Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль нічога не раскажу»: Мінэнэрга пра магчымы інцыдэнт на БелАЭС


Будоўля БелАЭС. Фота: Тацяна Каліноўская
Будоўля БелАЭС. Фота: Тацяна Каліноўская

У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі рыхтуюць камэнтар да інфармацыі, якая зьявілася сёньня ў інтэрнэце пра тое, што на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС нібыта здарыўся нейкі інцыдэнт, паведамілі БелаПАН у прэс-службе ведамства.

«Пакуль нічога не раскажу. Мы разьбіраемся. Інфармацыя зьявіцца на сайце міністэрства, магчыма, сёньня, магчыма, заўтра», — сказала прэс-сакратар Мінэнэрга Жанна Зянькевіч.

Як паведаміў шэраг СМІ, нібыта 10 ліпеня падчас пробнай трэніровачнай устаноўкі рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў уніз з вышыні 2-4 мэтраў. Месца надзвычайнага здарэньня, згодна з гэтымі паведамленьнямі, ачэпленае і ўвесь час знаходзіцца пад узмоцненай аховай.

У дырэкцыі будаўніцтва Беларускай АЭС камэнтароў не даюць.

Гэта ня першае надзвычайнае здарэньне на будаўнічай пляцоўцы станцыі. 5 мая МЗС Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту з-за «магчымага інцыдэнту на разьмешчанай за 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі».

Падставай стала апублікаваная на сайце тэлеканала «Белсат» інфармацыя пра тое, што ў сярэдзіне красавіка пры будоўлі абваліліся стойкі будынка ядзернага абслугоўваньня электрастанцыі. На наступны дзень Мінэнэрга Беларусі паведаміла, што 8 красавіка быў зафіксаваны дэфэкт пры падрыхтоўчых працах, наступствы якога ліквідаваныя.

Пазьней літоўскі бок паведаміў яшчэ пра адзін нібыта зафіксаваны на будаўнічай пляцоўцы інцыдэнт. Інфармацыя пра гэта таксама не была пацьверджаная беларускім бокам, аднак гэта паслужыла падставай для ўручэньня 8 чэрвеня ўжо другой ноты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG