Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне, верагодна, стане «вундэркінд» з МЗС


Дзяніс Сідарэнка
Дзяніс Сідарэнка

На пасаду амбасадара Беларусі ў ФРГ разглядаецца кандыдатура кіраўніка ўпраўленьня агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў 40-гадовага Дзяніса Сідарэнкі.

Паводле крыніцаў Свабоды, кандыдатура Сідарэнкі ўжо ўзгодненая. Болей за тое, нямецкі бок нават даслаў агрэман, што азначае згоду прыняць гэтага чалавека амбасадарам у Бэрліне.

Аднак даць 100% гарантыі, што менавіта Дзяніс Сідарэнка ачоліць амбасаду ў Нямеччыне, пакуль нельга, бо ў гісторыі беларускай дыпляматыі было некалькі выпадкаў, калі ў падобных сытуацыях справа ў апошні момант зрывалася. Так было, напрыклад, з прызначэньнем амбасадарам у тую ж Нямеччыну былога дэкана факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ Аляксандра Шарапы. На яго таксама прыйшоў агрэман, спадар Шарапа ўжо зьбіраў рэчы, але ў апошні момант ягоная камандзіроўка ў Нямеччыну не адбылася.

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

«Нямеччына для Беларусі ня проста адна з эўрапейскіх краінаў, — гаворыць Свабодзе міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Нямеччыну называюць лякаматывам Эўропы, а канцлера Мэркель — гаспадыняй Эўропы. Таму для афіцыйнага Менску вельмі важна, хто будзе прадстаўляць яго ў Бэрліне. Узорам для Сідарэнкі мусіць стаць экс-амбасадар у Нямеччыне Ўладзімер Скварцоў — былы прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі, які цяпер ачольвае амбасаду Беларусі ў Ізраілі. Ён пасьпяхова працаваў на нямецкім кірунку і лічыцца адным з самых прафэсійных беларускіх дыпляматаў.

З другога боку, і Беларусь для Нямеччыны таксама не шараговая краіна, улічваючы гістарычнае мінулае. У Менску і Бэрліну, можна казаць, асаблівы характар дачыненьняў.

Вакансія ў Бэрліне адкрытая ўжо восем месяцаў. Былі нават чуткі, што туды могуць накіраваць дыплямата больш высокага рангу, чым начальнік упраўленьня МЗС. Але зьяўленьне ў Нямеччыне маладога для такой пасады чалавека мусіць паказаць зьнешнепалітычнаму ведамству Нямеччыны і міжнародным эўрапейскім структурам, што ў Беларусі нібыта абнаўляецца і эўрапейская, і кадравая палітыка».

Калі напрыканцы 90-х гадоў Дзяніс Сідарэнка стаў працаваць у зьнешнепалітычным ведамстве, яго хутка пачалі называць вундэркіндам, бо ён вылучаўся сваім уменьнем ахапіць праблему. Сідарэнка быў намесьнікам кіраўніка сталай дэлегацыі Беларусі пры сталай Радзе АБСЭ ў Вене, начальнікам аддзелу АБСЭ і Рады Эўропы ў апараце МЗС, а з 2013 году ачольвае ўпраўленьне агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва.

Месца амбасадара Беларусі ў Нямеччыне вакантнае ад 17 лістапада мінулага году, калі памёр тагачасны кіраўнік дыпмісіі Андрэй Гіро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG