Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто забіў Шарамета?


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Пасьля весткі пра забойства Паўла Шарамета мы паспрачаліся.

Сяброўку абурыла тое, што інтэрнэт зараз жа запаланілі ўспаміны ў стылі «пра мёртвых толькі добрае» і пажаданьні «сьпі спакойна, дарагі таварыш». Якое «сьпі спакойна»! Чалавека брутальна забілі проста ў палёце, у росквіце сіл, у 45 гадоў, – казала сяброўка. – Трэба шукаць забойцаў, а ня ліць патаку!

Шукаць забойцаў трэба. Толькі адэкватнага адказу на пытаньне «Хто забіў Шарамета?» няма, ня будзе і быць ня можа. Такога адказу, які б ня толькі дазволіў учыніць адэкватнае пакараньне, але і стаў для грамадзкай думкі трыюмфам справядлівасьці і сатысфакцыяй.

Практыка апошніх дзесяцігодзьдзяў у нашых краях паказвае, што калі і называюць вінаватага, пытаньне «Хто?» застаецца. Так было з нашымі зьніклымі, зь нябеснай сотняй на Майдане, з малазійскім боінгам, зь Нямцовым і многімі да яго. Вось у чым самая галоўная праблема – найбольш рэзанансныя забойствы, да расьсьледаваньня якіх падключаюцца найбольш магутныя сілы дзяржавы і замежжа, амаль заўжды сканчаюцца шматкроп’ем і многімі вэрсіямі, а ня простай лёгікай злачынства і пакараньня. Чаму?

Клясычны прыклад такога алягізму – забойства Джона Кенэдзі, мала што амэрыканскага прэзыдэнта, дык яшчэ і ўлюбёнца публікі, чалавека-надзеі і яшчэ шмат падобных максымальных адзнак. На вачах соцень людзей яго нібыта застрэліў рабочы менскага радыёзаводу Лі Гарві Освальд. Працавала салідная Камісія Ўорэна, напісана мноства кніг, зьнята шмат фільмаў, але ў сур’ёзных энцыкляпэдыях Освальд так і застаўся «меркаваным» забойцам Кенэдзі. Многія так і не паверылі, і ня вераць.

Тут я мушу сказаць пра розныя жанры, празь якія, нібы праз розныя акуляры, мы ўспрымаем рэчаіснасьць. Але спачатку колькі словаў пра вайну.

Вайна – яўная, гібрыдная ці нябачная – звычайна не называе забойцаў. Пра героя кажуць – загінуў ад выбуху, а хто той выбух учыніў, застаецца за дужкамі. Вайна і ёсьць вайна. У яўным баі салдат гіне «ад немцаў» ці «ад нашых», але звычайна без канкрэтыкі, і грамадзкай думцы гэтага дастаткова. У гібрыднай вайне гэта можа быць пэўная сіла, скажам, палітычная ці вайсковая – але пэўную сілу на лаву падсудных ніхто не пасадзіць. У нябачнай вайне ўвогуле выказваюцца дапушчэньні пра замоўцаў. Але ўсе разумеюць, што галоўная віна кладзецца на ўладу, пры якой такое магчымае. Улада зацікаўленая назваць забойцу – якога-небудзь Пупкіна, але што і каму гэта тлумачыць? Ну даведаемся мы заўтра, што выбухоўку Шарамету падклаў Пупкін, які атрымае за гэта пажыцьцёвую турму. І што? Незадаволеныя такім вынікам справы будуць множыць вэрсіі і гэта ўжо працэс на ўсю пэрспэктыву нашага і пасьля нашага існаваньня.

На маю думку, простая лёгіка злачынства і пакараньня ў справе забойства Шарамета адсутнічае з той самай прычыны, што і ў справе забойства Кенэдзі. Не зьдзіўлюся, калі арыштуюць умоўнага Пупкіна, і ён будзе падобны да Освальда – гэтаксама, як Шарамет падобны да Кенэдзі.

І тут самы час пагаварыць пра жанры, пра тое, што абодва забітыя былі героямі. Герой не фігуруе ў крымінальным кодэксе, ён фігуруе ў мастацкай літаратуры. Наяўнасьць героя ўсю сытуацыю забойства ператварае ў літаратурны сюжэт, ад якога чытач чакае зусім іншае лёгікі, чым ад судовага працэсу пра звычайнае забойства звычайнага грамадзяніна. Праўда факту ў полі мастацкай літаратуры не запатрабаваная, нават шкодная, бо разбурае стыль і вобразнасьць. Тут іншыя законы – усім кіруе праўдападабенства і толькі яно можа даць грамадзкай думцы адчуваньне трыюмфу справядлівасьці і сатысфакцыі.

Гучыць гэты закон патасна, але проста: героі не паміраюць. І якраз сваімі думкамі пра Шарамета, а будуць яшчэ і кнігі, і фільмы, людзі быццам праводзяць ініцыяцыю, калі герой нараджаецца для новага жыцьця, але ўжо ў новым жанры. Думаю, жыцьцё і сьмерць Паўла Шарамета будзе прыцягваць да сябе ўвагу публікі яшчэ вельмі доўга, даўжэй за нашае з вамі чалавечае вымярэньне. А пытаньне «Хто?» застанецца неадказаным.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG