Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя з 500 рабінаў такі трапіла ў Беларусь. «Праз 20–30 хвілін усе будуць у Лёзьне»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сытуацыя з рабінамі, якіх запынілі на расейска-беларускай мяжы, вырашылася. Пасьля праверкі дакумэнтаў іх упусьцілі ў краіну. Калёна ў суправаджэньні ДАІ рухаецца ў кірунку Лёзна.

«Яны да нас накіроўваюцца, усе едуць, — сказала Свабодзе Тамара Дрылёнак, старшыня Лёзьненскага раённага Савету дэпутатаў. — Была заміначка, але яны ўжо едуць калёнай у суправаджэньні ДАІ. Хвілін праз 20–30 усе будуць у Лёзьне».

На сёньня заплянаваная афіцыйная сустрэча дэлегацыі рабінаў і кіраўніцтва Лёзьненскага раёну. У Лёзна накіроўваюцца больш за 500 рабінаў з 30 эўрапейскіх краінаў. Яны наведаюць мэмарыял «Адаменская гара». Там пройдзе малітва ў памяць аб габрэях, якія загінулі ў Лёзьне ў Другую сусьветную вайну.

Сёньня ўдзень зьявілася інфармацыя, што калёна рабінаў была затрыманая памежнай службай ФСБ Расеі. Быццам бы ў іх не было дакумэнтаў для ўезду ў Беларусь. Паведамлялася, што рабіны вырашылі вярнуцца ў Смаленск.

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі пра сытуацыю ведаюць толькі з сайтаў навінаў, бо да Беларусі рабіны на той час, калі зьявіліся гэтыя паведамленьні, яшчэ не даехалі. Як патлумачылі Свабодзе ў ДПК, памежны кантроль на мяжы Беларусі і Расеі адсутнічае. А таму замежнікі, якія кіруюцца з Расеі ў Беларусь, проста павінны мець усе неабходныя дакумэнты. Непасрэдна на мяжы праверак няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG