Дракахруст: Учора ў Кліўлэндзе пачаўся зьезд рэспубліканскай партыі ЗША. Мэта зьезду — вылучыць афіцыйнага кандыдата ад партыі на прэзыдэнцкія выбары.
Яшчэ ў траўні пераможцам праймэрыз стаў мільярдэр Дональд Трамп. Яго агрэсіўная, непаліткарэктная манэра вядзеньня палемікі спадабалася многім выбаршчыкам, 16 яго супернікаў сыходзілі з дыстанцыі праймэрыз адзін за другім. У праймэрыз у апошніх штатах Трамп удзельнічаў у самоце.
Тым ня менш яго кандыдатура прывяла фактычна да расколу партыі, значная частка шараговых рэспубліканцаў і істэблішмэнту партыі не прымае, прынамсі не прымала, яго кандыдатуру.
Дастаткова сказаць, што на зьезд партыі не прыехалі два апошнія рэспубліканскія экс-прэзыдэнты ЗША Джордж Буш-бацька, і Джордж Буш-сын, губэрнатар штату Агаё, дзе адбываецца зьезд, Джон Кейсык, і шэраг іншых вядомых палітыкаў-рэспубліканцаў.
Аднак апанэнты Трампа, якія ўсё ж прыехалі на зьезд, у першы ж дзень правялі атаку на яго.
Справа ў тым, што дэлегацыі на зьезд ад штатаў фармуюцца па выніках праймэрыз. Паводле правілаў дэлегаты ад штату, дзе перамог Трамп, за яго і павінныя галасаваць. Апанэнты Трампа дамагаліся, каб правілы былі зьмененыя, каб дэлегаты маглі галасаваць свабодна, а не паводле вынікаў праймэрыз у іх штаце.
Паведамляецца, што ў залі, дзе праходзіць зьезд, пачаўся сапраўдны хаос — апанэнты Трампа рабілі заклікі да розуму і сумленьня партыі, прыхільнікі кандыдата крычалі «мы хочам Трампа» і гулі. Старшыня зьезду кангрэсмэн Стыў Ўормак у замяшаньні пакінуў сцэну — пазьней вярнуўся для паўторнага галасаваньня па тым самым пытаньні — і пасьля крыкаў «за» і «супраць» з абодвух бакоў абвясьціў, што дзейныя правілы былі зноў зацьверджаныя галасаваньнем. Спроба ўнутрыпартыйнага перавароту правалілася.
Яшчэ існуе мізэрная імавернасьць, што Трамп не набярэ паловы галасоў дэлегатаў і тады сапраўды магчымае зьяўленьне нечаканых кандыдатаў і свабоднае галасаваньне за іх. Але, гледзячы па ўсім, гэтага не адбудзецца
Яшчэ існуе мізэрная імавернасьць, што Трамп не набярэ паловы галасоў дэлегатаў і тады сапраўды магчымае зьяўленьне нечаканых кандыдатаў і свабоднае галасаваньне за іх. Але, гледзячы па ўсім, гэтага не адбудзецца, пры нязьменных правілах галасаваньне дэлегатаў адлюструе галасаваньне на праймэрыз, дзе пераканаўчую перамогу атрымаў Трамп.
Апанэнты палітыка кажуць, што ён дыскрэдытуе партыю, адштурхоўвае ад яе вялікія і важныя групы выбаршчыкаў, што яго намінацыя — гарантыя перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Гілары Клінтан.
Аднак паводле апытаньняў разрыў не такі і вялікі. Прагнозы — справа няўдзячная, але відаць невялікая рызыка памыліцца, сказаўшы, што Дональд Трамп будзе намінаваны кандыдатам на прэзыдэнта ад рэспубліканскай партыі.
Карбалевіч: Звычайна, паводле амэрыканскай традыцыі, пасьля зьезду партыі, якая абвяшчае свайго кандыдата, ягоны агульнанацыянальны рэйтынг падвышаецца. Бо ўвага мэдыяў прыцягнутая да гэтай падзеі, і самі зьезды амэрыканскіх партый — гэта, хутчэй, шоў, якое павінна зрабіць піяр і даць дадатковыя галасы партыйнаму кандыдату. Гэтым разам на зьезьдзе рэспубліканцаў мы бачым ня шоў, а рэальную барацьбу з ужываньнем усіх, нават не зусім легітымных мэтадаў.
З аднаго боку, з гледзішча абстрактнага права, мяняць правілы па ходзе гульні — гэта няправільна. Зь іншага боку, гледзячы па ўсім, з кандыдатам Трампам рэспубліканцы ідуць да паразы. Апошнія сацыялягічныя апытаньні, якія я бачыў: Хілары Клінтан пераўзыходзіць Трампа на 13%.
Дональд Трамп адштурхоўвае менавіта тыя групы насельніцтва, якія неабходныя партыі для перамогі на наступных выбарах. Гэта жанчыны, этнічныя меншасьці і гішпанамоўныя выбаршчыкі
Мяне зацікавіў выступ на зьезьдзе дэлегата ад Вашынгтону Крыса Гэманда, які, мне падаецца, быў вельмі знамянальны. Ён сказаў, што Дональд Трамп адштурхоўвае менавіта тыя групы насельніцтва, якія неабходныя партыі для перамогі на наступных выбарах. Гэта жанчыны, этнічныя меншасьці і гішпанамоўныя выбаршчыкі.
Тут цікава тое, што менавіта гэтыя катэгорыя выбаршчыкаў былі асноўным электаратам дэмакратычнай партыі. А за рэспубліканцаў ў асноўным галасавалі белыя пратэстанты, на якіх у асноўным і трымаюцца кансэрватыўныя каштоўнасьці ЗША. Але, бачыце, апошнімі гадамі дэмаграфічныя працэсы вядуць да таго, што традыцыйны электарат рэспубліканцаў зьмяншаецца. І дзеля перамогі трэба ісьці на электаральнае поле дэмакратаў.
Лексыкон амэрыканскай палітыкі
ЛЕКСЫКОН АМЭРЫКАНСКАЙ ПАЛІТЫКІ
Усё, што трэба ведаць пра амэрыканскія выбары і палітычную сыстэму
Штаты-арэлі - Паліткарэктнасьць - Лібэртарыянцы - Пандыт - палітычны сувэнір - Con-man -Main street - Гішпапанамоўныя выбарнікі - Сінія сабакі - Супэрдэлегаты - «Карэнныя амерыканцы» - Нацыянальныя зьезды - Біблейскі пояс - Аёва - Тэледэбаты - Абяцаньні ў пісьмовай форме - Кокусы -Падтрымка - Сурагаты - Футбольныя мамы - Barnstorming - Джо-вадаправодчык - Кармушка - Lame Duck - Зорна-паласаты сьцяг - Аслы і сланы - Super PACА Трамп зь ягоным іміджам гэтую задачу вырашыць няздольны. Бо, як кажа дэлегат Гэманд, у Трампа жудасны рэйтынг сярод гэтых групаў насельніцтва. Больш таго, Трамп ператварыў варожае стаўленьне да жанчын і меншасьцяў у брэнд Рэспубліканскай партыі. Таму такія жарсьці на зьезьдзе.
Дракахруст: Не зусім згодны. Бывалі выбары, калі кандыдат ад той ці іншай партыі быў абсалютна відавочна правальным, ён прайграваў свайму апанэнту. Можна прыгадаць выбары 1996 году — Клінтан-Доўл, калі Боб Доўл прайграваў Білу Клінтану ў рэйтынгах увесь час. Але тады такіх скандалаў на рэспубліканскім зьезьдзе не было.
Так што мне здаецца, справа ўсё ж ня ў тым, што Трамп прайграе Клінтан, а ў тым, што яго погляды проста супярэчаць маральным і палітычным прынцыпам значнай часткі рэспубліканскай партыі. Вось у гэтым прычына.
Цыганкоў: Яго прынцыпы і памкненьні супярэчаць прынцыпам і памкненьням значнай, калі ня большай, часткі істэблішмэнту Рэспубліканскай партыі. Але выбары, праймэрыз, паказалі, што яны, аднак, вельмі добра знаходзяць падтрымку ў шараговых выбаршчыкаў.
14 мільёнаў амэрыканцаў падтрымалі Трампа падчас праймэрыз, і нельга праігнараваць іх меркаваньні. Пытаньне ў тым, ці магчыма мяняць правілы гульні падчас самой гульні
Як было сказана на зьезьдзе, 14 мільёнаў амэрыканцаў падтрымалі Трампа падчас праймэрыз, і нельга праігнараваць іх меркаваньні. Пытаньне ў тым, ці магчыма мяняць правілы гульні падчас самой гульні. Ва ўсіх папярэдніх выпадках дэлегаты зьездаў, прынамсі ў апошнія дзесяцігодзьдзі, фармальна фіксавалі тое, за што прагаласавалі выбаршчыкі іх партыяў падчас праймэрыз.
Але падчас падрыхтоўкі сёлетняга зьезду гучалі галасы, што на ім усё будзе не так. Нават сам Трамп у сваім Твітэры напісаў, што калі яго на зьезьдзе ня выберуць, калі дэлегаты прагаласуюць ня так, як ім сказалі іх выбаршчыкі, то гэта будзе бунт.
І магчыма ён меў рацыю, бо большасьць выбаршчыкаў Рэспубліканскай партыі магла б не дазволіць, каб меншасьць, маніпулюючы правіламі, пайшла насуперак волі большасьці. Такое нелегітымнае рашэньне было б яшчэ горшым для Рэспубліканскай партыі, яно б азначала, што дзейнічае ўжо не дэмакратыя, а нейкія закулісныя інтрыгі і незаконныя мэтады. Нягледзячы на ўсю непрывабнасьць для некага фігуры Трампа, яго абраньне на зьезьдзе Рэспубліканскай партыі ёсьць меншае зло.
Карбалевіч: Юры, калі ідэалёгія Трампа супярэчыць традыцыйным каштоўнасьцям рэспубліканцаў, то якім чынам Трамп атрымаў перамогу менавіта ў рэспубліканскім асяродзьдзі?
Дракахруст: Я казаў пра значную частку рэспубліканскай партыі. Зразумела, большасьць Рэспубліканскай партыі за Трампа, але іншая частка, таксама немалая, і ня толькі істэблішмэнт, проста цярпець яго ня можа, лічыць яго маральным, палітычным ворагам. Такое рэдка бывала ў гісторыі, калі кандыдат выклікаў такую рэзкую палярызацыю ў сваёй партыі.