Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: Без Айчыны няма чалавека


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Уладзімеру Някляеву — 70. Для пісьменьніка і палітыка век зусім не пэнсійны. Як захаваць сяброў у літаратуры і палітыцы, якой мусіць быць паэзія ў эпоху відовішчаў, і чаму беларускія чыноўнікі за дзяржавай ня бачаць Айчыны? Юбіляр — госьцем перадачы.

— Уладзімер Пракопавіч, днямі выйшла ў сьвет ваша новая кніга — «Толькі вершы». Фактычна гэта кніга прысьвячэньняў, бальшыня твораў у ёй прысьвечаная вашым блізкім і сябрам. Каб столькі сяброў пад адной вокладкай на сваё сямідзесяцігодзьдзе сабраць, столькі сяброўстваў праз жыцьцё захаваць, якія якасьці трэба мець?

— Трэба проста хацець тыя сяброўствы захаваць. Я з маладосьці памятаю пачуцьцё цэхавасьці, трымценьне ад таго, што мы, паэты, зьбіраемся ў сваім коле, у застольлі ці на нейкай літаратурнай імпрэзе, ці ў вандроўку нейкую выбіраемся разам. І гэтае адчуваньне я пранёс сапраўды праз усё жыцьцё, як мару. Я шмат якія праекты рабіў, каб спраўдзіць гэтае адчуваньне. Скажам, часопіс «Крыніца», які істотна паўплываў ня толькі на літаратуру, але і на саму атмасфэру канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Гэта таксама была мая мара пра пісьменьніцкую еднасьць. На жаль, яна не зусім спраўдзілася.

— «Не абрастай сябрамі — прададуць», — казаў народны паэт Пімен Панчанка будучаму народнаму паэту Рыгору Барадуліну. А вас часта сябры прадавалі?

— Так, здрады здараліся. Але, пражыўшы столькі гадоў, я прыйшоў да высновы, што людзей трэба любіць, часам нават празь сілу. І не рабіць таго, за што яны цябе не любілі б. Гэта значыць, найперш, не прадаваць іх ні ў чым — ні ў каханьні, ні ў сяброўстве, ні ў прафэсіі, ні ў працы. Здрада — самая жудасная рэч, якую я ў жыцьці зьведаў, і зь якой ніколі не зьміруся. Праўда, з гадамі пачынаеш па-другому глядзець на некаторыя рэчы. Тыя людзі, якія лічаць, што яны табе ня здрадзілі, таксама маюць рацыю. Бо разыходжаньні нашыя адбыліся ня толькі па іх, але і па маёй віне. Сёньня я шмат што зрабіў бы інакш, а галоўнае — цяпер я так не крыўдаваў бы.

— Дык вы ўсім гатовыя дараваць ранейшыя крыўды?

Мне часта робяць такія закіды: што ты ўсё з гэтымі сексотамі, стукачамі ў палітыцы высьвятляеш?

— Ні ў якім разе — я не ўсёдаравальнік. Якраз на сёньняшні дзень я займеў значна больш непрыяцеляў, чым раней. Проста гэтыя людзі стаяць на шляху, выбачай за банальшчыну, да мары майго жыцьця. А мара майго жыцьця — гэта беларуская мара, каб у Беларусі была Беларусь. І гэтыя людзі застануцца маімі непрыяцелямі да майго апошняга дня. І я ніколі зь імі не зьміруся, як не зьміруся і з тымі, хто па натуры сваёй здраднік. Мне часта робяць такія закіды: што ты ўсё з гэтымі сексотамі, стукачамі ў палітыцы высьвятляеш? Але я раблю тое, што не магу не рабіць. У мяне зь дзяцінства нянавісьць да розных даносчыкаў. Усе нашы драмы сямейныя палягалі на тым, што на бацьку бясконца пісалі даносы. Праз тыя даносы яго выключалі з партыі, арыштоўвалі, і калі ён вяртаўся пасьля ўсіх высьвятленьняў дахаты, то злосьць спаганяў на сям’і — на маці, на мне. Бацька крычаў, страляў (у яго быў пісталет): «Гэтыя сукі, гэтыя сексоты, гэтыя стукачы!» Ува мне гэта адклалася і захоўваецца. Я разумею, гэта адна з праяваў жыцьця, яе ня можа ня быць, але я ўсё раблю дзеля таго, каб яе не было.

— Сьветлай памяці Генадзь Бураўкін казаў, што пасьля сыходу Рыгора Барадуліна беларускім паэтам № 1 стаў Някляеў. У свой час Барыс Пастэрнак радаваўся, калі гэты парадкавы нумар зьнялі зь яго і прыставілі да Маякоўскага. А вам хочацца быць першым? Ці ўвогуле кожны паэт павінен гэтага хацець?

З Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным. Фота С. Шапрана
З Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным. Фота С. Шапрана

— Дык кожны паэт і ёсьць першы. Больш за тое, кожны чалавек ёсьць першы. І апошні. Калі сышлі мае старэйшыя сябры, спачатку Рыгор Барадулін, а за ім Генадзь Бураўкін, мне проста невыносна было. Я начамі ня спаў, так усё балела, было адчуваньне, што я застаўся на гэтым сьвеце сірацінай. А пасьля я пачаў думаць, што яны, пражыўшы, зрабілі пэрсанальна для мяне — сяброўствам, вершамі, застольлямі нашымі, усім тым, што ёсьць наша супольнае жыцьцё. І мяне паступова пакінула адчуваньне страты, замест яго зьявілася адчуваньне ўдзячнасьці. З гэтым адчуваньнем да іх я цяпер і жыву.

— У Беларусі практычна няма кніжнага рынку, як, скажам, у Расеі ці ва Ўкраіне. А значыць — літаратура ня корміць. Так ёсьць. Але так было і раней. Скажам, Моцарту і Баху ганарары за музыку плацілі ў тым ліку дровамі і півам. А вы чым хацелі б атрымліваць плату за свае творы?

— Кожная праца павінна ацэньвацца, гэта натуральна. Праца інтэлектуальная — перш за ўсё. Але ў нашым грамадзтве існуе меркаваньне, што калі чалавек ляжыць на канапе з гусіным пёркам у руках (так уяўляюць паэта з XVIII стагодзьдзя), то ён нічога ня робіць, і яму нічога за гэта ня трэба плаціць. Але ёсьць і іншыя прыклады. Скажам, Пушкін атрымліваў за кожны радок па залатым чырвонцу. За свае ганарары ён дроў і піва мог купіць колькі заўгодна, па скон жыцьця мог тым півам сяброў частаваць. Сёньня беларускаму паэту наогул не выпадае гаварыць пра нейкі заробак. Прынамсі, я апошнім часам за свае кнігі і публікацыі ніякіх ганарараў ня меў. Да гэтага, між іншым, лёгка прызвычаіцца.

З Героем Украіны пісьменьнікам Юрыем Мушкетыкам на 200-х угодках Тараса Шаўчэнкі. Чаркасы, 2014 год
З Героем Украіны пісьменьнікам Юрыем Мушкетыкам на 200-х угодках Тараса Шаўчэнкі. Чаркасы, 2014 год

— І робіцца дастаткова чытацкай удзячнасьці?

— Дастаткова таго, што Бог яшчэ дае табе нешта напісаць. Дастаткова таго, што ёсьць магчымасьць гэта выдаваць. Дастаткова таго, што на сустрэчу з табой прыходзяць некалькі соцень тваіх чытачоў.

— Каб прыцягнуць увагу да паэзіі, сёньня моладзь ладзіць розныя флэшмобы, слэмы, яшчэ нешта — каб было відовішча. Гэта не прыніжае паэзію?

Спорт — відовішча, палітыка — відовішча, вось і паэзія мусіць быць відовішчнай.

— А чаму відовішча павінна прыніжаць паэзію? Ня трэба зь яе рабіць нешта большае, чым яна насамрэч ёсьць. Сёньня безь відовішчаў нічога не абыходзіцца. Спорт — відовішча, палітыка — відовішча, вось і паэзія мусіць быць відовішчнай. Калі ты выпадаеш з агульнага кантэксту, цябе проста ніхто не заўважае. Таму я разумею моладзь. Навошта я ў дастаткова маладым узросьце папёрся ў Маскву і ўшчаміўся ў кагорту эстрадных паэтаў? Бо зразумеў, што кніжка выйшла — добра, але гэтага табе не хапае, гэта цябе не задавальняе. А вось паэтычныя чытаньні на стадыёне — гэта відовішча. Дзесяць тысячаў слухачоў, конная міліцыя, коні парай дыхаюць, хвастамі махаюць — гэта ж відовішча! А ты ідзеш кум каралю паміж конскімі азадкамі. Так што я і слэмы прымаю, і сам на іх хаджу, праўда, удзелу ўжо не бяру. Таму што ў свой час набраўся.

— Неяк госьцем «Вольнай студыі» быў выдатны латыскі паэт Улдзіс Бэрзыньш. Мы зь ім потым доўга гутарылі, і мне запомніліся словы чалавека, які пераклаў на родную мову Біблію і Каран: «Закончылася ўсё, засталіся толькі я і Бог». А вам такое адчуваньне знаёмае?

— Так ці інакш чалавек ідзе да адчуваньня таго, што ў гэтым сьвеце ёсьць толькі ён і Бог. Неяк я напісаў, што чалавек ёсьць рух Бога ў ім. Я напісаў так не таму што гэта прыгожа выглядае, а таму, што я так адчуваю. І гэта непазьбежны шлях для кожнага чалавека. Сёньня, бадай што, большасьць маіх сяброў прызнаецца мне ў тым, што яны між сабой сябруюць празь сілу. Раней я панічна баяўся такога стану. Памятаю, выдатны расейскі паэт Аляксандар Межыраў зьяжджаў у ЗША, дзе ён потым і памёр. І я спытаўся: «Што гэта вы надумалі зьехаць адтуль, дзе вас мільёны людзей любяць і чытаюць? Там жа нічога падобнага ня будзе». І Межыраў адказаў: «А мне ўжо ўсё роўна». Мы ведаем прыклады з гісторыі, калі геніяльныя, вядомыя на ўвесь сьвет мастакі, літаратары, музыкі зьяжджалі на нейкія выспы, зьбягалі ад таго, што здавалася славай, а пасьля стала тлумам. Але ніколі не зразумее гэтага той, хто ў жыцьці тае славы хоць бы не паспрабаваў.

На ўгодках БНР зь Вітаўтам Кіпелем і Янкам Запруднікам. Нью-Ёрк, 2016 год
На ўгодках БНР зь Вітаўтам Кіпелем і Янкам Запруднікам. Нью-Ёрк, 2016 год

— Вы ж паспрабавалі. На выспу зьбіраецеся?

— Не, мая выспа — Беларусь. Яна мае свае межы — ад Смаленску да Вільні, і я з гэтай выспы на нейкую меншую зьяжджаць не зьбіраюся.

— Разбураюцца помнікі архітэктуры, забываюцца героі, памірае ўсё, што жыве. Адзінае бясьсьмерце любога народу — у яго мове. Можа быць, мы за сваю мову так змагаемся, што другога бясьсьмерця ў нас няма?

Я адказваў: «Не, змушаць я вас ня буду, страляць ня буду, але настойліва (слова „настойліва“ прамаўлялася з адпаведнай інтанацыяй) прасіць вас быць беларусамі я абавязкова буду».

— Я б ня ставіў так пытаньне, што Беларусь — гэта толькі мова. Нельга адносіць да беларушчыны толькі беларускамоўнае. Але змагацца за беларушчыну неабходна. Мы не павінны аслабляць энэргетычны напор у гэтым накірунку, мы мусім людзям даводзіць, што толькі так яны змогуць уратавацца, застацца ня толькі беларусамі, але і людзьмі, застацца ў родзе сваім. Так застацца, каб нашчадкі некалі сказалі: «Вось наш бацька, дзед, прадзед зрабілі тое і тое, з чаго вырасла сёньняшняе». Іхняе сёньняшняе — наша заўтрашняе, наша Беларусь. І я раблю ўсё дзеля таго, каб яна была. Калі ў 2010 годзе праходзіла прэзыдэнцкая кампанія, у мяне не было ніводнай сустрэчы, на якой не спыталіся б: «А калі станеце прэзыдэнтам, вы будзеце змушаць нас гаварыць па-беларуску?» І я адказваў: «Не, змушаць я вас ня буду, страляць ня буду, але настойліва (слова „настойліва“ прамаўлялася з адпаведнай інтанацыяй) прасіць вас быць беларусамі я абавязкова буду». І аднойчы адзін мужык устаў і сказаў: «Уладзімер Пракопавіч, вы слова настойліва прамаўляеце так, нібыта ў вас у руках пісталет».

— Дзяржава і без пісталета народ ад мовы адвучыць.

— Ды надакучыла ўжо чуць ад прадстаўнікоў улады: «Мы будзем мацаваць нашу дзяржаву». Задушыліся б вы з вашай дзяржавай! Якая ў вас дзяржава?! Ёсьць Айчына! Вось што насамрэч ёсьць. Што ваша дзяржава? Сёньня адна, заўтра іншая. А бацькі — тыя ж, дзяды і прадзеды тыя ж, зямля тая, вада тая, нябёсы тыя ж, Бог той жа! І ўсё гэта — Айчына. А без Айчыны няма чалавека. І на маё разуменьне, прадстаўнікі ўлады, якія не разумеюць, што такое Айчына, — не людзі. Прызнацца, я доўгі час лічыў іх няшчаснымі, пазбаўленымі нечага ў дзяцінстве. А потым зразумеў, што яны — проста ворагі.

Уладзімер Някляеў зь беларускімі артыстамі Аляксандрам, Вольгай і Валянцінай Пархоменкамі ў Нью-Ёрку. 2016 год
Уладзімер Някляеў зь беларускімі артыстамі Аляксандрам, Вольгай і Валянцінай Пархоменкамі ў Нью-Ёрку. 2016 год

— Мне запомніліся радкі Чэслава Мілаша: «Вярнуўся з Тэхасу, чытаў там вершы. Нідзе так добра ня плацяць за вершы, як у Тэхасе». Вы таксама нядаўна чыталі вершы і лекцыі ў ЗША. Пра ганарары пытацца ня буду, але што хочуць пачуць сёньня на Захадзе ад беларускага паэта?

— Я ўпершыню пабываў у ЗША, хоць езьдзіў туды і раней. Раней было так: самалёт — гатэль — паўгадзіны пагаліцца — нейкі офіс Дзярждэпу — яшчэ нейкі офіс — зноў гатэль — прыём, і так тры дні. А на чацьвёрты — гуд бай, Амэрыка. Гэтым разам усё было інакш, і я ўразіўся той энэргетыкай, якая адчуваецца ў гэтай краіне. Усё рухаецца, усе расы — жоўтая, белая, чорная, усё нібы сплеценае ў клубок, як маланка шаравая — уніз-уверх, уніз-уверх. Асабліва ў буйных мэгаполісах, скажам, у Нью-Ёрку. Горад гэты ўвесь вэртыкальны, ён прымушае цябе рухацца толькі ўверх. Я выступаў у амэрыканскіх унівэрсытэтах і расказваў пра Купалу (перад гэтым папрасіўшы перакласьці яго вершы). Я там расказваў пра Багдановіча, пра нашых геніяльных празаікаў — Кузьму Чорнага і Максіма Гарэцкага, расказваў пра Быкава. Я спрабаваў з дапамогай аднаго амэрыканца паказаць іншым амэрыканцам такую зьяву, як Барадулін. У іх няма такой паэзіі, там яна даўно скончылася. Доўга гэты працэс цягнуўся. Але калі амэрыканцы дапялі, што дзівосная паэзія Барадуліна трымаецца на гуках і іх спляценьнях, больш там нічога няма, то ў нейкі момант яны ўсталі і зладзілі авацыю! Усім нам трэба найперш у сабе адчуваць каштоўнасьць і вартасьць свайго беларускага жыцьця, і тады нас зразумеюць і другія народы, нават амэрыканцы, якія пра нас да гэтай пары нічога ня ведалі.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG