Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я захапляюся творчасьцю таты» — Адэля Вольская пра сваю музыку, вучобу ў Польшчы і ўлюбёныя гурты


Адэля Вольская
Адэля Вольская

18-гадовая дачка сьпевака Лявона Вольскага і прадусаркі Ганны Вольскай у пачатку жніўня прадставіла ўласны музычны праект, у межах якога прэзэнтавала тры песьні ўласнага аўтарства — «Усё атрымаецца», «Адэлька-сардэлька» і «Цудоўны сьвет».

У інтэрвію Радыё Свабода дзяўчына расказала, як пачала займацца музыкай, і падзялілася плянамі на будучыню — Адэля марыць стварыць event-агенцтва і для гэтага зьбіраецца вывучыцца ў Польшчы на мэнэджэра ў сфэры культуры.

— Адэля, вы нечакана апублікавалі свае музычныя творы — пакуль толькі тры песьні, але кажаце, што гэта ня ўсё з таго, што вы ўжо запісалі. Вы пішаце і музыку, і тэксты? Раскажыце, колькі вы ўжо займаецеся музыкай і на якім ўзроўні, — ці ёсьць у вас музычная адукацыя, ці гэта пакуль хобі?

— Так, я пішу і музыку, і тэксты. Шчыра кажучы, у мяне няма ніякай музычнай адукацыі, адвучылася два гады ў музычнай школе, а потым сышла. Я зь дзяцінства сьпявала ў касьцельным хоры, і дзякуючы гэтаму разьвіла свой вакал. Навучылася самастойна граць на гітары, але не магу сказаць, што я музыка. Таму музыка для мяне — хобі.

Адэля Вольская
Адэля Вольская

— Вы студэнтка, скончылі першы курс унівэрсытэта ў Польшчы. Што вы вывучаеце і як зьвязваеце гэтую сфэру са сваім будучым жыцьцём? Дарэчы, пасьля ўнівэрсытэту вернецеся ў Беларусь ці хочаце жыць у Эўропе?

— Калі ўдакладніць — я скончыла гадавы курс польскай мовы, а зараз паступаю ва ўнівэрсытэт. Зьбіраюся вывучаць мэнэджмэнт у сфэры культуры. Пляную стварыць сваю ўласную event-фірму і паралельна займацца музычнай творчасьцю. Вельмі хацелася б вярнуцца ў Беларусь, але на дадзены момант ня ведаю, як складзецца жыцьцё.

— Над чым цяпер працуеце, у якім стылі хочаце далей пісаць? Ці плянуеце канцэрты?

— Цяпер я ўдасканальваю свае песьні, якія ў хуткім часе выйдуць у аўдыё-вэрсіі, а таксама пішу і новыя. Дакладнага стылю ў маёй творчасьці я пакуль ня бачу, буду міксаваць, а потым паглядзім. Канцэртаў пакуль не плянуецца.

— Не сакрэт, што дзеці знакамітасьцяў, асабліва калі яны спрабуюць сябе ў тым самым родзе дзейнасьці, што і знакамітыя бацькі, заўсёды знаходзяцца пад пэўным ціскам. Ці не баіцеся вы, што вашую музычную творчасьць будуць параўноўваць з творчасьцю Лявона Вольскага?

— Не, не баюся. Я музыкай пакуль сур’ёзна не займаюся, спрабую толькі ў якасьці экспэрымэнту і пішу песьні зусім у іншым жанры.

Адэля з бацькам
Адэля з бацькам

— Тата дапамагаў вам пісаць і запісваць песьні? Як вы ставіцеся да крытыкі зь яго боку?

— Бацька дапамагаў мне ў аранжыроўцы песень. Яго крытыку я паважаю і бяру пад увагу.

— А як вы ацэньваеце музыку «N.R.M» і Лявона Вольскага як сольнага выканаўцы? Слухаеце гэтую музыку? Што падабаецца найбольш? Які ваш улюбёны гурт ці выканаўца?

— Я захапляюся творчасьцю майго таты. Вядома, што слухаю. Найбольш мне падабаецца татавы праект «Белая яблыня грому» і яго апошні альбом «Грамадазнаўства». Больш за ўсё я люблю слухаць памерлых Боба Марлі, Джоні Кэша і Эмі Ўайнхаўс. Увогуле я захапляюся музыкай 60-80-ых . Зь беларускіх гуртоў мне вельмі падабаюцца Botanic Project, Адыс Абеба і Sounduk.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG