Рада бясьпекі Арганізацыі аб’яднаных нацый безумоўна пацьвердзіла пазыцыю адносна тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны, уключаючы Крым, заявіў пастаянны прадстаўнік Украіны ў ААН Уладзімір Ельчанка. Паводле яго, такую пазыцыю не падтрымалі толькі прадстаўнікі Расеі.
У сваю чаргу прадстаўнік Расеі ў ААН Віталь Чуркін паведаміў, што на паседжаньні ён зачытаў заяву расейскага Міністэрства замежных справаў, у якой выказваецца «заклапочанасьць і абурэньне спробай тэрарыстычнага сабатажу на тэрыторыі Рэспублікі Крым».
10 жніўня Фэдэральная служба бясьпекі Расеі абвясьціла аб затрыманьні на паўвостраве групы дывэрсантаў, якія нібыта зьяўляліся супрацоўнікамі ўкраінскай разьведкі і рыхтавалі тэракты ў Крыме. Паводле ФСБ, падчас затрыманьня загінулі два расейскія афіцэры.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ўлады Украіны перайшлі да практыкі тэрору. Кіеў адхіліў абвінавачваньні ў тэрарызьме і зьвярнуўся ў Раду Бясьпекі ААН.
Пра тое што абвінавачваньні Расеі на адрас Украіны бяздоказныя, 11 жніўня заявіла прэс-сакратар вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыкі Магерыні. «Важна канстатаваць, што сьцьвярджэньням расейскіх уладаў да гэтага часу няма незалежных пацьверджаньняў», — цытуе яе «Нямецкая хваля».
Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Віктар Мужэнка паведаміў, што Украіна прывяла ў павышаную баявую гатоўнасьць войскі на мяжы паміж Крымам і мацерыковай Украінай.
Расея анэксавала Крым ва Ўкраіны ў сакавіку 2014 году.