Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады хаваюць інфармацыю пра аварыю на АЭС, як падчас Чарнобылю


Пра што сьведчыць аварыя на будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі?

Карбалевіч: Інцыдэнт на будаўнічай пляцоўцы беларускай АЭС адбыўся 10 ліпеня. Першапачатковая інфармацыя пра гэта зьявілася ад актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які жыве ў Астраўцы толькі 25 ліпеня.

Ён заявіў у Фэйсбуку: «Ня менш за дзесятак незалежных адна ад адной крыніц, на ўмовах ананімнасьці падчас правядзеньня мной пікетаў па зборы подпісаў, пацьвердзілі факт абвальваньня рэактара пры яго ўсталяваньні ў рэактарным аддзяленьні АЭС, якая будуецца... На панядзелак 11 ліпеня плянавалася правядзеньне ўрачыстай, у прысутнасьці тэлебачаньня і іншых сродкаў масавай інфармацыі, цырымоніі ўстаноўкі рэактара на яго пастановачнае месца. Аднак 330-тонны агрэгат па невядомых прычынах сарваўся і паваліўся ўніз з вышыні ад 2 да 4 мэтраў».

У той жа дзень 25 ліпеня пра гэта напісалі незалежныя мэдыі. Журналісты задалі пытаньні як у дырэкцыю АЭС, якая будуецца, так і ў міністэрства энэргетыкі Беларусі, але адказаў не атрымалі. Хаваньне інфармацыі пра інцыдэнт толькі больш бударажыла чуткі.

26 ліпеня літоўскі прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце выступіла з заявай, што асьцярогі Літвы з нагоды бясьпекі будаўніцтва атамнай станцыі былі абгрунтаваныя. Яна таксама заявіла, што калі Беларусь ня прыме меры, каб гарантаваць міжнародныя стандарты бясьпекі, то Літва разам з міжнароднай супольнасьцю пастараецца перашкодзіць яе дзейнасьці.

У той жа дзень генэральны падрадчык будаўніцтва БелАЭС — расейскае акцыянэрнае таварыства «Атамбудэкспарт» — выступіў зь нейкай нязграбнай заявай, нібыта «інфармацыя пра надзвычайнае здарэньне на будоўлі ў Астраўцы Беларускай АЭС не адпавядае рэчаіснасьці», што «корпус рэактара знаходзіцца па-за межамі рэактарнага аддзяленьня».

І нарэшце у той жа дзень, 26 ліпеня, больш чым праз два тыдні пасьля аварыі міністэрства энэргетыкі Беларусі было вымушанае прызнаць, што «няштатная сытуацыя здарылася на пляцоўцы захаваньня корпусу рэактара пры правядзеньні такеляжных працаў па яго перасоўваньні ў гарызантальнай плоскасьці». Таксама паведамляецца, што дырэкцыя станцыі тэрмінова запатрабавала ў генэральнага падрадчыка ўсе неабходныя дакумэнты і зьвесткі. Цяпер аналіз гэтай сытуацыі працягваецца.

Нагадаем, у сярэдзіне красавіка на Астравецкай АЭС абрынуліся стойкі будучага будынку ядзернага абслугоўваньня. Пра гэта стала вядома толькі ў траўні ад аднаго рабочага. Улады прызналі інцыдэнт толькі праз месяц і толькі пасьля таго, як тлумачэньняў адносна дадзенага інцыдэнту на будоўлі Астравецкай АЭС запатрабавала Літва.

Беларускія ўлады вядуць сябе з абсалютнай дакладнасьцю так, як паводзілі савецкія ўлады пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

То бок, беларускія ўлады вядуць сябе з абсалютнай дакладнасьцю так, як паводзілі савецкія ўлады пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Усё хаваюць, і толькі пасьля таго, як пра гэта гучна загаварылі за мяжой, скрозь зубы паведаміць, што нешта адбылося, але ўсё ў парадку, сытуацыя пад кантролем. Недэмакратычныя рэжымы, якія непадкантрольныя грамадзтву, па іншаму сябе паводзіць ня могуць.

На гэтым тле зусім па іншаму выглядаюць перасьцярогі і з боку Літвы, і з боку экалягічных рухаў. Ужо цяпер можна прагназаваць, як будуць паводзіць сябе беларускія ўлады, калі, крый Божа, адбудзецца аварыя з ужо працуючым ядзерным рэактарам. І ўсё гэта адбываецца пры поўным маўчаньні і грамадзкасьці, і апазыцыі.

Цыганкоў: Ну, магчыма з апошняй фразай можна і не пагадзіцца. Грамадзкасьць і апазыцыя спрабуюць нешта сказаць, і на ўсіх этапах — прыняцьця рашэньня, пачатку будаўніцтва — голас грамадзтва было чуваць, іншая справа, што не настолькі моцна, каб ён мог нешта зьмяніць.

Мяне найбольш уразілі адносіны паміж расейскім генэральным падрадчыкам і беларускімі структурамі. Як сказана, міністэрства энэргетыкі запатрабавала ў генэральнага падрадчыка ўсю інфармацыю. Нездарма людзі і ў СМІ, і ў сацыяльных сетках пытаюцца, а што ж на самай справе там адбываецца? Ці кантралюе беларускі бок хоць у нейкай ступені будаўніцтва АЭС?

Калі сапраўды два тыдні праходзіць і беларускія афіцыйныя структуры нічога не ведаюць, а потым, замест таго, каб даць грунтоўную інфармацыю, заяўляюць грамадзкасьці, што яны зьвяртаюцца да падрадчыкаў з просьбай патлумачыць, што там было, ствараецца такое ўражаньне, што гэтая АЭС як нейкая вайсковая база на тэрыторыі нашай дзяржавы, да якой ніхто ня мае ніякага доступу, ніхто ня ведае, што там адбываецца, і ня мае права ведаць.

Аляксандар Лукашэнка вымушаны будзе неяк адрэагаваць.

На фоне такога розгаласу Аляксандар Лукашэнка вымушаны будзе неяк адрэагаваць. Гэтая сытуацыя наогул дае яму пэўныя козыры: і магчымасьць адрэагаваць, і магчымасьць паказаць сябе чалавекам, які можа тут навесьці парадак і зьмяніць такую сытуацыю, калі нічога не вядома афіцыйным структурам.

Магчыма, ён сам, сутыкнуўшыся з такой сытуацыяй, можа быць зьбянтэжаны ці разьюшаны, гэта залежыць ад таго, наколькі сур’ёзнае тое, што там адбылося, і наколькі наша вэрсія верная.

Можа быць тут зусім усё наадварот, беларускія структуры ўсё ведалі, але вырашылі, што лепш за ўсё зрабіць крайнім, вінаватым гэтага расейскага будаўніка, а мы нібыта ні пры чым. Ня можа тэхнічна быць, каб усе гэтыя прадстаўнікі беларускіх структураў не прысутнічалі на розных этапах пабудовы, усталяваньня рэактара і гэтак далей. так што, у любым выпадку, можна пагадзіцца, што ўся гэтая сытуацыя паказвае, як рэагуюць на такія няштатныя зьявы ў недэмакратычных дзяржавах.

Першая рэакцыя — гэта, канешне, схаваць. І калі б нехта выпадкова, той жа самы астравецкі актывіст, не даведаўся б, то, магчыма, гэта было б схавана, альбо хадзіла б на ўзроўні чутак і нідзе б не адлюстроўвалася ў сродках масавай інфармацыі. А яшчэ яна паказвае, наколькі сапраўды мелі рацыю тыя, хто казаў пра небясьпеку пабудовы такога аб’екту як АЭС у недэмакратычнай дзяржаве, дзе існуюць традыцыі хаваньня ад грамадзкасьці вельмі важнай інфармацыі.

Дракахруст: Хацеў бы прывесьці параўнаньне ў пэўным сэнсе на карысьць беларускіх уладаў — што яны пад ціскам фактаў усё ж такі прызналі. І зараз даволі сьмешна выглядаюць іх прыхільнікі ў Фэйсбуку, якія увесь учорашні дзень пісалі, што гэта паклёп на Беларусь.

Гэта вельмі нагадвае пазыцыю Расеі адносна Данбасу.

Але цікава пры гэтым, што расейская кампанія, якая вядзе працу, гэтага не прызнае дагэтуль. І гэта вельмі нагадвае пазыцыю Расеі адносна Данбасу. Існуе безьліч фактаў, доказаў, што расейскія войскі там ёсьць — кажуць: не, няма. Пакуль не прызнаў, ты нібыта і не вінаваты. Ну, у беларускіх уладаў у дадзеным выпадку такой «стойкасьці» не хапіла.

Здаецца, вельмі важная фраза прагучала ў выступе спадарыні Грыбаўскайце — што калі Беларусь ня прыме меры, каб гарантаваць міжнародныя стандарты бясьпекі, то Літва разам з міжнароднай супольнасьцю пастараецца перашкодзіць яе дзейнасьці. Паміж Беларусьсю і Літвой ужо адбываецца змаганьне за грамадзкую думку Эўразьвязу, за пазыцыі ўрадаў краінаў Зьвязу.

Гледзячы па ўсім, гэта была даволі сур’ёзная аварыя, і тое, што гэтая сытуацыя была схаваная і толькі пад ціскам Літвы прызналі, можа зараз прымусіць Эўразьвяз прынамсі задумацца, а тое і падтрымаць Літву. А тады справа будзе больш сур’ёзная, чым цяпер, калі фактычна апаніруе Беларусі толькі адна краіна-суседка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG