Актывісты аргкамітэту БХД зладзілі ў Жыровіцах пікет па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты парлямэнту Алеся Масюка.
Пікет пад партыйным бел-чырвона-белым сьцягам БХД стаяў побач з Сьвята-Ўсьпенскім саборам — адной з найвялікшых сьвятыняў праваслаўных беларусаў. Шмат вернікаў, паломнікаў спыняліся пагутарыць з пікетоўцамі, падпісваліся за Алеся Масюка, а таксама пад пэтыцыяй супраць абортаў. Падыходзілі нават сьвятары, некаторыя зь якіх пакідалі свае подпісы.
Як распавёў Свабодзе прэтэндэнт у кандыдаты, настаўнік Алесь Масюк са Слоніму, мэтай пікету ў Жыровіцах была папулярызацыя дзейнасьці БХД:
«Жыровіцы — гэта сымбалічнае месца, бо мы хрысьціянскія дэмакраты. Сёньня нядзеля, сюды прыяжджаюць людзі з розных гарадоў. Апроч таго, што яны могуць падпісацца за маё вылучэньне, ёсьць мажлівасьць больш даведацца пра каштоўнасьці Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі».
Апроч самога патэнцыйнага кандыдата агітаваў падпісацца за яго вылучэньне сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:
«Стратэгія БХД на гэтых выбарах — вылучыць моцных кандыдатаў, каб яны атрымалі падтрымку беларускага народу і правесьці добрую кампанію назіраньня. Пройдуць у „палатку“ толькі прызначаныя апазыцыянэры, і беларускія ўлады будуць выдаваць двух-трох чалавек за апазыцыю ў парлямэнце і казаць, што выбары сумленна прайшлі. Мы павінны зламаць гэты сцэнар. І, галоўная нашая задача — гэта праца зь людзьмі».
Віталь Рымашэўскі падкрэсьліў сымбалізм пікету ў Жыровіцах для БХД і распавёў, што падобныя акцыі будуць тут ладзіцца рэгулярна.