Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборшчыкі подпісаў зьвярнуліся да міністра Шуневіча з адкрытым лістом


Актывісты АГП і аргкамітэту БХД перадалі зварот міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу, зьвязаны з выбарамі. Яны патрабуюць ад міністра прыняцьця адмысловага загаду да ягоных падначаленых, якія будуць дзяжурыць на выбарчых участках падчас датэрміновага і асноўнага галасаваньня.

Падпалкоўніку міліцыі ў адстаўцы Мікалаю Казлову даводзілася падчас службы дзяжурыць на выбарчым участку. Былы міліцыянт кажа пра калізію, якую перажывае дзяжурны на ўчастку.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Ёсьць у Крымінальным кодэксе артыкул 192. Ён называецца „Парушэньне заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме, аб адклiканьнi дэпутата і аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў“. Але фактычна супрацоўнік міліцыі, які ахоўвае выбарчы ўчастак, тыя ж скрыні для галасаваньня, не нацэлены на папярэджаньне і спыненьне злачынства, прадугледжанага гэтым артыкулам, бо на час выбараў мусіць выконваць загады старшыні выбарчай камісіі», — патлумачыў ініцыятар звароту Мікалай Казлоў.

Зварот да Ігара Шуневіча падпісалі таксама лідэры АГП і БХД Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі, актывісты Вольга Маёрава, Ганна Канапацкая, Марына Хоміч. Яны заклікаюць міністра ўнутраных спраў да пэўных дзеяньняў па прадухіленьні фальсыфікацый на выбарчых участках.

«Неабходны адпаведны загад міністра ўнутраных спраў, апублікаваны ў СМІ, у якім асобным пунктам будзе гучаць патрабаваньне прыняць усе меры для спыненьня злачынстваў, прадугледжаных артыкул 192 КК РБ, а ў выпадку выяўленьня злачынства неадкладна распачынаць крымінальныя справы ў дачыненьні да вінаватых асоб. Гэта дазволіць супрацоўнікам у поўнай меры выканаць свае абавязкі і, безумоўна, будзе спрыяць падвышэньню даверу да міліцыі ў цэлым», — гаворыцца ў звароце да міністра Ігара Шуневіча.

Таксама аўтары звароту запатрабавалі «правесьці расьсьледаваньне па ўсіх заявах пра фальсыфікацыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2015 годзе і пакараць службовых асоб, якія маюць дачыненьне да ўкрывальніцтва злачынстваў».

Пасьля выкрыцьця фальсыфікацый падчас парлямэнцкіх выбараў 2008 году Мікалай Казлоў быў звольнены з міліцыі, а ягоныя калегі, якія не адрэагавалі на сыгналы Мікалая Казлова пра фальсыфікацыі, атрымалі падвышэньні па службе. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году Мікалай Казлоў як назіральнік выкрыў шэраг парушэньняў на выбарчым участку і быў зьбіты невядомымі фальсыфікатарамі, якіх спрабаваў затрымаць. Міліцыя ня здолела знайсьці нападнікаў на назіральніка, хаця мела відэаздымкі з месца здарэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG