Навіна пра адхіленьне зборнай Беларусі ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях прыйшла менш за месяц да пачатку Алімпійскіх гульняў у Рыё-дэ-Жанэйра.
На думку галоўнага трэнэра зборнай па веславаньні на байдарках і каноэ, абгрунтаваньне дыскваліфікацыі мужчынскай зборнай краіны на адзін год за парушэньне антыдопінгавых правілаў, у прыватнасьці ўжываньне забароненага зь 1 студзеня 2016 году мэльдонію, — гэта «развод для першаклясьнікаў», перадае БелаПАН.
«Ня ведаю, чым яны думалі. Гэта — службовае злачынства групы асобаў у складзе пяці чалавек. Шантаж і паклёп», — лічыць Шантаровіч, вядомы ў спартовым сьвеце сваімі вострымі выказваньнямі.
Шантаровіч таксама выказаўся за тое, каб кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі каноэ і яго бліжэйшыя памочнікі былі арыштаваныя па прыезьдзе ў Беларусь і «атрымалі ганьбу».
Ён заклікаў СМІ не займацца «гнілой філязофіяй», а задаваць пытаньні кіраўнікам міжнароднай фэдэрацыі.
«Сем спартоўцаў, якіх адхілілі, — яны наогул не пры справах. Як ім жыць, карміць сем’і?» — заявіў трэнэр.
Як адзначыў памочнік прэзыдэнта па пытаньнях фізычнай культуры, спорту і разьвіцьця турызму, першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Максім Рыжанкоў, чыноўнікі міжнародных фэдэрацый сядзяць там дзесяцігодзьдзямі і «парасьлі мохам».
Забарону мэльдонію ён назваў адным з элемэнтаў барацьбы фармацэўтычных кампаній.
«Не падабаецца, што ў Латвіі ёсьць фірма, якая выпускае папулярны прэпарат. Трэба, каб перамагалі амэрыканцы, каляамэрыканцы, эўрапейцы», — сказаў Рыжанкоў.
Чэмпіён (2008) і срэбны прызэр (2012) Алімпійскіх гульняў Аляксандар Багдановіч адзначыў, што за 21-гадовую кар’еру ня здаў ніводнага станоўчага тэсту.
«Так, мэльдоній прымалі, але мы ня ведалі тэрмінаў яго вываду з арганізму. У мяне была дапушчальная доза, яна не выклікала боязі. Не разумею, чаму я вінаваты, за што не пускаюць на Алімпійскія гульні», — сказаў ён.
28-31 ліпеня ў Менску пройдзе Чэмпіянат сьвету сярод юніёраў і юнакоў па веславаньні на байдарках і каноэ. Арганізатары маюць намер скараціць да неабходнага мінімуму выдаткі на кіраўнікоў ICF, якія прыедуць на спаборніцтвы.