Бацька электрыфікаваў краіну. Першая мова ад бабулі. Перапіска магнатаў ХVI-XVIII стагодзьдзяў. Унівэрсытэцкая выкладчыца. Зь якой мовы пераклалі Някляева? Бабуля-сонейка. Беларускамоўнае дзіця. Добры горад для жыцьця.
Размова з Натальляй Русецкай, беларусісткай, дасьледніцай перакладаў беларускай літаратуры на польскую мову, якая жыве ў Любліне ў Польшчы.
Максімюк: ...Чым вы займаецеся ва ўнівэрсытэце ў Любліне?...
Русецкая: ...Сёньня ўнівэрсытэты ў Польшчы на любых факультэтах перажываюць ня лепшыя часы, гэта зьвязана з дэмаграфічнай сытуацыяй. Сама беларусістыка ў нас ня тое, што зьліквідаваная, як zawieszona, як тут кажуць — перанесена ў стан сьпячкі. Нібыта няма попыту, але калі раптам ён зьявіцца, то можна будзе ўзнавіць. На жаль, попыт не зьяўляецца, таму з дыдактычнымі заняткамі найбольш складана. Даводзіцца выкладаць агульныя прадметы, зьвязаныя зь літаратуразнаўствам, з уводзінамі ў літаратуразнаўства, альбо зь перакладам... Навукова я доўгі час была ў старажытнасьці, абараніла працу па Францішцы Ўршулі Радзівіл, а цяпер спрабую займацца перакладамі, то бок вывучаць тое, што зь беларускай літаратуры перакладаецца на польскую мову...
Максімюк: ...У якой мове і якой культуры вы адчуваеце сябе найлепш, найбольш свабодна?..
Русецкая: ...У беларускай мне найбольш утульна, і тут я найбольш пэўна сябе адчуваю... А вось руская культура, руская мова — найбольш аддаляюцца. І я гэта заўважаю, калі чарговы раз прыяжджаю ў Менск. Я ўжо не разумею жартаў, якія пабудаваны на нейкіх культурных кодах. Я проста ня ведаю, што там адбываецца, а ў Менску ўсе глядзяць тэлебачаньне, слухаюць канцэрты, розных папулярных расейскіх сьпевакоў. А мне гэта — ужо абсалютна чужы сьвет, абсалютна экзатычны. Але разам з гэтым і беларускую культуру я ўжо ўспрымаю праз прызму польскай і суадношу з тым, што ёсьць тут у Польшчы...
Максімюк: ...Калі б зьмянілася сытуацыя і вам запрапанавалі працу, скажам, у БДУ — вы кінулі б Польшчу і вярнуліся б жыць у Беларусь?..
Русецкая: ...Я заўважыла, што ў гэтым чаканьні [пераменаў] мінае маё жыцьцё, і я перастала думаць пра вяртаньне. Калі раптам нешта такое і адбудзецца, хай яно будзе для мяне вялікай неспадзяванкай, і я тады падумаю, што мне рабіць. Таму што цяпер я адчуваю сябе вельмі чужой у Беларусі...