Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не ствары сабе ні ізгоя, ні куміра


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Даўно хацеў пра гэта сказаць, хоць і ведаю, што выклічу хвалю абурэньня. Але ўжо не такую вялікую, як раней. Мабыць, прыйшоў час.

Усё, чаго дасягнула беларуская апазыцыя за мінулыя 20 гадоў і чаму навучылася – гэта стварэньне ізгояў у сваіх шэрагах. І чым большае тое ўмельства, тым меней робіцца апазыцыі і яе ўплыву. Адпаведна і хваля абурэньня меншая.

Мне, напрыклад, усё адно, ці ты агент КДБ ці не агент, калі ты ідзеш на выбары з разумнай праграмай і рашучым намерам увасобіць яе ў жыцьцё. Да прыкладу, мне імпануюць ідэі мірных перамен і разьвіцьця малых гарадоў Дзьмітрыева, як і крытыка чыноўнікаў як «разьмеркавальнікаў чужога» Раманчука. Першаму і другому ў апазыцыі створаны вобраз ізгояў з-за таго, што публічна адмовіліся ад сілавых мэтадаў захопу ўлады. З чаго, мяркую, і нарадзіўся слоган мірных пераменаў.

Мне думаецца, што пасьля Плошчы-2010 на месцы гэтых дзеячоў абсалютная большасьць эўрапейскіх палітыкаў зрабіла б тое самае. Бо яны абралі сабе ролю гульцоў у шахматы, а ня вулічных хуліганаў, якія б’юцца шахматнымі дошкамі. Яны прыйшлі з ідэямі, а не з кастэтамі і брусамі. Яны думаюць пра будучыню краіны, а ня толькі і выключна пра тое, як скінуць Лукашэнку. Яны насамрэч апазыцыя, а ня тыя, хто вядзецца на правакацыі рэжыму і пры гэтым ня мае ніякіх (!) ідэй для краіны, нацыі і ўласнай палітычнай кар’еры. Чаму я павінен лічыць інтэлігентнага чалавека, які не палез у вулічную бойку, здраднікам?

Людзі вайны, якія ствараюць ізгояў, бескампрамісна прагалошваюць лёзунгі «злачыннага рэжыму», але пры тым пазбаўленыя хоць якой візіі трансфармацыі гэтага рэжыму ў нешта больш дэмакратычнае і плюралістычнае. Толькі сьценка на сьценку, без найменшага шанцу на перамогу. Яны як клікушы паўтараюць «усё прапала» – найперш незалежнасьць, «Расея нас зжарэ», «псэўдаапазыцыя – здраднікі беларускага народу», але ні словам не фармулююць прывабных для народа ідэй будучага жыцьця, дзеля чаго і патрэбная незалежнасьць. І так 20 гадоў…

Кожны, хто ўдзельнічаў у выбарчым працэсе, шмат разоў чуў ад публікі пытаньне – якая твая праграма? Маецца на ўвазе не шматслоўная брашура, а слоган, які перадае сутнасьць таго, для чаго ты ідзеш. Слоган «За Беларусь без Лукашэнкі» гучыць для народнага вуха гэтак жа нова, прывабна і рэалістычна, як слоган «За квітнеючую Беларусь». Гэта значыць, ніяк.

Людзі вайны ня маюць ідэй, бо галоўнае для іх «увязацца ў бойку». А стварэньне ізгояў, як, дарэчы, і куміраў, сьведчыць пра недаразьвітасьць палітычнае апазыцыі, прычым з гадамі дэградацыя адбываецца ў геамэтрычнай прагрэсіі. Менавіта ідэя мірных перамен на гэтым тле выглядае пэрспэктыўнай і безальтэрнатыўнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG