аптымістычных разьліках аналітыкаў, максымум, што магла б прыняць сэсія — рашэньне аб дэпартызацыі дзяржаўных органаў.

Мы лічылі інакш.

«Патрэбны поўны і рэальны, а не дэкляраваны сувэрэнітэт»

Прасоўваньне нашых патрабаваньняў у парадак дня ішло вельмі цяжка, але мы разумелі, што яшчэ больш складана будзе дамагчыся патрэбных для нас вынікаў галасаваньня.


Для выступаў у спрэчках запісалася некалькі дзясяткаў дэпутатаў, але ўдалося выступіць толькі палове. Мы, дэпутаты БНФ, засяроджваліся на трох галоўных тэмах: адстаўка Прэзыдыюму на чале зь Дземянцеем, забарона КПСС і абвяшчэньне незалежнасьці.

Камуністычныя сакратары спрабавалі давесьці, што кампартыя — чыстая, што яна не падтрымала путч.

Праблема палягала ў тым, што, з аднаго боку, мы павінны былі даказаць антыканстытуцыйнасьць пазыцыі кіраўніцтва Вярхоўнага Савету і ЦК КПБ, а з другога — іх, камуністаў, галасамі атрымаць перамогу. Нашых галасоў для перамогі не хапала — нават з улікам даволі значнай у тыя два дні падтрымкі так званых «нэўтральных дэпутатаў».

Што рабіць, як будаваць свае выступы?

Весьці з камуністамі гульню? Прасіць іх? Мы ніколі гэтага не рабілі, а падзеі жнівеньскага путчу ўвогуле паставілі кампартыю па-за законам. Варыянт быў адзін — паказаць палітычнае і маральнае банкруцтва камуністычнага кіраўніцтва, не пакінуць кампартыі шанцу ўтрымаць ранейшыя кіроўныя пазыцыі (а лепей увогуле спыніць яе існаваньне) — і разам з тым паказаць выйсьце: адмоўцеся ад заганнай ідэалёгіі і далучайцеся да будаўніцтва незалежнай Беларусі.

Падзеі паказалі, што абраная тактыка была слушнай.

За больш чым год існаваньня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня дэбаты ўпершыню дасягнулі такой эмацыйнай напружанасьці.

Дземянцей пачаў свой выступ упэўнена: маўляў, у Беларусі ўсё было паводле Канстытуцыі, не былі забароненыя мітынгі, не прыпынялася дзейнасьць ніводнай грамадзкай структуры. Потым паскардзіўся, што дэпутаты Апазыцыі БНФ распаўсюджваюць «хлусьлівыя абвінавачаньні на адрас Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, яго старшыні». Гэтаму, паводле ягоных словаў, папярэднічалі «падтасоўкі, бястактнасьць, бесцырымоннасьць і хамства» — што ўжо датычыла пэрсанальна нас з Пазьняком. Дземянцей паскардзіўся, што ад нас яму і членам дэлегацыі на падпісаньне саюзнай дамовы давялося вытрымаць «пагрозы і шантаж». Скончыў старшыня свой выступ заклікам прыняць новую Канстытуцыю.

Дэпутат Сяргей Навумчык (каля 3-га мікрафона)
Дэпутат Сяргей Навумчык (каля 3-га мікрафона)

Пазьняк рабіў даклад ад імя Апазыцыі БНФ з палітычнай ацэнкай сытуацыі.

Зянон Пазьняк: " Якія высновы можна зрабіць зь мінулых падзей? Перш за ўсё, гэта быў замах на нашу народную чалавечую і нацыянальную годнасьць. Наша дзяржава Беларусь апынулася безабароннай перад крымінальным абліччам хунты, нам не было чым бараніць свой сувэрэнітэт і свой шлях да свабоды. Пакуль Беларусь ня будзе мець сродкаў для абароны свайго народу, сваёй дзяржавы — ні пра якую свабоду і ні пра які сувэрэнітэт ня можа быць і гаворкі. З намі ніколі ня будуць лічыцца ні таталітарызм, ні таталітарны і агрэсіўны Савецкі Саюз, ні маладая імпэрская Расея, што адраджаецца ў форме дэмакратыі, ні ўсходняя мафія, ні ўсялякая крымінальная група: ці то капээсэсаўскі АМОН, ці то камуністычная хунта.

Беларусі трэба Беларускае нацыянальнае войска, дзяржаўная сыстэма нацыянальнай бясьпекі, структура аховы краю і грамадзтва. Беларусі трэба поўны і рэальны, а не дэкляраваны сувэрэнітэт. І першым крокам да яго павінна стаць неадкладнае наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларускай ССР статусу канстытуцыйнага закону.
КПБ ня мае ніякага юрыдычнага і маральнага права на існаваньне. Яна павінна быць зачыненая і распушчаная. Павінна адбыцца дэпартызацыя і дэкамунізацыя вытворчасьці і ўсіх устаноў рэспублікі. Павінна быць нацыяналізаваная ўся маёмасьць КПБ-КПСС, нарабаваная ў народа. Усе камуністычныя газэты, якія дэзінфармавалі людзей і друкавалі матэрыялы ў падтрымку перавароту, павінны быць перарэгістраваныя і пераведзеныя ў стан незалежных газэт. Беларусь не павінна падпісваць Саюзны дагавор, а аб’явіць пра сваю незалежнасьць і прыступіць да стварэньня нацыянальнага войска і іншых органаў абароны сувэрэнітэту рэспублікі.

Зацяжны крызіс заканадаўчай улады можа быць вырашаны толькі шляхам дачаснага роспуску Вярхоўнага Савету БССР і правядзеньня новых выбараў у прафэсійны парлямэнт на шматпартыйнай аснове і аснове дэмакратычнага закону. Толькі ў вольнай і незалежнай некамуністычнай дэмакратычнай Беларусі можа знайсьці сваё шчасьце і свабоду беларускі народ. Дэпутаты Апазыцыі БНФ лічаць, што старшыня Вярхоўнага Савету таварыш Дземянцей, які падтрымаў ГКЧП, ня можа знаходзіцца на сваёй пасадзе... Выступ спадара Дземянцея, які мы тут праслухалі — гэта ўзор цынізму і дэмагогіі... Адбываецца глумленьне над народным сэнсам, над народам, над будучыняй нашай рэспублікі, і сядзіць спадар Дземянцей, і кіруе гэтым паседжаньнем, і ўхмыляецца. Што, Вам весела? Над чым тут весяліцца?

Рашаючы момант. Кіраўнік Апазыцыі БНФ дэпутат Зянон Пазьняк. (Кінакадр)
Рашаючы момант. Кіраўнік Апазыцыі БНФ дэпутат Зянон Пазьняк. (Кінакадр)

Я лічу, што, улічваючы, як ідзе гэтая сэсія, ніякага канструктыўнага рашэньня вынесена тут ня будзе. Камуністычная большасьць вядзе сэсію да зрыву, да забалбатаньня яе і непрыняцьця ніякіх рэальных пастановаў. Таму я вымушаны зьвярнуцца да людзей Беларусі — улічваць, якая сытуацыя складаецца ў нас, і рыхтавацца да ўсеагульнай беларускай забастоўкі. (Тут Пазьняк скарыстаў наяўнасьць прамой радыётрансьляцыі — С.Н.). Толькі такім мэтадам — шляхам грамадзкага непадпарадкаваньня — мы можам дасягнуць нашай мэты. І трэба памятаць, што ўсе дзеяньні народу, накіраваныя на падтрымку Канстытуцыі, на падтрымку дэмакратыі, накіраваныя супраць суўдзельнікаў у дзяржаўным перавароце, зьяўляюцца законнымі і яны апраўданыя. Таму я прашу перадаць па ўсіх прадпрыемствах, па ўсіх страйкамах, па ўсіх вытворчасьцях — рыхтавацца да ўсеагульнай забастоўкі супраць суўдзельнікаў у злачынстве. Жыве Беларусь!"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG