Міністэрства аховы здароўя Армэніі паведамляе, што стан параненага члена групы «Сасна црэр» стабільна цяжкі. Паліцыя таксама паведаміла, што двое сябраў групы сёньня выйшлі з тэрыторыі палка ППС. Яны не былі параненыя і цяпер затрыманыя.
Паводле паліцыі, члены ўзброенай групы, якія здаліся самі — Рубэн Грыгаран і Геворк Мелканян.
На апублікаваным паліцыяй відэа яны распавядаюць, як апынуліся на тэрыторыі палка ППС, захопленым групай «Сасна црэр». Паводле іх сьцьвярджэньняў, яны ня ведалі, куды ідуць. Яны распавядаюць, што ўвесь гэты час хацелі пакінуць тэрыторыю, аднак баяліся гэта зрабіць і заставаліся на тэрыторыі палка ППС пад пагрозай сьмерці. Паводле іх словаў, ёсьць яшчэ трое членаў групы, якія хацелі б пакінуць тэрыторыю, але не змаглі далучыцца да іх.
Прэс-сакратар паліцыі Армэніі Ашот Агаранян паведаміў, што сёньня з тэрыторыі палка патрульна-паставой службы паліцыі з агнястрэльнай ранай у шпіталь быў дастаўлены член ўзброенай групы Сэдрак Назаран, якога праапэравалі, і цяпер ён знаходзіцца у рэанімацыйным аддзяленьні.
«Спэцыялісты ацэньваюць яго стан як стабільна цяжкі. Ён падлучаны да апарата штучнага дыханьня», — інфармуе прэс-сакратар міністра аховы здароўя Армэніі Анаіт Айтаян.
На аматарскім відэа, зьнятым жыхарамі Ерэвану, бачна, як над будынкам ППС узьнімаецца дым, чутны стрэлы.
Раніцай 31 ліпеня будынак палка патрульна-паставой службы пакінулі дактары, якія там знаходзіліся. Паводле ўладаў, лекараў трымалі ў якасьці закладнікаў, самі ж удзельнікі групы «Сасна црэр» заяўляюць, што лекары добраахвотна аказвалі ім дапамогу і мелі магчымасьць пакінуць будынак у любы момант.
Тэрыторыю паліцэйскага ўчастка ад 17 ліпеня ўтрымлівае ўзброеная група людзей. Яны патрабуюць вызваленьня лідэра апазыцыйнага «Ўстаноўчага парлямэнту», адстаўкі прэзыдэнта ды ўраду і фармаваньня новага «ўраду нацыянальнага даверу».