Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ня час для агітацыі. Зь якімі парадоксамі сустракаюцца актывісты ў райцэнтрах


Апазыцыйныя кандыдаты са Слоніма не змаглі разьмясьціць сваіх улётак у дзяржаўных крамах і аддзяленьнях «Белпошты». Кандыдаты ад БНФ родам зь Лідчыны прысутнічалі на імшы і наведалі мясьціны, зьвязаныя з паўстанцамі 1863 году. Мікалай Уласевіч з Астравецкага раёну, каго адмовілася друкаваць раённая газэта, запісаў выступ на тэлебачаньні і радыё.

Мікалай Уласевіч з Астравецкага раёну — кандыдат ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Раённая газэта адмовілася публікаваць ягоную праграму. Рэдактарка спаслалася на тое, што тэкст нібыта не адпавядае выбарчаму заканадаўству.

Уласевіч жа лічыць, што рэдактарка раёнкі зрабіла спробу сцэнзураваць ягоны тэкст. Але ён на гэта не пагадзіўся і лічыць, што ў дадзеным выпадку парушаецца Канстытуцыя, бо цэнзура ў Беларусі забароненая.

Сёньня Ўласевіч паведаміў Свабодзе, што напісаў скаргу ў ЦВК і пакуль ня мае адказу. Паводле яго, рэдактарка раёнкі таксама зьвярнулася з запытам у ЦВК адносна ягонай публікацыі.

— Як і напісана ў маёй праграме, я і надалей застаюся праціўнікам будоўлі АЭС, называю гэтую задуму злачыннай і патрабую спыніць будоўлю атамнай станцыі. І надалей я перакананы, што ў Беларусі востра стаіць пытаньне з карупцыяй, якая кіруецца з аднаго цэнтру. Гэта відавочныя факты ня толькі для мяне, але і для ўсяго грамадзтва, і пра гэта галосна павінны былі б гаварыць дзейныя дэпутаты. А таму я не пагаджуся на зьмены ў тэксьце публікацыі.

Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

Сёньня падчас запісу тэлевізійнага выступу, паводле Ўласевіча, ён перабраў час на 4 сэкунды, і рэдактар настаяў, каб тэкст скарацілі.

— Думаю, што гэтае скарачэньне неістотнае, бо скарацілі толькі самы пачатак запісу, калі я называю толькі сваё імя і прозьвішча. Тэкст выступу, па сутнасьці, той самы, што і быў пададзены для раённай газэты, толькі я яго трошкі адаптаваў для тэлебачаньня. Падчас запісу бачыў, як некаторыя супрацоўнікі тэлестудыі зьмяняліся ў твары, рабіліся незадаволенымі, а некаторыя, наадварот, падміргвалі і падтрымлівалі тое, што я чытаў. Цяпер пабачым, ці пройдзе ўсё гэта ў эфір.

Актывісты БНФ са Слоніма, якія ад самага пачатку актыўна вядуць выбарчую кампанію Івана Шэгі ў акрузе № 58, сутыкнуліся з тым, што прадавачкі ў дзяржаўных крамах не пагаджаліся, каб яны вывешвалі тут агітацыйныя матэрыялы пра свайго кандыдата. Кіраўнік выбарчага штабу Шэгі Віктар Марчык сказаў Свабодзе, што падобная сытуацыя і з аддзяленьнямі сувязі «Белпошты».

— Самі работнікі нібыта ня супраць нашага кандыдата, але кажуць, што без дазволу ягоную рэкляму вывесіць ня могуць, бо потым давядзецца адказваць. У прыватных крамах такіх праблемаў не ўзьнікала. Я зьвярнуўся з гэтай праблемай да старшыні акруговай камісіі, мне паабяцалі, што будзе праведзена размова з кіраўнікамі «Белпошты» і ўпраўленьнем гандлю. Але гэта дзіўна, што трэба траціць час на такія размовы.

Шэсьць дэпутатаў ад БНФ родам зь Лідзкага раёну, якія балятуюцца ў розных выбарчых акругах, у нядзелю прыйшлі ў касьцёл на беларускамоўную імшу, падчас якой ксёндз маліўся за паўстанцаў 1863 году. Станіслаў Суднік кажа, што зрабілі гэта адмыслова.

— Пасьля імшы ўсе разам хто са сьцягамі, хто са сваімі рэклямнымі банэрамі ў руках абʼехалі мясьціны ў Лідзе, зьвязаныя з паўстанцамі, і ўсклалі кветкі. Вось з гэтага, па сутнасьці, і пачалася выбарчая кампанія кандыдатаў ад БНФ зь Ліды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG